Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны: удзельнічаць у выбарах ці не?


Палітычная рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў пастанавіла адкласьці да 21 верасьня рашэньне аб далейшым удзеле АДС у парлямэнцкай выбарчай кампаніі. Актывісты апазыцыі ў рэгіёнах абмяркоўваць гэта рашэньне.


“Я здымаю сваю кандыдатуру”

Сябра партыі БНФ, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Рэчыцкай выбарчай акрузе № 45 Валеры Пуціцкі заявіў сёньня “Свабодзе”:

“АДС (Аб’яднаных дэмакратычных сіл), як яны былі задуманы напачатку, цяпер няма. Ёсьць “левыя”, якія робяць няведама што, і ёсьць “правыя”, якія вырашылі здымацца з выбараў.
АДС, як яны былі задуманы напачатку, цяпер няма.

Я на сойме Партыі БНФ галасаваў, каб былі зьнятыя ўсе кандыдатуры. Таму што ў фарсе няма сэнсу ўдзельнічаць. Сябры маёй ініцыятыўнай групы добра разумеюць, у якой кампаніі яны бралі ўдзел. Афіцыйна выйду з выбараў у гэтыя дні”.

Валеры Пуціцкі 1967 году нараджэньня. Жыве ў Рэчыцы. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ. Скончыў Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Жанаты, гадуе дачку і сына.


“Ці ёсьць сэнс адмаўляцца ад удзелу ў выбарах?”

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, кандыдат у Палату прадстаўнікоў па Барысаўскай гарадзкой выбарчай акрузе № 62 Віктар Гарбачоў прысутнічаў на паседжаньні Палітрады АДС у Менску, выступаў там і галасаваў. Ён тлумачыць:


“Дзейнічаючы законнымі мэтадамі, а менавіта праз удзел у выбарчай кампаніі, толькі так мы можам прадэманстраваць народу, што ў краіне творыцца сваволя. Улада наш байкот праігнаруе, ад свайго не адступіць. Калі ня дзейнічаць, то ўсё гэта паўторыцца ў 2011 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах. То ці ёсьць сэнс цяпер адмаўляцца ад удзелу ў выбарах?”

Віктару Гарбачову — 43 гады. Ён скончыў Вышэйшую ваенную памежную вучэльню і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.


“Выконваю дысцыпліну ПКБ”

Першы сакратар Менскага абкаму Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Абразоўскі заявіў “Свабодзе”, што мусіць працягваць удзел у выбарах як давераная асоба некалькіх кандыдатаў ПКБ. А вось што кажа камуніст Абразоўскі пра рашэньне Аб’яднаных дэмакратычных сілаў наконт далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі:


“Я маю наконт гэтага асабістыя погляды. Выбары ўжо ня могуць лічыцца справядлівымі, бо ўлады, якія выкарыстоўваюць паўнамоцтвы, дадзеныя ім народам, гэты ж народ прыніжаюць. Ці ж можна дамаўляцца зь імі?! Частка людзей ужо адсечаная ад удзелу ў выбарах, іншую адлучаць неўзабаве. Ва ўлады толькі адзін прынцып: падзяляй і ўладар”.

Сяргею Абразоўскаму — 49 гадоў. Ён скончыў Менскі палітэхнікум, а пасьля — Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў на прадпрыемствах у Пухавіцкім раёне і ў Менску. Жанаты, мае двух сыноў. Узначальвае ініцыятыўную групу, якая выступае супраць будаўніцтва ў пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну хімічнага заводу прыватнай кампаніі “Август-Бел”.


“Гатовыя змагацца ў розных умовах”

Жыхар Берасьця, сябра Палітрады АДС Ігар Маслоўскі ў інтэрвію “Свабодзе” паведаміў, што сябры апазыцыі ў гэтым рэгіёне падтрымліваюць рашэньні АДС аб удзеле ў выбарах:
Мы за тое, каб змагацца ў розных умовах і змагацца да фінішу

“Ва ўсёй вобласьці мы за тое, каб змагацца ў розных умовах і змагацца да фінішу. Гэта наша кансалідаваная пазыцыя ў рэгіёне. У нас адбылося рэйтынгавае галасаваньне асобных кандыдатаў. І ўсе кандыдаты ад апазыцыі, якія прысутнічалі, аднагалосна выказаліся за змаганьне”.

Са словаў Ігара Маслоўскага, на Берасьцейшчыне плянуецца абраць 16 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Партыі БНФ, ПКБ, БСДП (Грамада), АГП і Лібэральна-дэмакратычная партыя маюць разам 13 кандыдатаў у дэпутаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG