“З канцом траўня ў нас заканчваецца дамова арэнды памяшканьня рэдакцыі. 1 чэрвеня мы проста можам апынуцца на вуліцы, калі не працягнем арэнду ў гэтым памяшканьні, альбо калі рэдактар усё ж ня знойдзе нейкае іншае памяшканьне, якое пакуль не атрымліваецца знайсьці. Таму што ёсьць такая негалосная забарона арганізацыям, прадпрыемствам не пускаць нашу газэту”.
Карэспандэнт: “Ваш арэндадаўца – дзяржаўнае прадпрыемства?”
“Калі дакладна, то камунальнае, але ў нашых умовах што камунальнае, што дзяржаўнае – розьніцы па сутнасьці няма. Наш арэндадаўца – камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва. А другая праблема ў гэтым шэрагу – ліцэнзія райвыканкаму на розьнічны гандаль на вуліцах горада. Досыць адабраць гэты дазвол, не працягнуць яго, таму што ён таксама заканчваецца ў чэрвені, і тады ўся наша сыстэма распаўсюду, якая зараз існуе, лясьне. Проста гэтых бабулек на вуліцы, якія цяпер прадаюць нашу газэту, будуць адлоўліваць. Ёсьць іншая магчымасьць – наша ўласная падпіска, але гэта невялікі працэнт ад усяго агульнага накладу, які ідзе праз агульную падпіску. Асноўны наклад прадаецца на вуліцах горада”.
Карэспандэнт: “Які агульны наклад “Газэты Слонімскай?”
“Наклад газэты – крышку больш за 7 тысяч асобнікаў. І яшчэ ёсьць у нас іншая газэта -- “Аддушына”. Цяпер мы асобна прадаём дзьве газэты. “Аддушына” таксама зарэгістраваная як грамадзка-палітычная, але яна больш лёгкага накірунку. Больш адрасавана моладзевай аўдыторыі, дзецям старонка штонумар рыхтуецца. Прадаецца ў дыяпазоне 4,5-5 тысячаў асобнікаў. Але выразнага грамадзка-палітычнага гучаньня, канечне, “Газэта Слонімская”. І магу сказаць, што газэту чытаюць, бо ўсё што мы друкуем, прадаецца. Газэта запатрабаваная, купляюць самыя розныя сацыяльныя і ўзроставыя групы”.