Паводле Лаўрова, некаторыя замежныя „апекуны” Грузіі рыхтуюць у гэтай краіне дывэрсійна-тэрарыстычныя групы, каб вярнуць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю.
Лаўроў таксама паведаміў, што Расея замацоўвае вайсковую прысутнасьць у гэтых двух рэгіёнах, незалежнасьць якіх Масква прызнала ў аднабаковым парадку пры канцы жніўня:
Eсё, што адбываецца ўнутры Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ужо ня мае дачыненьня да міратворчай дзейнасьці
Учора прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў дамовы аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Расеяй ды Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Мядзьведзеў таксама даў ясна зразумець, што Грузіі няма чаго разьлічваць на вяртаньне гэтых рэспублік:
Ілюзіі не павінна заставацца ні ў кога
Тымчасам сёньня ў Вене спыніліся перамовы паміж Расеяй і Арганізацыяй бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) аб разьмяшчэньні 80 няўзброеных вайсковых назіральнікаў ад АБСЭ ў зоне нядаўняга расейска-грузінскага канфлікту. Бакі не дамовіліся, дзе канкрэтна маюць знаходзіцца гэтыя назіральнікі.
Нагадаем, што ў новым пагадненьні аб замірэньні, якое Масква падпісала з Тбілісі пры пасярэдніцтве прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі 8 верасьня, знаходзіцца пункт аб разгортваньні як найменей 200 назіральнікаў ад Эўразьвязу ў гэтак званых „буфэрных зонах”, прылеглых да Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.