Паводле рашэньня, падпісанага судзьдзём Баразном, у задавальненьні пазову БТ вырашана адмовіць. Заўтра заканчваецца і тэрмін магчымага апратэставаньня ў Менскім гарадзкім судзе. Ці пойдзе на гэта 1 канал, я паспрабаваў высьветліць у юрыдычным упраўленьні тэлекампаніі. Віталя Бабанскага, які прадстаўляў кампанію, у Менску не аказалася. Ягоная ж калега Алена Камалінская адказала ўхіліста:
“Не, нічога ня ведаю, бо адказваю толькі за свой кавалак працы. У справы, якія Віталь вядзе, мы не ўнікаем звычайна...”
У судовым пазове, як адзначалася ў судзе, спадар Бабанскі дапусьціў фатальныя для Якушава недакладнасьці. Ён не ўказаў, што ў сьпевака сын, якому споўніўся год, ды жонка ў дэкрэтным адпачынку. А таксама тое, што працоўны стаж Юрыя складае амаль 11 год. Паводле ж заканадаўства, гэта дае права нават на прыватызацыю жытла. Апошнія два гады спадар Якушаў працуе ў фальклёрным калектыве, які часьцяком гастралюе за мяжой. Пра падзеі, што папярэднічалі суду, распавядае сам сьпявак.
“Трэба было ехаць у Нямеччыну на гастролі. Жонка ў мяне зь дзіцячага дому, была на трэцім месяцы цяжарнасьці. Ня мае ніякага жыльля. Інтэрнат павінен быў застацца за мной. На яе сталі аказваць маральны ціск і камэндант, і адміністрацыя – “вымятайся адсюль”. Яна званіла, плакала. Жыла ў майго сябра. Пасьля даведаўся, што мяне хочуць выпісаць з інтэрнату. І хоць я там ня жыў, каб я заплаціў за камунальныя паслугі за 2 гады! Хоць у маёй хаце пражывае чалавек, які за ўсё гэта плаціў. Фактычна хацелі выкінуць на вуліцу. Пасьля суду, калі пракурор запытала, ці ведаюць, што ня маюць права высяляць, юрыст заявіў: “Так, я пра ўсё гэта ведаю”. Камэндант жа прадставіла паперу, што мы выехалі зь інтэрнату самі. Мала таго, калі прыходзілі павесткі зьявіцца ў суд, камэндант усе павесткі адсылала назад...”
Я зьвязаўся па тэлефоне з камэндантам інтэрнату на вуліцы Гамарніка Тамарай Юрэвіч.
“Я іх ня мела права прымаць, – кажа Тамара Яфімаўна. – Яны адрасаваныя не камэнданту, а Якушаву, які тут не пражывае. У прынцыпе, маглі б адшукаць – ёсьць служба бясьпекі кампаніі, там да 70 чалавек колькасьць даходзіла. Хай зьвяртаецца у юрупраўленьне з просьбай засяліць яго. Але я думаю, што ня пойдуць яму насустрач. Вялікая чарга, і ўсіх, хто збоку, паўбіралі з інтэрната...”
Такім чынам, на сёньня Якушаў выселены, але ня выпісаны. Я спытаў Юрыя пра ягоную ацэнку сытуацыі ды далейшыя дзеяньні:
“Цынічна, што яны робяць. Выгналі зь дзіцём, жыць няма за што. Родных няма, каб дапамагчы, маці хворая. Ня хопіць зарплаты аплочваць кватэру ў Менску, якую зараз здымаю за горадам. Калі мірнага выйсьця не атрымаецца, я мушу падаваць у суд на НДТРК за неправамоцныя дзеяньні і патрабаваць маральную кампэнсацыю за тое, што два гады жыў на вуліцы. Буду змагацца за перамогу да канца. Абавязкова!”
Спадар Якушаў паведаміў, што асабіста ведае 8 такіх жа сяброў па няшчасьці – таксама выселеных былых супрацоўнікаў БТ. Аднак паколькі пераможны прэцэдэнт створаны, кажуць, што першы канал чакае яшчэ не адзін сустрэчны пазоў.