Паводле нямецкага тэлеаглядальніка, цяпер Масква пачне ціснуць з прызнаньнем і на іншыя краіны, уцягваючы іх у гэтую халодную вайну. Размова, найперш, ідзе пра Беларусь, Сырыю, Кубу, Паўночную Карэю, Іран.
“Гэтая другая халодная вайна, як і многія іншыя гарачыя войны, а таксама першая халодная вайна, пачалася паступова. Масква ўбачыла ў спрэчным з гледзішча міжнароднага права прызнаньні незалежнасьці Косава карт-блянш для ўласных імпэрскіх намераў. Захад праігнараваў рашэньне Рады бясьпекі ААН № 1244, згодна зь якім гэтая правінцыя належыць Сэрбіі як правапераемніцы Фэдэратыўнай Югаславіі. Масква парушыла сувэрэнітэт і цэласнасьць Грузіі. Зразумела, канчатковы, небясьпечны сваімі наступствамі крок — увод войскаў у Паўднёвую Асэтыю — быў зроблены не без каманды грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі”, — піша ў сваім камэнтары Манфрэд Блескін.
“Што да пазыцыі іншых дзяржаў СНД, то яна, паводле нямецкага аглядальніка, пакуль няясная. Большасьць краін-удзельніц Садружнасьці паважалі фактычную незалежнасьць абедзьвюх непрызнаных рэспублік, тым ня менш яны будуць цягнуць з фармальным прызнаньнем. Што да Кітаю, зь якім Расея разам з Казахстанам, Кыргызстанам і Таджыкістанам мае ваеннае супрацоўніцтва у рамках Шанхайскай групы, то ён сам змагаецца з сэпаратысцкім групоўкамі. Тое ж самае тычыцца і Індыі”.
Аднак Расея будзе рабіць усё дзеля прызнаньня “яе зонаў уплыву”, “як гэта ўжо было ў часы першай халоднай вайны”, мяркуе аглядальнік NT-V.