Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьвятара пакаралі за асьвячэньне крыжа


Старадароскі раённы суд аштрафаваў болей як на мільён рублёў сьвятара Леаніда Акаловіча. Яго пакаралі за асьвячэньне крыжа ў памяць пра ахвяр партызанкі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Затрымалі айца Леаніда а 7 гадзіне раніцы ў Менску каля дому. У Старадароскі суд прывезьлі а 12 гадзіне. За некалькі хвілін да суду сьвятар згадаў, што за сваё жыцьцё асьвячаў дзясяткі крыжоў, але судзіць яго за гэта будуць упершыню. Паводле пратаколу міліцыі, Леанід Акаловіч быў адным з арганізатараў несанкцыянаванага сходу, але гэтага ён не прызнаў:

“Я ад пачатку гэтага пратакола не падпісаў, бо не прызнаваў сябе арганізатарам. Бо толькі асьвячаў крыж, а нікога не зьбіраў і не заклікаў на сход”.

Нагадаем, 19 красавіка ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну быў усталяваны шасьціканцовы крыж у памяць пра 25 мірных сялян, забітых савецкімі партызанамі ў 1943 годзе. Крыж асьвяціў сьвятар Леанід Акаловіч. Пазьней міліцыянты склалі пратакол на арганізатараў мерапрыемства, якое было ацэнена як несанкцыянаваны сход.

Судзіў Леаніда Акаловіча судзьдзя Сяргей Епіхаў. У тэлефоннай размове судзьдзя адмовіўся камэнтаваць прысуд і нават паведаміць пра яго журналісту “Радыё Свабода”:

“Я з вамі асабіста не знаёмы, ня ведаю, вы са “Свабоды” ці адкуль. Вы можаце асабіста пазваніць гэтаму грамадзяніну”.

Раней за Леаніда Акаловіча, у красавіку і траўні, за акцыю ўшанаваньня памяці былі асуджаныя на 15 сутак грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык і аўтар кнігі пра трагедыю вёскі Дражна Віктар Хурсік. Вось як дасьледчык пракамэнтаваў прысуд айцу Леаніду Акаловічу:

“Я ў роспачы. Уражаньне, што 5 гвардзейскі імя Кутузава партызанскі атрад атрымаў чарговую перамогу пад мірным насельніцтвам вёскі Дражна. Кіраўніцтва раёну запалохала вэтэранаў, каб яны зноў трымалі язык за зубамі. І гэтак жа пакараны Алесь Апанасевіч, які прынёс рыдлёўку, каб укапаць крыж”.

Празь некалькі дзён пасьля ўсталяваньня крыж дэмантавалі і адвезьлі ў праваслаўны прыход вёскі Залужжа, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Прэсавы сакратар Менскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Перташкевіч на мой запыт пра лёс крыжа адказаў гэтак:

“Я павінен падрыхтавацца, сабраць інфармацыю, а пасьля гэтага мы з вамі пэўна ўсё абмяркуем”.

Актывіст Вячаслаў Сіўчык, які таксама быў пакараны за ўсталяваньне крыжа, кажа:

“Справа Дражні, натуральна, ня скончана. Мы спадзяемся, што ўладыка Філарэт вырашыць пытаньне і памяць людзей, якія былі закатаваны падчас вайны, будзе належным чынам ушанавана”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG