Ва Ўкраіну вярнуліся 189 палонных, паведаміў у сваім тэлеграм-канале прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Сярод іх вайскоўцы — абаронцы «Азоўсталі» і Марыюпалю, ЧАЭС, вострава Зьмяінага і вайскоўцы з розных кірункаў фронту. Сярод іх салдаты, сяржанты, афіцэры.
Таксама з палону вярнулі двух мірных жыхароў, захопленых у Марыюпалі.
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў рамках абмену Ўкраіна вярнула 150 расейскіх вайскоўцаў. Іх вывезьлі на тэрыторыю Беларусі, дзе ім «аказваюць мэдычную і псыхалягічную дапамогу, яны могуць зьвязацца са сваякамі».
Цікава, што расейскае ведамства пры гэтым паведаміла, што абмен правялі паводле формулы 150 на 150 і што ва Ўкраіну таксама вярнулі 150 украінскіх вайскоўцаў.
Сярод асобаў, перададзеных Расеяй ва Ўкраіну і Ўкраінай у Расею, беларусаў няма.
26 чэрвеня 2022 году ў баях пад Лісічанскам загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Вадзім Шатроў, Васіль Грудовік, а яшчэ два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў — трапілі ў расейскі палон.
Раней Украіна перадала Расеі беларусаў Максіма Запеку, Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі на баку Расеі.
Сёлета вясной ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус Яўген Камянькоў, які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку».
Некалькі дзён таму СМІ паведамілі аб яшчэ адным беларусе, які трапіў ва ўкраінскі палон. Імаверна мова ідзе аб 37-гадовым Артуры Яфрэмаве, які паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці. Улады Ўкраіны пакуль яўчэ афіцыйна не пацьвердзілі ягоны статус.
- Расея і Ўкраіна рэгулярна праводзяць абмены ваеннапалоннымі. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прайшло ўжо 59 такіх абменаў. 27 лістапада расейскае МЗС заявіла пра гатовасьць зрабіць самы буйны з пачатку вайны абмен палоннымі па формуле «630 на 630». Украінскі бок пакуль не камэнтаваў гэтую ініцыятыву.
- У чэрвені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сьцьвярджаў, што ва Ўкраіне ў палоне знаходзяцца 1348 расейцаў, а ў Расеі — 6465 украінцаў. У жніўні ў выніку прарыву Ўзброеных сіл Украіны на тэрыторыю Курскай вобласьці ў палон да УСУ трапілі сотні расейскіх салдат, у асноўным тэрміновай службы.
Форум