“Газету Слонімскую" узнагародзілі за якаснае асьвятленьне падзеяў у рэгіёне, а “Ежедневник” -- за незалежную інфармацыю аб падзеях у Беларусі.
Віктар Валадашчук – галоўны рэдактар слонімскага выданьня сказаў сёньня Радыё “Свабода”:
“Мы лічым гэту прэмію як аванс нашай працы ў газэце, 10-годзьдзе якой мы адзначылі летась. Нашы нумары выходзяць накладам ад 7 да 8 тысячаў залежна ад таго, якія матэрыялы ідуць у тым ці іншым нумары. А распаўсюджваем мы газэту таксама самастойна.
Будзем прыкладаць усе намаганьні, каб зрабіць нашы выданьні, акрамя “Газеты Слонімскай” мы выпускаем яшчэ і газэту “Отдушина”, яшчэ больш прывабнымі для чытачоў”.
Кіраўнікі абодвух выданьняў-ляўрэатаў цяпер вымушаны тэрмінова вывучаць беларускае заканадаўства. Справа ў тым, што афіцыйна прэміі трэба атрымліваць праз Дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе Адміністрацыі прэзыдэнта. А там існуюць жорсткія патрабаваньні, якія тычацца карыстаньня гэтымі грашыма. Таму ня выключана, што беларускія выданьні могуць адмовіцца ад грашовай узнагароды.