Галоўны ўрач 6-га менскага шпіталя Віктар Гурко паведаміў “Свабодзе”: у пятніцу будзе выпісаны апошні з параненых пры выбуху на праспэкце Пераможцаў. Доўгае, болей за 50 дзён лячэньне доктар патлумачыў неабходнасьцю выкарыстаць адмысловы апарат для зрошчваньня зламанай косткі.
“У яго быў пералом нагі, костка зрасталася. Апарат Ілізарава — ведаеце пра такі? — выкарысталі. Патрэбны быў доўгі догляд”.
Усіх астатніх параненых, а іх было болей за 20 чалавек, з 6-га шпіталя выпісалі болей за тыдзень таму. Уладзімер Аладка, якому 67 гадоў, сказаў пра сваю рану:
“Тут пералом галёнкі, а на другой назе скразныя раненьні ад гаек. Гіпс яшчэ ня зьняты. Доктар дакладна скажа пра дыягназ”.
Галоўны ўрач Віктар Гурко запэўніў: рэцыдыву ў параненых пасьля лячэньня ня будзе.
А як ідуць справы ў сьледчых, якія шукаюць невядомых тэрарыстаў, што заклалі сама меней два выбуховыя прыстасаваньні?
Кіраўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка кажа, што сьледзтва праходзіць інтэнсіўна:
“Гэта і апытаньне людзей, і пошук магчымых сьведак, і адпрацоўка магчымых вэрсій. І праца з рэчавымі доказамі, якія ёсьць. Па ўсіх гэтых кірунках вядзецца маштабная праца па ўсёй рэспубліцы”.
Асобаў, якім магчыма было б выставіць пэўныя абвінавачаньні ў сувязі з выбухам, сьледчыя шукалі сярод самых розных груп насельніцтва. Спачатку зацікавіліся актывістамі апазыцыі — паводле зьвестак, усяго было затрымана і дапытана болей за 100 апазыцыянэраў. Таксама правяралі былых асуджаных паводле артыкулаў аб зброі, воінаў-інтэрнацыяналістаў, сапёраў ды мінёраў, а таксама прафэсійных хімікаў. У сярэдзіне жніўня стала вядома, што арыштавалі супрацоўнікаў фірмы “Владпродимпорт”, якая разьлівала па пакунках сокі маркі “Садочок”. Менавіта ў такіх пакунках знаходзілася выбухоўка. Неўзабаве зь міліцыі патлумачылі: супрацоўнікаў фірмы падазраюць толькі ў падатковых парушэньнях.
Тым часам кола падазраваных працягвае пашырацца. 26 жніўня сьледчыя прыйшлі ў кампутарную фірму “РэлСофт”. Пасьля дзяжурных пытаньняў пра ўдзел у сьвяце незалежнасьці 3 ліпеня ўсіх супрацоўнікаў папрасілі здаць адбіткі пальцаў. Кіраўнік фірмы Юры Зісер не ўяўляе, чаму яго кампанія зацікавіла сьледчых:
“У інтэрнэце поўна зьвестак пра выраб выбуховак. І, відаць, нехта вырашыў, што паколькі інтэрнэт — то кампутаршчыкі”.
Юры Зісер кажа, што да яго ўжо прыходзіў дамоў участковы міліцыянт, маўляў, са звычайным апытаньнем. Юры адмыслова праверыў: ці не да яго аднаго? Аказалася, участковы сапраўды прайшоў па ўсім пад’езьдзе. У цэлым Юры Зісер не крыўдуе на сьледчых, якія завіталі сёньня і ў фірму, але адзначае, што супрацоўнікі моцна спужаліся, і вярнуцца ў працоўны рытм удалося не адразу.
Былога адваката Ігара Рынкевіча таксама выклікалі на размову пра падзеі 3 ліпеня ў міліцыю. Пасьля размовы сказалі здаць адбіткі пальцаў і сьліну. Юрыст адмовіўся, палічыўшы просьбу незаконнай. Ігар Рынкевіч сумняецца, што сьледзтва сапраўды скіраванае на пошук тэрарыстаў:
“Лічу, што ідзе імітацыя расьсьледаваньня. Якое можа быць расьсьледаваньне, калі ў першыя гадзіны не былі зробленыя пэўныя апэратыўныя дзеяньні? Прыкладам, не было ачэплена месца злачынства. Там жа людзі хадзілі, пачынаючы ад Лукашэнкі і астатніх вакол яго, да каго заўгодна. У такіх умовах сапраўдныя злачынцы даўно б уцяклі”.
4 верасьня будзе два месяцы, як вядзецца сьледзтва. Паводле закону, сьледчыя цяпер мусяць зрабіць справаздачу і, калі сьледзтва ня скончана, абгрунтаваць патрэбу яго працягнуць.