Першым з грамадзкіх актывістаў пра немагчымасьць выезду за мяжу быў папярэджаны старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Палітыку паведамілі, што рашэньне прынятае на падставе крымінальнай справы, распачатай паводле абвінавачваньня ў паклёпе на прэзыдэнта ў 2004 годзе, пасьля інтэрвію Лябедзькі расейскай тэлепраграме “Зеркало” і публікацыі ў газэце “Народная воля”. Хоць справу і прыпынілі ў зьвязку зь немагчымасьцю сьледчых дзеяньняў, замежныя камандзіроўкі Лябедзьку забароненыя.
Анатоль Лябедзька заявіў, што меў перамовы з амбасадарамі ЗША і Францыі пра спробы ізаляцыі ня толькі грамадзка актыўных дзеячаў, але і ўсіх грамадзянаў Беларусі. Дыпляматы запэўнілі: праблема будзе ўздымацца ў часе дыялёгу ЗША і Эўразьвязу з афіцыйным Менскам. Сам Лябедзька дамагаецца сустрэчы з Генэральным пракурорам Пятром Міклашэвічам і міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. Ён будзе патрабаваць ад іх тлумачэньня статусу сваёй крымінальнай справы, якая, з аднаго боку, прыпыненая, а зь іншага — не дае права на выезд.
Маё тэлефанаваньне першаму беларускаму палітычнаму невыязному засьпела яго якраз у момант “развароту” зь беларуска-літоўскай мяжы:
“На практыцы адчуў, што такое сьпіс палітычных невыязных — іду зь мяжы пешшу на Менск. Сёньня спрабаваў праехаць беларуска-літоўскую мяжу — было заплянавана некалькі сустрэчаў, у тым ліку ў літоўскім парлямэнце. Прыехаў на мяжу, хвілінаў 40 шлі інтэнсіўныя кансультацыі — мяне выклікалі, выводзілі, выбачаліся, прасілі пачакаць. Але праз 40 хвілінаў абвясьцілі, што я не магу пераехаць мяжу, і паставілі ў пашпарт чатырохкутны штамп, а гэта фактычна забарона на выезд зь Беларусі. Так што мае перамовы і ўвогуле праблематыка, якую я ўздымаў, — гэта вельмі актуальна. Ня думаю, што я ў такой сытуацыі адзін, гэта можа аказацца досыць масавай зьявай нават паводле фармальных прыкметаў. Пасьля маршу прадпрымальнікаў узбуджаная крымінальная справа, 23 чалавекі былі на допыце. А значыць, можна і іх заносіць у сьпіс невыязных”.
Сытуацыю Лябедзька называе “чыстай палітыкай”. У папярэднія гады, пасьля ўзбуджэньня крымінальнай справы, ён атрымаў тры пашпарты і тройчы ставіў штамп дазволу на выезд. А пячатка, нагадвае палітык, рабілася толькі з дазволу КДБ.
Ці можна трапіць у сьпіс “імем рэвалюцыі”?
Адзін з адказных за ўкараненьне спрошчанай сыстэмы выезду за мяжу — першы намесьнік начальніка дэпартамэнта грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун. На пытаньне, ці апраўдала сябе за месяц дзеяньня сыстэма спрошчанага выезду за мяжу, ён адказвае сьцьвярджальна: “Цалкам!” А падвышэньне колькасьці тых, каго штодня заварочваюць зь межаў, тлумачыць так: раней людзі і без таго ведалі, што іх ня выпусьцяць, таму й не зьвярталіся ў АВІРы па дазвол. А цяпер шмат хто хоча “прарвацца на дурня”.
Выпадак зь Лябедзькам не адзінкавы. Аналягічнае паведамленьне атрымаў лідэр баранавіцкай суполкі “Малады фронт” Яраслаў Грышчэня, а моладзевага актывіста Барыса Гарэцкага зьнялі зь цягніка па дарозе ў Кіеў. Аляксей Бягун, аднак, ня бачыць у гэтым палітыкі:
“Ніякага палітычнага падтэксту тут быць ня можа. Ёсьць толькі канкрэтныя падставы, каб абмежаваць права грамадзяніна на выезд за мяжу. Калі такая падстава ёсьць, то ён пра гэта і сам ведае. Прыкладам, узбуджана крымінальная справа або ёсьць накладзенае судом абавязаньне перад дзяржавай ці юрыдычнай асобай, ад якога ён ухіляецца. А калі не — то якая тут палітыка? Іншымі словамі, проста так, “імем рэвалюцыі”, ніхто ў банк не ўнясе. Таму трэба гэта таксама разумець”.
За межы Беларусі можна выехаць праз Расею. Але спадар Бягун кажа, што неўзабаве гэтую “чорную дзірку” “апячатаюць”: адпаведныя расейскія службы завяршаюць стварэньне ўласнай базы невыязных (як кажуць спэцыялісты, нават яшчэ больш жорсткай,чым у Беларусі), пасьля чаго гэты аспэкт заканадаўства на тэрыторыі так званай Саюзнай дзяржавы будзе ў асноўных рысах уніфікаваны.
У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі “Аб спрашчэньні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь” абмяжоўваецца права на выезд для грамадзянаў — носьбітаў дзяржаўных таямніцаў, падазраваных ці абвінавачаных у крымінальных справах, для тых, хто ўхіляецца ад вайсковай службы і судовых абавязацельстваў. Паводле прыблізных зьвестак МУС, у сьпісе больш за 100 тысяч прозьвішчаў. Аднак лічба ўвесь час зьмяняецца, а ўзорны грамадзянін, які не пасьпеў заплаціць адміністратыўны штраф, умомант робіцца невыязным. Палітычна неляяльныя да ўладаў грамадзкія дзеячы не фігуруюць у ніводнай з катэгорыяў, аднак апазыцыйныя палітыкі ўсё часьцей трапляюць у “чорны” сьпіс”.