Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сарказі дамаўляецца пра вывад расейскіх войскаў з Грузіі


Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, 8 верасьня сустрэўся ў Маскве з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і стараўся яго пераканаць, каб Расея поўнасьцю рэалізавала дамову аб перамір’і з Грузіяй.

Мядзьведзеў паабяцаў Сарказі, што расейскія войскі пакінуць грузінскі порт Поці і прылеглую тэрыторыю на працягу сямі дзён, але толькі пасьля таго, як Грузія падпіша забавязаньне не ўжываць сілу супроць Абхазіі.

Мядзьведзеў і Сарказі таксама дамовіліся наконт вываду расейскіх войскаў з гэтак званых „буфэрных зонаў”, якія ахінаюць сэпаратысцкія рэгіёны Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Мядзьведзеў паведаміў журналістам:

"Поўны вывад расейскіх міратворчых сіл з зон, прылеглых да Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі на лінію, якая папярэднічала пачатку баявых дзеяньняў, будзе зроблены цягам 10 дзён пасьля разгортваньня ў гэтых зонах міжнародных мэханізмаў, улучна зь ня менш чым дзьвюма сотнямі назіральнікаў ад Эўразьвязу, што павінна наступіць не пазьней за 1 кастрычніка 2008 году з улікам юрыдычна абавязваючых дакумэнтаў, якія будуць гарантаваць невыкарыстаньне сілы супроць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі."

Мядзьведзеў таксама сказаў, што 15 кастрычніка ў Жэнэве павінны пачацца міжнародныя перамовы наконт канфлікту ў Грузіі, як гэта быдо запісана ў дамове аб спыненьні агню.

Паводле Мядзьведзева, рашэньне Масквы адносна прызнаньня незалежнасьці Абхазыі і Паўднёвай Асэтыі не падлягае ніякай дыскусіі.

Сарказі сказаў журналістам у Маскве, што размовы былі цяжкія, але дадаў, што дасягнуты істотныя вынікі:

„Я абсалютна прызнаю, што ня ўсе пытаньні былі вырашаныя. Але тое, што сёньня было вырашана, зьяўляецца значным.

У паездцы ў Маскву прэзыдэнта Сарказі суправаджалі прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях супольнай замежнай палітыкі і бясьпекі Хаўер Саляна.

У панядзелак Сарказі яшчэ ляціць у Тбілісі, каб пераказаць прэзыдэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі вынікі перамоваў у Маскве.

Варта нагадаць, што некалькі апошніх тыдняў Масква і Брусэль стараліся ўзгодніць розначытаньні дакумэнту аб спыненьні агню ў Грузіі ад 12 жніўня. Выглядае, што ў Маскве наступіў пэўны прагрэс у гэтым накірунку. Але пакуль нельга быць упэўненым, што ня ўзьнікнуць новыя непаразуменьні наконт таго, што Мядзьведзеў і Сарказі ўзгоднілі 8 верасьня ў Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG