Эфір 26 траўня
Юрась Бушлякоў: “Які настрой у Вас пасьля сёньняшняга дня ў судзе? Вы спадзеяцеся на апраўданьне?”
На апраўдальны прысуд я не спадзяюся. Я думаю, што прысуд можа быць нават больш мяккі, чым у маіх паплечнікаў, якіх судзілі раней
Бушлякоў: “Вы ўбачылі сябе на тых відэаматэрыялах, якія разглядаліся ў ходзе судовага працэсу?”
Субач: “Вы ведаеце, было некалькі момантаў, калі насамрэч бачыў сябе. Але гэта былі літаральна некалькі момантаў. Шмат хто іншы, хто ўдзельнічаў у гэтай акцыі, мог быць на маім месцы...”
Бушлякоў: “Як паводзіць сябе судзьдзя на працэсе? Вы адчуваеце яго бесстароннасьць, ці, наадварот, ён заангажаваны?”
Субач: “Мне казалі пра гэтага судзьдзю Валер'я Есьмана, што ён ужо выносіў некалькі прысудаў па палітычных справах. Але маё сёньняшняе ўражаньне такое, што ён так даволі нармальна ставіўся да нас. У мяне асабіста ніякіх прэтэнзіяў няма, і мне падаецца, што Паша Вінаградаў і Максім Дашук таксама задаволеныя тым, як ён вядзе гэтую справу. Але, напрыклад, мой адвакат Ірына Багніш казала, што ён звычайна так даволі цярпіма вядзе гэтыя справы, але бывае, што прысуды выносіць даволі жорсткія”.
Бушлякоў: “Вы не шкадуеце, што былі сярод удзельнікаў прадпрымальніцкага пратэсту?”
Субач: “Не, ніколі, ніводнай хвілінкі. Я разумею, што гэта такая справа, калі ты недзе ўдзельнічаеш, то нешта можа здарыцца і ніхто не застрахаваны ад сумы і турмы. Таму я думаю, што гэта нармалёва”.
Бушлякоў:” Міхаіл, Вы прадпрымальнік? Чым Вы займаецеся?”
Субач: “Так, дакладней сказаць, я былы прадпрымальнік. У 2006-2007 гадах я працаваў як прадпрымальнік, але зь некалькіх прычынаў, адной зь якіх якраз і зьяўляецца гэты 760-ы ўказ, я сваю дзейнасьць прыпыніў, але найбліжэйшым часам я пляную аднавіць гэтую дзейнасьць”.
Бушлякоў: “Вы хацелі б займацца менавіта прадпрымальніцтвам?”
Субач: “Цяпер так”.
Бушлякоў: “Палітычныя лёзунгі ў эканамічных пратэстах – ці гэта, на Вашую думку, прадуктыўны шлях? Ці ён прадуктыўны ў сучаснай Беларусі?”
Субач: “Я мяркую, што гэта прадуктыўны шлях. Я мяркую, што ў нас цяпер адна з найбольш абуджаных частак грамадзтва – гэта тыя людзі, якія цікавяцца грамадзянскім і палітычным жыцьцём. І за тое, што яны прыйшлі на акцыі 10 студзеня і 21 студзеня, і раней прыходзілі і дапамагалі іх падрыхтоўваць, я магу выказаць ім вялікую падзяку. І я не лічу, што трэба неяк абмяжоўвацца ад гэтага. Ведаеце, ужо было некалькі справаў, зь якімі я сутыкаўся ў сваім жыцьці. Я навучаўся ў ЭГУ, і наш унівэрсытэт імкнуўся быць убаку ад усіх гэтых палітычных працэсаў, падзяляць вучобу і палітыку, хоць гэта быў і недзяржаўны ўнівэрсытэт. Але ўрэшце ў 2004 годзе ўнівэрсытэт быў зачынены, цяпер ён працуе ў Вільні. Таму я лічу, што падзяляць эканамічнае і палітычнае ня варта”.
Бушлякоў: “Студзеньскія пратэсты дазволілі прадпрымальнікам хоць нечага дасягнуць, ці гэта быў усяго толькі пратэст жменькі нязгодных, які ўладам удалося пагасіць – у значнай ступені рэпрэсіямі супраць ініцыятараў, супраць лідэраў пратэстаў?”
Калі ацэньваць з таго боку, што мэта ж была адмяніць першы пункт 760 указу, то па гэтым накірунку, канечне, поўны правал