Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жальбіны па Янку Купалу


28 чэрвеня спаўняецца 66 гадоў з дня трагічнай сьмерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Традыцыйныя “Жальбiны” па Янку Купалу адбыліся 27 чэрвеня ў Менску.

Раніцай у касьцёле сьвятога Роха на Залатой Горцы адбылася імша па Янку Купалу. А 16-й гадзіне творчая інтэлігенцыя, грамадзкасьць прыйшлі да помніка Купалы на Вайсковых могілках, каб ускласьці кветкі, пачытаць вершы песьняра.

Літаратуразнаўца, укладальнік поўнага збору твораў Янкі Купалы прафэсар Міхась Мушынскі адзначыў:

Сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч
“Тое, што ў Беларусі, у беларускага народу ёсьць Янка Купала, – гэта вялікае шчасьце. Бо тое, што выказана ў яго творах, што ўвасоблена ў прыгожым мастацкім слове – гэта і філязофія, гэта і мараль, гэта і мары чалавека, мары народу. Гэта яго этыка, гэта яго ўяўленьні пра тую будучыню і тыя каштоўнасьці, якія стварае народ. Пасьля выхаду поўнага збору твораў Янкі Купалы такое адчуваньне, што мы нашмат сталі багацейшыя”.

Расказвае паэт Васіль Жуковіч:

“Мне згадваецца кніга Барыса Сачанкі “Сьняцца сны аб Беларусі”. Як толькі зрабіла прарыў праўда ў разьняволеным грамадзтве, Сачанка ўжо быў гатовы выдаць такую кнігу. Для мяне даказана, што ніякі быў ня выпадак, што не выпадковасьць – яго сьмерць, што гэта заказное, хутчэй за ўсё, забойства.

Усімі сродкамі мастацкага слова – паэзіяй, драматургіяй, публіцыстыкай – ён біў у званы, ён клікаў народ, ён заклікаў Беларусь абуджацца”.

Паэт Анатоль Вярцінскі згадаў сёньня яшчэ й пра радасную падзею: у 2008 годзе спаўняецца 100 гадоў, як выйшла першая кніга Янкі Купалы “Жалейка”. І прачытаў адзін са знакавых, праграмных вершаў Янкі Купалы “Я адплаціў народу”:

За ўсё, што сёньня маю,
Што даў мне мой народ,
За кут у родным краі,
За хлеб-соль без клапот, –

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў зь цемры да сьвятла...


Паэт Мікола Мятліцкі прачытаў перад прысутнымі свой верш, прысьвечаны Янку Купалу:

Водбліск трывогі нязбытай на небасхілах зямлі,
Лесьвіца... З чорным нябытам вы разьмінуцца маглі.
Толькі б паменела страху, чэзласьці зрынуўся лёд
Тых, хто прыдумаў ня плаху – мары астатні палёт.
Чым вы зрабіліся шкодным? Тым, што ў нашэсьці бяды
Верылі: Будзе свабодным край, што нязломны заўжды.
Тым, што нястомнаю сілай голас будзіў змагароў,
Гнеўна душу ўзбудзіла помсты нястомная кроў.
Лёсу напятыя стропы сэрца ўтрымаць не змаглі,
Ціхай хадой далакопы з даляў пахмурных ішлі.
Край мой, прасьветляцца далі змрочнага часу твайго,
Бачым, каго забівалі, ціха душылі каго...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG