Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх вынікаў чакаць ад беларусаў у Пэкіне?


Удзельнікі: трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч і спартовы аглядальнік інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Сяргей Аляхновіч.

Як можна ацаніць разьвіцьцё беларускага спорту за часы незалежнасьці, ці назіраецца нейкі прагрэс? Чаму ў Беларусі гэтак часта назіраюцца допінгавыя скандалы? Як ставяцца чыноўнікі да спартовай грамадзкасьці краіны? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч і спартовы аглядальнік інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Сяргей Аляхновіч.

Цыганкоў: “Як вядома, на гэты раз, праводзячы алімпійцаў у Кітай, Аляксандар Лукашэнка ня ставіў ніякіх дакладных мэдалёвых задачаў. Толькі міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў заявіў, што ў Пэкіне алімпійцы павінны выступіць ня горш, чым у 2000 годзе ў Сыднэі, калі беларусы дасягнулі найлепшых алімпійскіх вынікаў. На вашую думку, ці ўдасца беларускім алімпійцам паўтарыць сыднэйскую колькасьць мэдалёў? Увогуле, як можна ацаніць разьвіцьцё беларускага спорту за часы незалежнасьці? Ці назіраецца нейкі прагрэс?”

“Мяркую, што ў Пэкіне нашы спартоўцы выступяць горш, чым на папярэдніх Алімпіядах”

Парфяновіч: “Сёньня мы знаходзімся на нейкай мяжы, пасьля якой беларускі спорт мусіць пайсьці ці ўверх, ці ўніз. Бо сёньня ёсьць некалькі відаў спорту – найперш футбол, хакей, а таксама тэніс, біятлон – якія маюць найвышэйшае фінансаваньне. А іншыя як былі, так і застаюцца ў фінансавым заняпадзе. Дзіцячыя школы не атрымліваюць і часткі таго, што ім трэба”.

Цыганкоў: “Якія канкрэтна віды спорту недаатрымліваюць?”

Парфяновіч: “Веславаньне, барацьба, цяжкая атлетыка, уся лёгкая атлетыка. Карацей, тыя віды, якія даюць на Алімпійскіх гульнях больш за ўсё мэдалёў”.

Аляхновіч: “Я лічу, што нейкай заканамернасьці, нейкага трывалага росту ці падзеньня ў выступах беларускай зборнай на Алімпіядах не назіраецца. Мяркую, што ў Пэкіне нашы спартоўцы выступяць горш чым у Сыднэі, дзе было 17 мэдалёў. Думаю, што нават паказчык мінулай Алімпіяды ў Афінах (15 мэдалёў) таксама ня будзе перакрыты.

Я шмат у чым згодны з Уладзімерам Парфяновічам, што многім нашым відам не хапае фінансаваньня. А, напрыклад, на хакей і футбол ідуць вялізарныя грошы, якія сябе не акупляюць. З гульнявых відаў спорту можна выдзеліць толькі нашу жаночую баскетбольную зборную, якая прабілася на Алімпіяду. Але гэта хутчэй выключэньне з правіла”.
Многім нашым відам спорту не хапае фінансаваньня. А на хакей і футбол ідуць вялізарныя грошы, якія сябе не акупляюць.


Цыганкоў: “Мне нядаўна распавялі пра адзін красамоўны выпадак. Доктар, які працаваў у адным зь менскіх шпіталёў, сышоў у спартовую мэдыцыну, бо там больш плацяць. На што павінны найперш ісьці дзяржаўныя грошы – на спорт ці на здаровы лад жыцьця?”

Парфяновіч: “Што трэба рабіць, каб нашы дзеці былі здаровыя, каб не пілі гарэлку? Сёньня, калі бачыш моладзь, дык звычайна ў руцэ ці бутэлька гарэлкі, ці піва. Трэба, каб у кожным гарадку не абавязкова вялізныя хакейныя палацы стаялі, а каб прынамсі маленькая пляцоўка ці спартовая заля зь нейкага хлеўчыку пераробленая.

Што да заробкаў мэдыкаў, то яны мусяць мець аднолькава добры заробак і ў шпіталі, і ў спартовай камандзе. Сёньня яны зусім нічога не атрымліваюць, каб нармальна пражыць”.

Ці будуць допінгавыя скандалы зь беларусамі ў Пэкіне?

Цыганкоў: “Калі мы ўжо закранулі мэдычную тэму, то нельга не задаць пытаньне пра апошнія допінгавыя скандалы зь беларускімі спартоўцамі. Яны здараюцца ў Беларусі часьцей ці радзей, чым у іншых краінах? Не сакрэт, што допінг сёньня ёсьць праблемай усяго міжнароднага спорту”.

Парфяновіч: “Тое, што я ведаю – лепей бы я ня ведаў. Калі на сёньняшні дзень некаторыя алімпійцы ўжо ня едуць у Пэкін, бо допінг-кантроль даў станоўчыя вынікі – то гэта вельмі паказальна. Таго, што робіцца – “мэдаль любым коштам” – не павінна быць, гэта дыскрэдытуе нашу краіну. Мяне цяпер больш за ўсё хвалюе, што могуць быць вельмі дрэнныя вынікі па допінгу ў Пэкіне”.

Цыганкоў: “Сяргей, ці вы пагодзіцеся і як ацэніце цынічную фразу пра спартоўцаў найвышэйшага ўзроўню, што “ўсе прымаюць, але ня ўсіх ловяць”?

Аляхновіч: “Так, скандалы ў Пэкіне могуць быць, але ня вельмі шмат. Цяпер у Беларусі ёсьць, хай і ў зачаткавым стане, антыдопінгавая лябараторыя, якая праверыць нашых Алімпійцаў да Пэкіну. Таму можа некалькі выпадкаў і будзе, але ня больш”.
Лябараторыя толькі глядзіць, каб нашы спартоўцы былі “чыстыя”. У Сыднэі амэрыканцы самі пакаралі 19 сваіх спартоўцаў. Колькі пакарала наша лябараторыя?


Парфяновіч: “Але колькі гэтая лябараторыя злавіла спартоўцаў і дыскваліфікавала іх? Яна не змагаецца за чысьціню спорту, яна гэтага ня робіць. Яна толькі глядзіць, каб нашы спартоўцы былі “чыстыя”. У Сыднэі амэрыканцы самі пакаралі 19 сваіх спартоўцаў. Колькі пакарала наша лябараторыя?”

Аляхновіч: “Ніводнага”.

Парфяновіч: “Вось у чым справа!”

Аляксеенка: “Зачыніць гэтую газэту мы ня можам, але неяк адрэагаваць павінны”

Цыганкоў: “Спорт існуе для шырокага кола людзей, для заўзятараў. Але ў Беларусі здараюцца такія выпадкі, як пазбаўленьне алімпійскай акрэдытацыі газэты “Прессбол” – за тое, што там быў апублікаваны артыкул пра карупцыю і раскраданьне грошай у спартовых дасьледчых інстытутах. Што можна сказаць пра стаўленьне спартовых чыноўнікаў да заўзятараў?”

Аляхновіч: “Я доўгі час, 7 гадоў, працаваў у “Прессболе”, і матэрыялы там не зьяўляюцца непадрыхтаванымі. Што да ўзгаданага вамі артыкулу, то гэта сур’ёзнае журналісцкае дасьледаваньне, якое праводзіла Сьвятлана Парамыгіна, алімпійская віцэ-чэмпіёнка, наша праслаўленая біятляністка.

Пазбаўленьне газэты акрэдытацыі на Алімпіядзе – гэта помста выданьню з боку спартовых чыноўнікаў, у першую чаргу з боку міністра спорту Грыгарава і памочніка прэзыдэнта Аляксеенкі. Я памятаю словы, якія казаў Аляксеенка, калі прымалі рашэньне пазбавіць “Прессбол” акрэдытацыі – “Зачыніць гэтую газэту мы ня можам, але неяк адрэагаваць павінны”.

Цыганкоў: “Сярод іншага “Прессбол” пісаў, што некаторыя спартовыя дзеячы маюць заробак дзясяткі мільёнаў беларускіх рублёў у месяц. Як можна ацаніць узровень карупцыі ў беларускім спорце?”

Парфяновіч: “Каб адказаць на гэтае пытаньне, варта паехаць на адну з вуліцаў Менску і спытацца, на якія грошы некаторыя спартовыя чыноўнікі пабудавалі сабе дамы коштам у сотні тысяч даляраў. Калі б я вам усё распавёў, што ведаю – ня дай Божа!”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG