Справу 70-гадовага жыхара вёскі Хатоля Аляксандра Патапава 19 сьнежня ў судзе Віцебскага раёну зноў будзе разьбіраць судзьдзя Тацьцяна Лабацкая, піша «Віцебская Вясна». Мінулы раз яна судзіла яго тыдзень таму, 12 сьнежня. Пазамінулы суд над вяскоўцам адбыўся 31 кастрычніка. Судзіў яго судзьдзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня.
Аляксандра Патапава затрымалі ў канцы жніўня 2022 году ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у «Аднаклясьніках».
Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменьніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур’ёзна параненая. Пасьля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 году Патапаў разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі». Пазьней мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі. Пэнсіянэр вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.
Форум