Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газету Слонімскую высяляць. Такая ўстаноўка


Дырэктар Слонімскага быткамбінату пацьвердзіў намер датэрмінова разарваць дамову на арэнду плошчаў з рэдакцыяй “Газеты Слонімскай”.

Дырэктар унітарнага прадпрыемства “Слонімскі быткамбінат” Станіслаў Іванашка заявіў “Свабодзе”:

“Ну, гэта ж маё памяшканьне. Я ж мушу нешта сваё садзіць там. У чужым будынку вечна ж не будзеш.Я іх не вытураю. Я папярэдзіў іх загадзя”.

Карэспандэнт: “Мяркуючы па вашым адказе, зь невялікай ахвотай вы выстаўляеце журналістаў на вуліцу?”.

“З ахвотай, не ахвотай... Зараз такая ўстаноўка: выкарыстоўваць свае плошчы пад сваю вытворчасьць і паслугі”.

Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” арэндавала паверх у “Слонімскім быткамбінаце” цягам 7 гадоў. У штаце рэдакцыі працуе 20 чалавек. За 2007 год рэдакцыя заплаціла ў бюджэт 160 мільёнаў рублёў падаткаў.

Тым часам рэдактара "Газеты Слонімскай" Віктара Валадашчука на сёньня выклікалі ў ваенкамат . Яму паведамілі, што маюць яго забраць на вайсковыя зборы — маўляў, ён будзе служыць у сакрэтным інфармацыйным цэнтры.

Віктар Валадашчук сёньня праходзіў мэдыцынскую камісію разам з навабранцамі. Пасьля аднёс вынікі ў ваенкамат, дзе яму й сказалі, што ён можа ісьці спакойна працаваць далей. Слонімскія мэдыкі далі заключэньне, што паводле стану здароўя Віктар Валадашчук ў мірны час нягодны да вайсковай службы.

Віктар Валадашчук нарадзіўся ў 1958 годзе ў Слоніме. Са Слоніма паходзяць і ягоныя бацькі. Тут скончыў школу, працаваў у раённай газэце, адукацыю атрымаў на журфаку БДУ, працаваў у газэце “Свабода”, з 1997 года зьяўляецца ўласьнікам і рэдактарам “Газеты Слонімскай”. Жанаты, мае дваіх дзяцей.

Ужо некалькі месяцаў “Газета Слонімская” знаходзіцца пад пагрозай закрыцьця. Рэдакцыі адмовілі ў працягу дамовы арэнды без тлумачэньня прычыны, а спробы знайсьці памяшканьне нават у прыватных уласьнікаў не даюць ніякага выніку.

1 чэрвеня рэдакцыя “Газеты Слонімскай” можа апынуцца на вуліцы

Адказны сакратар “Газеты Слонімскай” Мікалай Канановіч расказвае, што перад выданьнем паўстала адразу некалькі сур’ёзных праблемаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэньня.

На мінулым тыдні Віктар Валадашчук апублікаваў на сайце “Газеты Слонімскай” дакумэнт за подпісам начальніка раённага КДБ Аляксандра Мазалькова, адрасаваны загадчыку псыханэўралягічнага аддзяленьня раённай бальніцы.

У адкрытым лісьце Віктар Валадашчук выказвае зьдзіўленьне тым фактам, што КДБ цікавіцца псыхічным здароўем ягоных блізкіх, і патрабуе, каб начальнік раённага КДБ патлумачыў яму прычыну.

На сайце таксама зьмешчана позва з ваенкамату, згодна зь якой Віктар Валадашчук павінен 12 траўня зьявіцца туды. Яшчэ — блянк заявы на імя ваенкома, у якім ваеннаабавязаны дае згоду на правядзеньне КДБ праверачных мерапрыемстваў у адносінах да яго, а таксама на часовае абмежаваньне ў сувязі з гэтым права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця.





Сытуацыя вакол газеты атрымала розгалас у СМІ. Апрача “Свабоды” пра яе пісалa “Нямецкая Хваля”, якая нагадала, што “Газэта Слонімская” – адзінае з дзейных недзяржаўных выданьняў на Гарадзеншчыне.

Радыё “Рацыя” з гэтай нагоды піша, што “Газэта Слонімская” мае магчымасьць дайсьці да чытачоў толькі праз сетку распаўсюднікаў, бо “Белпошта” адмовілася ажыцьцяўляць распаўсюд і прымаць падпіску на выданьне.

Пачаўся збор подпісаў у абарону “Газеты Слонімскай”

Распавядае адзін з ініцыятараў збору лекар Слонімскага раённага шпіталю Іван Шэга:

“Вельмі шмат людзей далучылася да збору подпісаў. Я ў апошнім нумары зьмясьціў свой водгук на гэтыя падзеі. Дык мне нават з вёскі людзі тэлефанавалі, казалі, што ў іх многія чытаюць газэту. Людзі просяць: “Калі ласка, пастарайцеся газэту захаваць, бо яна нам вельмі патрэбная”.

Спадар Шэга кажа, што ён пазнаёміўся з рэдакцыйным калектывам, калі быў абраны дэпутатам Слонімскага раённага Савету і заўсёды дапамагаў газэце інфармацыяй.

“Цяпер, калі ў іх праблемы здарыліся, то мы выявілі ініцыятыву і напісалі зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Са свайго дэпутацкага досьведу ведаю, што ў іншыя інстанцыі зьвяртацца няма сэнсу. А калі сабраць шмат подпісаў, то, мажліва, рэагаваньне атрымаем”,-- зазначыў спадар Шэга.

“Газэта Слонімская” – адно зь лепшае выданьняў Усходняй Эўропы ў 2007-м

Сытуацыю вакол “Газэты Слонімскай” камэнтуе намесьнік старшыні Беларускай Асацыяцыі журналістаў, намесьнік кіраўніка Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Андрэй Бастунец:

“Тое, што адбываецца ў Слоніме -- гэта наступ на выданьне з усіх бакоў. Перашкоды ў распаўсюдзе, пагроза пазбавіць ліцэнзіі на розьнічны гандаль, скасаваньне дамовы арэнды. А вось зараз -- спроба выклікаць рэдактара на вайсковыя зборы і, зноў жа, цікавасьць да яго з боку КДБ і ўмяшальніцтва ў таямніцу асабістага жыцьця. Гэта ўсё сьведчыць на тое, што гэтыя дзеяньні неяк узгодненыя і накіраваныя на зьнішчэньне адзінага на Гарадзеншчыне зарэгістраванага незалежнага выданьня. Але, ня гледзячы нават на праблемы з распаўсюдам, на тое, што іх выключылі з падпіскі, што іх выкінулі з шапікаў “Белсаюздруку”, яны маюць дастаткова вялікі наклад, каля 7 тысячаў асобнікаў. Яны за мінулы год былі названыя фондам часопіса “Цайт” адным зь лепшых выданьняў Усходняй Эўропы, былі ўзнагароджаныя. І зразумела што гэтае выданьне ў рэгіёне карыстаецца і папулярнасьцю, і павагай. Цікавае выданьне”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG