Сьцісла:
- Улада імітуе выбары паводле прынцыпу: «Мы робім выгляд, што вядзём кампанію, а вы рабіце выгляд, што верыце».
- Дзяржаўныя журналісты ў Беларусі — гэта, па сутнасьці, тыя ж чыноўнікі.
- «Сацыяльны кантракт» выглядае так: «Жары, што даюць, і плаці, колькі скажуць».
- Адзіны «наратыў», які прапануе Лукашэнка: «Я буду працягваць кіраваць, хочаце вы гэтага ці не».
- У гэтай кампаніі Канапацкая — проста экспанат, які не выконвае ніякай істотнай ролі.
— Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты заяўляюць, што сабралі па сто тысяч подпісаў грамадзян (а некаторыя нават істотна больш), неабходных для рэгістрацыі. Як палітычны экспэрт і чалавек, які калісьці быў грамадзкім актывістам у Беларусі, ці можаце вы сказаць, наколькі гэта рэалістычна? Чаму прэтэндэнты нават не спрабуюць імітаваць збор подпісаў, фактычна нідзе не відаць іхных пікетаў, мала хто бачыў сяброў іхных ініцыятыўных групаў, якія ходзяць па кватэрах?
— Некаторым з тых, хто зараз імітуе палітычны працэс, напрыклад Гайдукевічу, гэта даволі звыкла. Увогуле, гэта адзін з атрыбутаў гэтай кампаніі, калі ад людзей патрабуюць ужо ня толькі пагадзіцца з тым, што Лукашэнка кіруе. Гэта такая актыўная мадэль імітацыі, калі ўжо нават ня трэба прыкідвацца, што адбываецца збор подпісаў: «Мы робім выгляд, што вядзём кампанію, а вы рабіце выгляд, што верыце. І паспрабуйце толькі не паверыць!».
— А навошта Лукашэнка выбірае такі сцэнар, што ўсе прэтэндэнты нібыта зьбяруць подпісы і будуць зарэгістраваныя як кандыдаты? Маглі б паказаць, што вось кандыдаты ня здолелі сабраць сто тысяч, бо, маўляў, сапраўдны давер ёсьць толькі да адной асобы...
— Я б не перабольшваў творчыя здольнасьці аўтараў гэтага спэктаклю. Бо калі мы глядзім кепскі фільм, то мы ж не заўсёды можам здагадвацца, чаму героі робяць так, а не іначай: іхная матывацыя часам недапрацаваная. Праўда, добрыя рэжысэры прапісваюць матывацыю пэрсанажаў і пасьлядоўнасьць іхных учынкаў. Тут жа сцэнар напісаны аўтарамі, якія ня маюць ніякай канкурэнцыі. Што прыдумаюць, тое грамадзтва і вымушана будзе спажываць. Навошта асабліва старацца?
— Якая роля ў гэтай кампаніі ў дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў? Ці не складваецца ўражаньне, што і яны ня вельмі «стараюцца»?
— Адзінае, што яны робяць — гэта дэманструць ляяльнасьць. Нават ілюзіі нейкай канкурэнцыі не спрабуюць стварыць. Прозьвішчы іншых кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, проста не гучаць у сюжэтах дзяржаўнай тэлевізіі.
Дзяржаўныя журналісты — гэта, па сутнасьці, тыя ж чыноўнікі. Таму яны і дзейнічаюць паводле прынцыпу «абы чаго ня выйшла». Напішаш нешта адвольнае пра Гайдукевіча, а раптам камусьці наверсе гэта не спадабаецца? Інструкцыяў жа не было. Спакайней нічога не пісаць, пакуль не прыйшла канкрэтная ўстаноўка зьверху.
— Які галоўны наратыў прапаганды падчас гэтай выбарчай кампаніі? Як яны спрабуюць даказаць неабходнасьць таго, што Лукашэнка зноў павінен застацца кіраўніком краіны? З чым ён ідзе ў гэтую кампанію?
