Яшчэ месяц таму, калі Віктара Валадашчука выклікалі ў ваенкамат ён папярэджваў , што сёлета яму спаўняецца 50 гадоў, і ў яго гіпертанія.
У ваенкамаце гэтыя факты пакінулі без увагі, заявіўшы, што прадстаўнікі малодшага афіцэрскага складу, да якога належыць журналіст, падпадаюць пад зборы да 55 гадоў.
Да ўсяго, яму паведамілі, што зьбіраюцца накіраваць служыць у сакрэтны інфармацыйны цэнтар. Як казаў сам В.Валадашчук - пасьля 30 гадоў рэдактара ані разу не забіралі на вайсковыя зборы. І вось сёньня пасьля пасьля мэдыцынскай камісіі ў ваенкамаце прагучала адваротнае.
Валадашчук: “У ваенкамаце ў мяне забралі ўсе паперы, я нічога не падпісваў, а мне сказалі, што ўсё зразумела, і цяпер я вольны. Я запытаўся, ці магу ісьці працаваць. Сказалі ідзі спакойна працуй”.
За некалькі тыдняў да эпапеі з ваенкаматам зьявілася яшчэ адна праблема: рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня. Тэрмін сканчаецца 1 чэрвеня, а новага месца пакуля няма.
Валадашчук: “Я са свайго боку плаціў своечасова за арэнду й памяшканьне падтрымліваў у належным стане й арэндадаўца да мяне прэтэнзій ня меў”.
У гэты ж час па вуснаму загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, а таксама рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі дробнага гандлю (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі), у якім пагроза аб ануляваньні ліцэнзіі.
Усё гэта ў дадатак да таго, што вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты”, не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, паколькі дамову не працягнулі.
А на мінулым тыдні на сайце “Газеты Слонімскай” зьявіўся дакумэнт за подпісам начальніка раённага КДБ Аляксандра Мазалькова, адрасаваны загадчыку псыханэўралягічнага аддзяленьня раённай бальніцы.
У адкрытым лісьце Віктар Валадашчук выказвае зьдзіўленьне тым фактам, што КДБ цікавіцца псыхічным здароўем ягоных блізкіх, і патрабуе, каб начальнік раённага КДБ патлумачыў яму прычыну.
Валадашчук: “Што гэта азначае, я папросту ня ведаю. Магчыма спэцслужбы хацелі праверыць псыхічны стан майго здароўя й маіх блізкіх. Але навошта? Мне пакуль ніхто нічога не патлумачыў”.
Карэспандэнт: “А якія зараз адносіны з мясцовымі ўладамі?”
Валадашчук: “Нашых карэспандэнтаў не дапускаюць на мэрапрыемствы, нават калі туды вольны доступ для ўсіх жадаючых, а іх выганяюць. Ну як працаваць...”
Віктар Валадашчук лічыць, што ўсе гэтыя дзеяньні ў сукупнасьці накіраваны на тое, каб спыніць выхад апошняй незалежнай газэты ў Гарадзенскай вобласьці.
Валадашчук: “Я лічу, што яны хочуць стварыць такія ўмовы працы для нас, каб газэта не выходзіла. Іншага тлумачэньня гэтай сытуацыі я не бачу”.
Віктар Валадашчук нарадзіўся ў 1958 годзе ў Слоніме. Са Слоніма паходзяць і ягоныя бацькі. Тут скончыў школу, працаваў у раённай газэце, служыў у войску, адукацыю атрымаў на журфаку БДУ, працаваў у газэце “Свабода”, з 1997 года зьяўляецца ўласьнікам і рэдактарам “Газеты Слонімскай”. Жонка, Ганна, працуе таксама ў “Газеце Слонімскай” і займаецца рэклямай. Дачка й сын – студэнты. Віктар здаўна аматар фатаграфіі, любіць бавіць час на лецішчы, цікавіцца садаводзтвам.