Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Краіна квітнее, а апазыцыянэры дамагаюцца санкцыяў...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 21 траўня 2008 году


Жыцьцё беларускай вёскі, настроі сёньняшніх вясковых жыхароў — тэма многіх лістоў, асабліва — ад тых нашых слухачоў, якія жывуць у рэгіёнах, працуюць альбо працавалі ў мясцовых калгасах і штодня сутыкаюцца з тыповымі для сельскай мясцовасьці праблемамі.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша даўні сябар “Свабоды” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Калі б выбары адбываліся цяпер, то, думаю, большасьць вясковых пэнсіянэраў уладу не падтрымала б — да такой ступені многія настроеныя супраць яе. А што да камэрсантаў, то гэта — асобнае пытаньне. Мяркую, яны ў 100 працэнтах выпадкаў супраць цяперашняй сыстэмы. Так што падтрымка апазыцыі расьце. Патрэбен толькі лідэр, гатовы павесьці народ за сабой.

Улада, на маю думку, таксама не давярае народу, а робіць тое, што ў цяперашні момант ёй выгадна. Вось у калгасы хочуць завабіць так званымі “прэзыдэнцкімі” домікамі. Даходзіць да таго, што людзі кідаюць надзейныя, дыхтоўныя дамы, каб перасяліцца ў новыя хаткі, збудаваныя часта пасьпешліва, з парушэньнем тэхналёгіі. Мы, жыхары вёскі, усё гэта бачым сваімі вачыма.

А наша моладзь імкнецца ўсімі сіламі трапіць і замацавацца ў горадзе. Бо вёска — гэта тытанічная праца. Аддачу дае толькі тады, калі ўпарта працуеш. А калі запіў ці захварэў — гаспадарка імгненна апынецца ў заняпадзе. Што бывае, калі “ні каровы, ні сьвіньні — толькі Сталін на сьцяне” — усе добра памятаюць”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Улада, відавочна, адчула гэтую зьмену ў настроях пэнсіянэраў. Вяртаньне пажылым людзям льготнага праезду ў грамадзкім транспарце, рашэньне пра якое прыняў у мінулым месяцы прэзыдэнт Лукашэнка — якраз і ёсьць рэакцыяй на людзкое абурэньне. Хоць прадбачыць гэтую рэакцыю было нескладана і паўгода таму, калі льготы ў старых адбіралі. Ці адбілася гэта на настроях у пэнсіянэрскім асяродзьдзі? Будзем чакаць новых лістоў на гэтую тэму ад нашых слухачоў і аўтараў.

Пра тое, наколькі адрозьніваецца жыцьцё ў вёсцы ад сталічнага, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну. Яна піша:

Менск вабіць вясковых людзей, бо там — праца і хоць сякія-такія заробкі. Але ж у Менску народу ўжо і так, як у Кітаі. Уся Беларусь у адной сталіцы ня зьмесьціцца.

Не разумею, чаму нельга ствараць якія-небудзь цэхі ў невялікіх гарадах і вёсках. Вось, напрыклад, запрашаюць з рэгіёнаў на працу ў цэх на ўскраіну Менску, дзе клеяць упаковачныя скрынкі. Няўжо такія скрынкі нельга клеіць у пасёлку, дзе шмат беспрацоўных?

Напрыклад, у нас у Бакштах, паводле афіцыйных зьвестак, 46 чалавек працаздольнага ўзросту ня маюць сродкаў для існаваньня. А насамрэч такіх людзей яшчэ больш. А адрасную сацыяльную дапамогу калі і даюць, то мізэрную, дый ня ўсім.

Ці яшчэ адна дэталь. Пад’яжджаеш увечары да Менску — усё зьзяе, на адну невялікую пляцоўку — 18 ліхтароў. А ў нас у Бакштах рабочыя ідуць дамоў з працы ў поўнай цемры, ды яшчэ і па разьбітай дарозе. Вось такая проза жыцьця.

Пішу вам усё гэта, бо лічу, што крытыка — гэта абавязак рэвалюцыянэра”, —

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

Слушныя заўвагі, спадарыня Валянціна. Дзеля таго, каб прадпрымальнікам выгадна было пераносіць невялікую вытворчасьць са сталіцы ў малыя гарады і мястэчкі, улада павінна стварыць дзеля гэтага спрыяльныя ўмовы. Найперш — зьнізіць для такіх бізнэсоўцаў падаткі (а то і ўвогуле вызваліць ад іх на пэўны час). Будзе ў людзей праца — не спатрэбіцца выдаткоўваць дзяржаўныя грошы на сацыяльную дапамогу, папоўніцца мясцовы бюджэт. Тады і ліхтары на вясковай вуліцы зьявяцца, і дарогу будзе на што адрамантаваць.

Аляксандар Сергяевіч з Маладэчна — даўні і зацяты апанэнт беларускіх дэмакратычных лідэраў. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Сёньня, калі ўся наша краіна пасьпяхова разьвіваецца, гэтыя прыхвасьні бягуць да Буша, у Кангрэс ЗША, каб увялі санкцыі супраць уласнага народу. А самі ядуць беларускае сала, хлеб і каўбасу, нічога ня робячы дзеля іх вырошчваньня, а толькі крытыкуючы ўладу. Мэта ясная — давесьці краіну да краху, зваліць Лукашэнку, а самім прыйсьці да ўлады. А каб ісьці ва ўладу, трэба быць найперш адукаваным. Пачытаць Леніна, Пляханава. А нашы хочуць — з гразі ў князі. Сьмешна. Што ўмее ваш Мілінкевіч? Паслухайце ягоныя прамовы — і зразумееце, чаго ён варты.

А гэтая апазыцыйная моладзь? Што яны разумеюць у свае 15—20 год? Гісторыі краіны ня ведаюць, у палітыцы не разьбіраюцца. Хто іх падбівае на гэтае глупства?” — піша Аляксандар Сергяевіч з Маладэчна. — “А потым бацькі стогнуць: “Ах, як цяжка ў турме! Няма лекаў, усе паляць, горача і кепская ежа...” Дык іх жа ніхто ў той рай не прасіў. Ім бы вучыцца, нараджаць дзяцей на карысьць нашай краіны. А яны гультайнічаюць і адцягваюць вялізныя сілы правапарадку, каб гэтыя так званыя шэсьці не заміналі жыцьцю гораду і мірным людзям.

І што той Чарнобыльскі шлях? Замест таго каб крычаць на плошчах бяз толку, папрасілі б Буша, раз ён такі добранькі, аказаць дапамогу кожнаму нашаму ліквідатару — тысяч так па 50 (даляраў). Але яму не да беларускага народу — трэба зваліць уладу”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Сергяевіч з Маладэчна. Вышэй я працытаваў толькі некаторыя фрагмэнты допіса, у якім шмат пэрсанальных зьнявагаў і не падмацаваных фактамі абвінавачаньняў на адрас апазыцыйных лідэраў і замежных палітычных дзеячаў.

Клапаціцца пра ахвяраў Чарнобыля найперш павінна тая дзяржава, якая дапусьціла катастрофу і якая пасылала сваіх грамадзянаў у радыяцыйную зону на ліквідацыю наступстваў, спадар Сергяевіч. Уласна, на гэта і спрабавалі зьвярнуць увагу арганізатары ды ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху. А калі зыходзіць з вашай, спадар Сергяевіч, лёгікі, дык атрымліваецца, што апазыцыя ў адказ на тое, што беларуская ўлада адабрала ў сваіх грамадзянаў “чарнобыльскія” льготы, павінна прасіць у Амэрыкі, каб тая за ўласны кошт кампэнсавала людзям страты.

Што да парады на адрас апазыцыі ехаць на вёску ды падвышаць там ураджаі, каб мець маральнае права есьці беларускія хлеб ды сала... Папрокі гэтыя гучаць не адзін год. А калгасная сыстэма якой неэфэктыўнай ды стратнай была, такой і застаецца. У суседняй Польшчы, дзе ад калгасаў адмовіліся дваццаць год таму, мяса і бульба ўдвая таньнейшыя, чым у Беларусі, а даходы польскіх фэрмэраў у дзесяць разоў вышэйшыя, чым у беларускіх калгасьнікаў. Хто ў гэтым вінаваты, спадар Сергяевіч? Таксама апазыцыя, якая не жадае працаваць на ўздым ляжачых калгасаў?

Наш слухач Віктар Ганчароў з Мастоў згадвае камуністычнае мінулае і разважае пра сьляды, якія пакінула тая эпоха на беларускай зямлі. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Дайшло да таго, што камунізм спрабавалі экспартаваць у іншыя краіны сьвету. Гэта савецкія кіраўнікі, Палітбюро называлі “інтэрнацыянальным абавязкам”. Колькі каштуе той так званы “абавязак”, мы добра адчувалі на ўласнай скуры. Народ, які здабыў перамогу ў жудаснай вайне, сам жыў у галечы. Бо адкуль будуць грошы, калі ўсё ідзе на даўгі? Кажуць, на экспарт камунізму пайшло 100 мільярдаў даляраў. Але хто лічыў тыя мільярды?

Цікава, што як толькі Савецкі Саюз пад цяжарам даўгоў разваліўся, інтэрнацыяналісты таксама кудысьці зьніклі.

Нечалавечую камуністычную ідэалёгію дружна падтрымлівалі ўсе кіраўнікі Беларусі, якая сама жыла ў галечы. Дый сёньня бронзавыя камуністычныя ідалы стаяць на каменных пастамэнтах, іхнымі імёнамі па-ранейшаму названы вуліцы, калгасы, школы... Улада будуе Лінію Сталіна. На прыкладзе камуністычных забойцаў выхоўваюць маладое пакаленьне.

Але настане час — і перастане існаваць гэта псэўдасавецкая эканамічная мадэль — гэтак жа, як разваліўся савецкі маналіт камуністычнай сыстэмы. Пытаньне толькі — у зьмене выбарчага заканадаўства ў Беларусі”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Ганчароў з Мастоў.

Сапраўды, спадар Ганчароў, сымбаляў камуністычнай эпохі ў Беларусі засталося шмат: помнікі Леніну — у кожным горадзе, амаль некранутымі засталіся назвы, зьвязаныя з камунізмам і бальшавіцкімі правадырамі. Але ці шануюць людзі гэтыя сымбалі і гэтыя назвы? Кветкі да помніка Леніну ў двухмільённым Менску на дзень народзінаў правадыра прыносіць сьціплая купка пэнсіянэраў. А ў найвялікшае для бальшавікоў сьвята — 7 лістапада — спадкаемцы рэвалюцыі ня могуць наладзіць нават невялікае шэсьце. Дый высокапастаўленыя беларускія начальнікі, якія сваімі рашэньнямі аберагаюць сымбалі камунізму, самі імкнуцца жыць зусім не па-ленінску — не аскетычна і не разам з пралетарыятам у “хрушчоўках”, а — у рэспэктабэльных, адмыслова пабудаваных для новай буржуазіі і намэнклятуры асабняках.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG