Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўтаназія: "за" і "супраць"


Эўтана́зія (ад грэцкага ευ θάνατος - эў танатос) – добрая сьмерць, добраахвотнае, як мага больш небалючае і ўзгодненае зь лекарам спыненьне жыцьця невылечнага хворага чалавека альбо жывёлы. Ці магчыма ўзаконіць эўтаназію ў Беларусі? Як да гэтага ставіцца грамадзтва

У многіх краінах сьвету ідуць гарачыя дэбаты на тэму дазволу эўтаназіі.

60 эўра за пазбаўленьне ад пакутаў

Першымі краінамі, якія дазволілі эўтаназію, сталі Нідэрлянды і Бэльгія. Тут у аптэках за 60 эўра прадаюцца спэцыяльныя наборы для эўтаназіі: аднаразовы шпрыц з атрутай, іншыя неабходныя для ін’екцыі сродкі. Набор можа замовіць лекар, які павінен указаць дакладную дозу атрутнага рэчыва.

Паводле законаў, эўтаназіі можа быць падзьвергнуты чалавек старэйшы за 18 гадоў, які пакутуе на невылечную хваробу. Пэўны від эўтаназіі дазволены ў Швайцарыі і ў амэрыканскім штаце Орэган. Сёлета дазволілі эўтаназію ў Люксэмбургу.

Наколькі гэта маральна – пазбавіць жыцьця жывую істоту? Паслухаем спадарыню Тацяну, якая апавядае трагічную гісторыю, праўда, у дачыненьні не да чалавека:

«У мяне была такая праблема выбару з маім сабакам. У мяне доўга жыў вялізны каралеўскі дог, і калі ён састарыўся і захварэў, узьнікла такая праблема, бо сабака вялікі, і цягаць на руках яго немагчыма, а ён ужо ледзь хадзіў. І я прыняла такое рашэньне, ад якога пакутую дагэтуль, таму што я ўзяла на сябе адказнасьць і рашэньне, якія толькі Бог павінен прымаць».

У Беларусі эўтаназія забароненая

У артыкуле 38 закону «Аб ахове здароўя», прынятым у 2001 годзе, напісана: «Эўтаназія – добраахвотная, узгодненая з лекарам сьмерць невылечнага хворага з дапамогай адмысловых абязбольных сродкаў. Мэдычным і фармацэўтычным работнікам забараняецца рабіць эўтаназыю». За парушэньне прадугледжваецца крымінальная адказнасьць як за наўмыснае забойства. Ці магчымыя зьмены ў беларускае заканадаўства?

Доктар мэдычных навук, прафэсар Аляксандар Астроўскі перакананы:

«У прынцыпе, стратэгічна гэта прагрэсіўны крок. Але ўсё залежыць ад таго, у якіх абставінах гэта можа быць рэалізавана, у якіх умовах. Хто, якая камісія будзе кантраляваць кожны канкрэтны выпадак, жаданьне невылечна хворага чалавека, які страшэнна пакуты. Таму неадназначнасьць тут не абумоўлена самой эўтаназіяй, яна абумоўлена станам гатовасьці ўлады да рэалізацыі гэтай ў цэлым прагрэсіўнай ідэі. Гэта пытаньне на нашым сёньняшнім фоне проста недарэчнае. Мы не гатовыя да гэтага».

Царква лічыць эўтаназію забойствам

Звычайна хрысьціяне і прадстаўнікі іншых рэлігіяў выступаюць супраць эўтаназіі. Рэфэрэнт Менскага епархіяльнага ўпраўленьня, загадчык юрыдычнай службы Аляксей Алешка кажа:

«Царква традыцыйна прытрымліваецца адмоўнага стаўленьня да эўтаназіі. Гэта самагубства пры дапамозе іншых людзей. Той факт, што яно ўжываецца ў выпадку нейкіх пакутаў фізычных, тым ня менш, ня робіцьгэты працэс чымсьці адрозьніваючымся ад забойства. Ніколі ў чалавечым грамадзтве пакуты не лічыліся апраўданьнем самазабойства. Гэта заўсёды лічылася цяжкім грахом».

Супраць прыняцьця закону выступае і каталіцкая царква, якая лічыць эўтаназію легалізаваным забойствам. Магістар тэалёгіі ксёндз Віктар Місевіч кажа:

«Касьцёл каталіцкі найперш абараняе жыцьцё, і будзе змагацца за тое, каб у законапраектах у Беларусі эўтаназія выглядала толькі як забарона забойства чалавека, састарэлага ці зьнямоглага, ці моцна хворага. Перадусім, жыцьцё нам дадзена Богам. Чалаавек не зьяўляецца аўтарам свайго жацьця, і гаспадаром не зьяўляецца. Гэта наш дар. Адзінае – мы можам ахвяраваць жыцьцё сваё нейкім геройскім учынкам, як рабілі многія мучанікі, сьвятыя – ахвяравалі сваё жыцьцё, каб хтосьці жыў».

Сёньня выйсьця няма, а калі заўтра зьявіцца выратаваньне?

Леанід Путырскі - прафэсар-мамоляг, які ўжо 30 гадоў працуе ў НДІ анколёгіі і кожны дзень бачыць нявылечна хворых людзей:

«Цяжкае пытаньне... Я ня ведаю, у каго падымецца рука, каб адправіць на той сьвет чалавека. Бываюць выпадкі, калі вагаешся: і так чалавек пакутуе, можа, і трэба. Але сёньня мы прагаласуем за эўтаназію, а заўтра зьявяцца новыя сродкі, якія будуць дапамагаць чалавеку, якому ўчора яшчэ немагчыма было дапамагчы. У мяне былі выпадкі, калі здавалася, што ўсё: чалавеку немагчыма дапамагчы, ён памірае, але раптам нейкія лекі спрацавалі. Таму цяжкае пытаньне».

У спадарыні Тацяны, якая распавяла напачатку сумную гісторыю пра свайго сабаку, была яшчэ адна трагедыя ў жыцьці. Таму яна лічыць, што калі пытаньне ідзе пра чалавечае жыцьцё, тут яшчэ ўсё больш складана. У яе вельмі цяжка хварэла сястра, шмат гадоў была прыкаваная да ложку:

«Шчыра кажучы, былі ў яе такія моманты, калі жыць не хацелася, калі яна ня тое, што думала – прамаўляла пра гэта ўслых. Дзякуй Богу, што не было такога закону, не было такой мажлівасьці. Таму што я бачыла, калі яна памірала, калі надышоў гэты час, як яна вельмі хацела жыць! Яна ня рухалася апошнія гады, але яна ўсё адно хацела жыць, яна трымалася за гэта жыцьцё, таму што гадавала дачку і хацела працягнуць свае знаходжаньне на гэтым сьвеце хоць на некалькі гадзінаў...

Гэта вельмі складаная тэма, гэта ня значыць, што мы паменшым колькасьць пакутаў у сьвеце. Гэта значыць, што чалавек возьме на сабе нейкую адказнасьць і ролю, якую павінен выконваць нехта вышэйшы. Не чалавек, які пакутуе, ня той чалавек, які побач».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG