Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што арыштавалі гандляроў сокам?


Ужо два тыдні застаюцца пад арыштам дырэктар і супрацоўнікі фірмы, якая гандлявала сокам, што фігуруе ў справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня.

“Сок “Садочак” – гэтак было пазначана на пакунку, у якім знаходзілася як найменей адна з выбуховых прыладаў, выкарыстаных невядомымі тэрарыстамі на сьвяце Незалежнасьці. Сок вырабляе фірма “Владпродімпарт”. Назва фірмы стала вядомай дзякуючы скаргам сваякоў супрацоўнікаў на міліцыянтаў. У чым канфлікт?

Нагадаю, у ноч на 4 ліпеня падчас сьвяточнага канцэрту непадалёк ад стэлы грымнуў выбух. Ад закладзеных у выбуховую прыладу балтоў і гаек пацярпелі болей за 50 чалавек. Міліцыя завяла справу і хутка зьявіліся першыя падазроныя ды затрыманыя. Чамусьці імі сталі актывісты апазыцыі.

Праз два тыдні ўсіх апазыцыянэраў выпусьцілі, грамадзкі інтарэс да справы стаў сьціхаць, і вось новы скандал, які зноў прыцягнуў да яе ўвагу. Стала вядома пра масавыя арышты супрацоўнікаў фірмы “Владпродімпарт”, якая гандлявала сокам “Садочак” у Беларусі. Намесьнік дырэктара фірмы Уладзімер Зайдэль паведаміў журналістам, што разам з дырэктарам арыштавалі 12 чалавек. У фірме правялі ператрус, арыштавалі тэхніку з бухгальтарскімі справаздачамі. Да арышту ўсіх правяралі менавіта ў межах справы пра выбух, настойвае Уладзімер Зайдэль.

Кіраўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка пацьвярджае арышт супрацоўнікаў фірмы, але зусім зь іншых прычын:

“Ім выставілі абвінавачаньне, пасьля якога 9 чалавек арыштаваныя, а 2 чалавекі адпушчаныя на волю з абавязкам пра яўку. Іх абвінавацілі ў парушэньні падатковага закону, такім чынам ніякага дачыненьня да справы пра выбух гэта ня мае. Больш паведаміць не магу, каб не перашкаджаць сьледзтву”.

Каб спраўдзіць гэтыя зьвесткі, я пазваніў у фірму “Владпродімпарт”. Супрацоўніца фірмы сказала, што спадар намесьнік дырэктара больш не камэнтуе сытуацыю, як і іншыя супрацоўнікі. Жанчына ўсё ж прызнала, што допыты і ператрусы ў сувязі з выбухам, пра якія пісалі мэдыі, мелі месца.

“Усё было, як напісала “Камсамолка”. Спачатку фігураваў адзін артыкул, потым зьмянілі на іншы”.

У фірме зноў паведамілі, што на сёньня арыштаваныя 12 супрацоўнікаў. Большасьцю гэта мэнэджэры з рэгіёнаў Беларусі, якія займаліся там продажам соку “Садочак”. Трымаюць арыштаваных супрацоўнікаў “Владпродімпарту” ў турме на Акрэсьціна, дзе і раней утрымлівалі ўсіх падазроных у датычнасьці да выбуху на праспэкце Пераможцаў. Сваякі арыштаваных скардзяцца на адсутнасьць зьвестак пра сваіх родных і абмежаваньне ў перадачах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG