Пра гэта 61-гадовы беларускі апазыцыйны палітык заявіў учора ўвечары ў Бэрліне. У нямецкую сталіцу ён быў запрошаны для ўдзелу ў традыцыйнай штогадовай імпрэзе грамадзка-палітычнай фундацыі імя Конрада Адэнаўэра.
Паводле Мілінкевіча, “сёньня, пасьля таго як пачаўся дыялёг паміж ЭЗ і Менскам, вы можаце заўважыць, што старая антыэўразьвязаўская прапаганда ў Беларусі проста зьнікла. Дзякуючы дыялёгу адбываюцца цікавыя, нечаканыя рэчы”.
Урады ЭЗ зь нядаўняга часу пачалі флірт зь Беларусьсю, якая мае рэпутацыю “апошняй дыктатуры Эўропы”: ім рупіць паспрыяць дэмакратыі ў 10-мільённай краіне, якая мяжуе з трыма сябрамі гэтага блёку. Сустрэча міністраў замежных спраў ЭЗ у Брусэлі 15 верасьня, пад уражаньнем выяўленага Расеяй апошнім часам агрэсіўнага стаўленьня да сваіх суседзяў, прапанавала аблегчыць санкцыі адносна Беларусі, калі выбары будуць адпавядаць міжнародным стандартам.
Як лічыць Мілінкевіч, ЭЗ павінен зацьвердзіць для Беларусі “дарожную карту рэформаў”, замест таго каб настойваць на выкананьні 12 патрабаваньняў. Ён перакананы, што “Брусэль павінен пачаць перамовы зь беларускімі ўладамі”, хоць “некаторыя і лічаць, што гэта падтрымка дыктатара. Але ж калі ЭЗ не распачне гэтага працэсу, шанец проста зьнікне”. Беларускі апазыцыйны палітык перасьцярог, што цяперашнія шэнгенскія візы для беларускіх грамадзянаў ізалююць яго суайчыньнікаў ад кантактаў з цывілізаваным сьветам. “Цяперашнія візавыя кошты — гэта кшталту Бэрлінскага муру”.
Пасьля канфэрэнцыі “За правы чалавека ва ўсім сьвеце” Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з бундэсканцлерам Ангелай Мэркель, якая таксама ўзяла ўдзел у імпрэзе фундацыі імя Адэнаўэра.