Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Гулак: Акруговыя камісіі шукалі любую зачэпку


Працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ня быў празрыстым. Пра гэта заявілі беларускія праваабаронцы, якія вядуць маніторынг выбарчай кампаніі.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі называе прагрэс на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах мізэрным. Ён лічыць, што ніякай значнай лібэралізацыі, пра якую гавораць улады, насамрэч не адбываецца. Свае разважаньні праваабаронца пацьвярджае лічбамі:

“365 прэтэндэнтаў у кандыдаты падалі дакумэнты на рэгістрацыю. 84-м адмовілі. Гэта 23% ад агульнай колькасьці. Працэнт надзвычай высокі. Нідзе ў суседніх краінах падобнага няма. А калі згадаць больш-менш дэмакратычныя выбары сярэдзіны 90-х гадоў, дык тады былі толькі адзінкавыя выпадкі адмоваў у рэгістрацыі”.

Спадар Бяляцкі кажа, што з агульнага ліку не зарэгістраваных сёлета кандыдатаў кожны трэці прыпадае на Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы і Эўрапейскую кааліцыю:

“Гэта надзвычай высокі працэнт нерэгістрацыі. І калі параўнаць яго з папярэднімі выбарамі ў 2004 годзе, калі ён складаў 40%, то ён зьменшыўся, але вельмі нязначна”.

Праваабаронца Алег Гулак цьвердзіць, што акруговыя камісіі шукалі любую зачэпку, каб адмовіць кандыдатам на дэпутацкія мандаты:

“Напрыклад, падстава для забракоўкі подпісаў, калі дату за грамадзяніна ставіў зборшчык подпісаў. Ніхто ня кажа пра тое, ці сапраўды дадзены чалавек падпісваўся за патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты. Гаворыцца толькі пра тое, што ёсьць фармальнае парушэньне. І ўся працэдура праверкі пабудаваная менавіта такім чынам”.

Праваабаронцы падкрэсьлівалі: назіральнікам у абсалютнай бальшыні выбарчых акругаў адмовілі ў праве прысутнічаць пры праверцы дакумэнтаў. Непразрыстасьць гэтай працэдуры яшчэ больш зьнізіла давер да выбарчага працэсу.

Сакратар ЦВКМікалай Лазавік кажа, што Цэнтравыбаркам будзе разьбірацца з кожнай скаргай незарэгістраваных прэтэндэнтаў на мандаты дэпутата. Незалежна ад таго, якіх прычынаў яна тычыцца:

“Аналізуючы скаргі на адмову ў рэгістрацыі, якія ўжо паступілі ў ЦВК, можна казаць, што ня толькі самі вылучэнцы дапускалі памылкі альбо парушэньні выбарчага заканадаўства, але часам і акруговыя камісіі бяз важкіх падставаў адмаўлялі ім у рэгістрацыі. І нам патрэбна будзе дэталёва разабрацца ў кожным выпадку і прыняць адпаведнае рашэньне”.

Спадар Лазавік сказаў, што скаргі на адмову ў рэгістрацыі ЦВК плянуе разглядаць, пачынаючы з 3 верасьня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG