Арцёма затрымалі 16 траўня, калі ён наносіў чырвонай фарбай надпіс “Свабоду Андрэю Кіму!”.
Арцём Ластавецкі паведаміў “Свабодзе”, што 16 траўня ў Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ён нанёс пяць надпісаў “Свабоду Андрэю Кіму!” на адміністрацыйныя будынкі. Баранавіцкія міліцыянты затрымалі яго, калі ён наносіў надпіс пяты раз. У хлопца ў руцэ быў балёнчык з чырвонай фарбай. Арцём распавёў, што ён ня стаў адпірацца і прызнаўся ў палітычных графіці.
Гаворыць Арцём Ластавецкі:
“Мяне затрымалі ў той момант, калі я наносіў надпіс на сьцяну. Таму я й не адпіраўся. Я наносіў надпісы на знак салідарнасьці з Андрэем Кімам. Лічу незаконным тое, што яго пазбавілі волі. 16-га мяне затрымалі, а пасьля гэтага маё кіраўніцтва на працы правяло са мной размову і вымушаны быў пасьля гэтага звольніцца”.
Міліцыянты спачатку абвінавацілі Арцёма ў дробным хуліганстве. Ноч 20-гадовы хлопец правёў у пастарунку баранавіцкай міліцыі. У суботу яго судзілі і пакаралі штрафам.
Пасьля гэтага маладафронтаўца запрасілі ў сьледчы аддзел, дзе яму паведамілі, што супраць яго будзе распачатая крымінальная справа.
Арцём Ластавецкі пасьля заканчэньня вучэльні працаваў на будаўніцтве дарог. Калі адміністрацыя даведалася, што Арцёма судзілі за ўдзел у палітычнай акцыі, яго звольнілі з працы.
Заўтра, 20 траўня, Арцём мусіць наведаць сьледчых. Яны яму паведамяць, паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу распачатая справа. Калі яго абвінавацяць у графіці, то паводле нормаў Крымінальна-працэсуальнага Кодэксу ён мусіць заставацца да суду на волі.