Маскоўскі карэспандэнт брытанскага штодзёньніку Марк Франчэці, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую з крыніц "блізкіх да Міністэрства абароны Расеі", цьвердзіць, што Масква сур’ёзна думае аб вяртаньні ядзерных ракетаў у Калінінградзкі анкляў Расеі, а таксама ў Беларусь.
Паводле газэты, гэткія захады Расея зьбіраецца рабіць у адказ на разгортваньне амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе.
"The Times" піша, што дэлегацыя расейскай Думы наведала Калінінград на пачатку ліпеня, каб разгледзець магчымасьць усталяваньня ў гэтай вобласьці новай генэрацыі расейскіх балістычных ракетаў.
"Адным з галоўных крокаў, якія цяпер абмяркоўваюцца, ёсьць вяртаньне ядзерных ракетаў у Калінінінград і Беларусь," — газэта цытуе ананімную крыніцу, зьвязаную з расейскім Міністэрствам абароны. — "Гэтыя ракеты меліся б быць нацэленыя на Эўропу. Гэта быў бы абсалютна законны крок. Калі Амэрыка хоча пашырыць свой вайсковы патэнцыял у Эўропе, мы маем права дзейнічаць адпаведна”.
"The Times" таксама цытуе неназванага заходняга дыплямата, які цьвердзіць, што ў гэтым расейскім намеры можа быць дамешак блефу, каб пастрашыць амэрыканцаў. "Крэмль робіць стаўку на адну рэч — каб проціракетны шчыт не пабачыў дзённага сьвятла перад адыходам прэзыдэнта Джорджа Буша зь Белага дому ў наступным годзе. Тады гэты праект можа быць пахаваны назаўсёды”.