— Сапраўды, можна задумацца: калі б была нейкая рэальная канкурэнцыя, сапраўдныя кандыдаты, калі б нехта зьвяртаў увагу на іхныя словы, што Лукашэнка мог бы сказаць беларускаму народу? Ён заўсёды абяцаў стабільнасьць, «абы не было вайны». І дзе тая стабільнасьць? Беларусь фактычна ўцягнутая ў вайну, стала суагрэсарам, вайна пачалася ў тым ліку зь беларускай тэрыторыі. У Беларусі вырабляюцца і пастаўляюцца ў Расею многія віды зброі, якой забіваюць украінцаў.
Што тычыцца нейкага сацыяльнага кантракту, то пра гэта ўжо і ўспамінаць сорамна. Калі раней было «вы ня лезеце ў палітыку, а я забясьпечваю пэўны эканамічны рост», то цяпер «кантракт» выглядае так: «Жары, што даюць, і плаці, колькі скажуць».
— А «мірнае неба над галавой»?
— Якое ж яно мірнае, калі над Гомлем зьбіваюць дроны? За паўднёвай мяжой краіны ідзе бязьлітасная вайна. Адзіны лёзунг, які яму застаецца, што «магло быць і горш». Але мы ведаем: пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе, абавязкова будзе горш. І ён сам разумее, што на вольных выбарах не пераможа, таму адзіны «наратыў», якія прапануе: «Я буду працягваць кіраваць, хочаце вы гэтага ці не».
— Якая роля ў гэтай кампаніі ў Ганны Канапацкай? Усё ж яна ў сілу сваёй біяграфіі трошкі адрозьніваецца ад астатняй масоўкі кандыдатаў.
— Давайце пачнем з таго, што Канапацкая ніколі не была дэмакратычнай актывісткай. Гэта вельмі падазроная і цьмяная гісторыя, як яна апынулася ў шэрагах Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
У гэтай кампаніі Канапацкая — звычайны экспанат, які паставілі, каб тут стаяў. Яна не адыгрывае ніякай істотнай ролі, проста дэкарацыя. Ня думаю, што яна настолькі крэатыўная, каб учыніць нешта такое, каб яе запомнілі падчас гэтых выбараў.
— Некаторыя лічаць, што пасьля выбараў Лукашэнка паспрабуе нейкім чынам нанава наладзіць адносіны з Захадам. Аднак пры гэтым у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і статыстычна яны нават павялічыліся за апошнія месяцы. Навошта ўлада праводзіць гэтыя рэпрэсіі, хаця відавочна, што ў сёньняшняй сытуацыі нейкія масавыя пратэсты немагчымыя?
— Гэта тая новая рэальнасьць, у якой жывуць беларусы. Мы памятаем інтэрвію Юрыя Васкрасенскага, дзе ён прагаворвае, што вядомыя асобы будуць сядзець да канца, а рэпрэсіі будуць працягвацца.
Наконт нейкіх сыгналаў зь Менску ў бок Захаду... Я якраз знаходжуся ў Брусэлі, дзе праходзяць «Дні Беларусі». І тут адзін з прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці заявіў, што трэба наладжваць дыялёг з Лукашэнкам. І ўзьнікла такое неразуменьне: а што гэта значыць?
Бо Лукашэнку ўжо ўсімі магчымымі знакамі і сыгналамі даўно сказалі: хочаш паляпшэньня адносінаў — вызваляй палітвязьняў, спыняй рэпрэсіі, і гэта будзе стартавая пазыцыя для нейкага дыялёгу.
Я зьдзіўляюся, калі беларускія экспэрты, палітыкі пачынаюць гарачыя дыскусіі наконт таго, ці трэба здымаць санкцыі. Гэтыя дыскусіі нараджаюцца выключна ў галаве беларусаў, яны там жывуць, там і паміраюць. Бо эўрапейскія палітыкі проста не разумеюць, адкуль гэта ўзялося. Лукашэнка суагрэсар, дапамагае Расеі, уключыўся ў расейскую ваенную машыну. Пра адмену санкцыяў у такой сытуацыі ніякай размовы ня ідзе.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум