Старшыня незарэгістраванай “Партыі Свабоды” Сяржук Высоцкі мае намер зьвярнуцца ў пракуратуру, каб яму далі афіцыйнае тлумачэньне наконт інцыдэнту на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Сёньня ўначы на беларуска-ўкраінскай мяжы памежнікі вывелі апазыцыянэра зь цягніка і трымалі некалькі гадзін у дзяжурнай частцы. У пашпарт яму паставілі штамп, які забараняе яму пакідаць межы Беларусі.
Гаворыць Сяржук Высоцкі:
“Мне заявілі, што я не праходжу па трох кодах. Што яны маюць на ўвазе, я ня ведаю. Я хадзіў у АВІР і ўзяў там даведку пра тое, што мне дазволены выезд. Сказалі, што ў АВІРы можа быць адно, а ў нас зусім іншае”.
Сп.Высоцкі лічыць, што дзеяньні ўладаў парушаюць ягоныя фундамэнтальныя правы.
“Складаецца такое ўражаньне, што я трапіў у такую турму пад назовам “Дзяржава Беларусь”. Як бачу, гэта новая форма блякаваньня людзей. Парушаны мае правы. Парушылі мае пляны: у мяне ёсьць запрашэньне ад польскіх калегаў. Я не змагу сустрэцца з маімі партнэрамі ва Ўкраіне.
Я працую ва Ўкраіне. Мяне пазбавілі ня толькі палітычных кантактаў, але й сродкаў для існаваньня. Перад выбарамі такі шарж — дэмакратызацыя па-лукашэнкаўску”.
10 ліпеня Сержука Высоцкага на трое сутак затрымалі ў сьледчым ізалятары КДБ, каб дапытаць у справе выбуху падчас сьвяточнага канцэрту. Ён паведаміў “Свабодзе”, што напрыканцы ліпеня ўзяў даведку ў аддзеле па справах міграцыі пра тое, што яму дазволены выезд за мяжу.
Кіраўнік аддзелу грамадзянства і міграцыі Савецкага раёну Менску Андрэй Кандраценка патлумачыў “Свабодзе”:
“Ён мог даведку атрымаць і ў ліпені, але пасьля таго нешта зьдзейсьніць. Ёсьць адпаведныя тэрміны для занясеньня ў базу. Цягам трох дзён уносяць. Вы гэтую даведку бачылі, якую мы яму давалі нібыта? Гаварыць можна ўсё што заўгодна. 643 указ прэзыдэнта. Там усё напісана. Мы ў гэтую базу нічога ня ўносім. Мы ёй толькі карыстаемся”.
Моладзевы актывіст партыі БНФ Франак Вячорка таксама мае адпаведны штамп у пашпарце. Некалькі дзён таму яго высадзілі з аўтобуса на беларуска-літоўскай мяжы. Прозьвішча Франка трапіла ў кампутарную базу пасьля таго, як ваенкамат Савецкага раёну спрабаваў забраць яго ў войска. Але нават пасьля таго, як яму далі даведку, што ён не прыдатны для службы ў войску, яго прозьвішча не сьпяшаюцца прыбраць з “чорнага сьпісу”.
“26 чысла мяне запрасілі ў ваенкамат на абласную камісію, якая мусіць пацьвердзіць альбо не пацьвердзіць вынікі майго мэдычнага абсьледаваньня. Нагадаю: мэдычнае абсьледаваньне паказала, што я не прыдатны да службы ў войску. Цяпер ніхто не гарантуе, што абласная камісія не “перадумае”. Таму рызыка патрапіць у войска ўсё яшчэ застаецца”, -- расказаў Франак Вячорка.
Актывісты дэмакратычнага руху не выключаюць, што ўлады будуць маніпуляваць “чорнымі сьпісамі”, каб такім чынам перашкаджаць актывістам кантактаваць з замежнымі партнэрамі.