Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спачатку пэнсіі падвысілі, а потым надбаўку адабралі...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 16 красавіка 2008 году.


У першыя месяцы году ў эфіры “Свабоды” часта гучала тэма прадпрымальніцкіх пратэстаў. У студзені і лютым прыватныя бізнэсоўцы ў розных рэгіёнах Беларусі ня раз наладжвалі публічныя акцыі супраць прэзыдэнцкага ўказу, у выніку якога яны вымушаныя былі значна скараціць колькасьць найманых працаўнікоў, а ў шэрагу выпадкаў і згарнуць свой бізнэс. Рэха тых пратэстаў у выглядзе крымінальных і адміністратыўных спраў працягвае гучаць у Беларусі дагэтуль.

Наш слухач Іван Жалдак з пасёлку Летцы Віцебскага раёну лічыць, што “Свабода” занадта шмат увагі аддае праблемам дробных прадпрымальнікаў. У сваім лісьце спадар Жалдак піша:

“Адчуваецца, што вельмі ўжо вы спачуваеце камэрсантам. А чаму не спачуваеце простым калгасьнікам — даяркам, сьвінаркам, паляводам, падвозчыкам кармоў на фэрмах? Прадукцыю вырабляем мы, а не камэрсанты. Яны толькі перапрадаюць: купяць недзе за 10 тысяч рублёў, а прададуць за 30 тысяч. Калі ўсе пачнем прадаваць, дык хто будзе вырабляць?

А паглядзіце, якія дамы яны сабе павыбудоўвалі — на 2—3 паверхі. Усе езьдзяць на новых іншамарках.

Як усё гэта ім удаецца — вядома. У нас у Летцах жыве адзін былы бухгальтар, які ўсё жыцьцё адпрацаваў на заводзе ў Віцебску (цяпер на пэнсіі). Дык вось ён нам распавёў: адзін індывідуальны прадпрымальнік прапанаваў яму работу бухгальтара, але з умовай. Ён павінен быў весьці падвойную бухгальтэрыю: адну для падатковай інспэкцыі, а другую — сапраўдную. Дык гэты бухгальтар адмовіўся — не захацеў, каб яго цягалі па міліцыі. Дый грэх перад Богам браць на сябе не пажадаў.

А як яны плацяць сваім прадаўцам? 150—200 даляраў. І пры гэтым яшчэ прымушаюць ісьці на дэманстрацыі”
.

Калі б прадпрымальнікі падчас студзеньскіх і лютаўскіх дэманстрацыяў выйшлі на вуліцу самі ды яшчэ змусілі выйсьці сваіх найманых прадаўцоў, дык на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў тыя дні сабраліся б, напэўна, дзясяткі і сотні тысяч людзей. У сапраўднасьці выйшлі некалькі тысяч — лічаныя працэнты ад агульнай колькасьці саміх зарэгістраваных прадпрымальнікаў.

Так, спадар, Жалдак, ёсьць сярод гандляроў і такія, што вядуць падвойную бухгальтэрыю і хаваюцца ад падаткаў. Але гэтак жа сярод вашых калегаў — работнікаў фэрмаў — ёсьць такія, што крадуць калгасны камбікорм альбо малако. Ці азначае гэта, што варта агулам усіх даглядчыкаў жывёлы лічыць злодзеямі і зламысьнікамі?

І яшчэ — наконт стэрэатыпнага ўяўленьня некаторых пра тое, што прыватныя прадпрымальнікі нібыта нажываюцца на патрэбах бедных людзей. Ніхто не змушае купляць тавар у дробнага гандляра — можна пайсьці па гэты ж тавар у дзяржаўную альбо каапэратыўную краму. Але чаму тады пераважная большасьць небагатага насельніцтва аддае перавагу менавіта рынку? Адказ для ўсіх відавочны: цэны там ніжэйшыя. Што адбываецца з цэнамі і таварамі, калі забараняюць прыватны гандаль, былыя савецкія грамадзяне добра памятаюць.

Таксама на тэму становішча прадпрымальнікаў у Беларусі — фрагмэнт зь ліста Галіны Анісавец зь Менску. Слухачка піша:

“Не ад добрага жыцьця ў свой час прыйшлі гандляваць на рынак учорашнія настаўнікі, інжынэры, мэдыкі. Якія заробкі былі ў іх на пачатку 90-х гадоў? Дый цяпер на настаўніцкую зарплату не пашыкуеш. Праца на рынку — нялёгкая, фізычна і маральна цяжкая, але на заробленыя грошы прынамсі можна ўтрымліваць сям’ю.

І вось многія рынкавыя гандляры губляюць той занятак, які карміў іх апошнія пятнаццаць гадоў. Куды ім цяпер падзецца? Іхныя дыплёмы настаўнікаў, урачоў ды інжынэраў нікому не патрэбныя: яны даўно страцілі сваю кваліфікацыю. Перавучвацца наноў, калі табе даўно за сорак? Нерэальна. Дзяржава не падумала, да якіх чалавечых трагедый могуць прывесьці яе экспэрымэнты над жывымі людзьмі”.


Сапраўды, цэнтры занятасьці найчасьцей прапануюць прадпрымальнікам, якія страцілі свой бізнэс, ісьці на будоўлю чорнарабочымі альбо ў камунальную гаспадарку прыбіральшчыцамі ды дворнікамі. Такая вось пэрспэктыва для людзей з вышэйшай адукацыяй і багатым досьведам арганізатарскай працы.

Аўтар наступнага ліста — Мікола Молат з Ваўкавыску — зьвяртаецца да нас са сваімі заўвагамі і прапановамі. Ён піша:

“Ня ўсё ў вашых перадачах мне падабаецца. Вельмі мала часу даяце на лісты і званкі слухачоў. А гэта ж — самае цікавае, бо ніводзін карэспандэнт ня ведае таго, што ведаюць людзі, якія жывуць у вёсках і пасёлках далёка ад Менску.

Нядаўна пачуў па “Свабодзе”, што ўлада зрабіла “невыязным” Анатоля Лябедзьку — за тое, што ён нешта ня так сказаў пра Лукашэнку (нібыта абразіў яго). А як быць з тым, што Лукашэнка абразіў нашых прадпрымальнікаў, назваўшы іх “вашывымі блохамі”? А апазыцыйных дзеячаў, сярод якіх шмат высокаадукаваных людзей, называць “дзермакратамі” дазваляецца? А моладзь, якая ня хоча цярпець прыніжэньні і абразы і дзеля гэтага выходзіць на вуліцу, называць “адмарозкамі” можна?”


Лістам і тэлефанаваньням слухачоў, спадар Молат, мы і далей будзем аддаваць самую пільную ўвагу. Паведамляйце цікавыя навіны, уздымайце грамадзка значныя праблемы — і для вашых допісаў і званкоў абавязкова знойдзецца месца ў нашым эфіры.

Што да пашырэньня сьпісу “невыязных” за кошт апазыцыйных палітыкаў і актывістаў. У кіраўніцтве Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якую ўзначальвае Анатоль Лябедзька, лічаць, што ўлада адмыслова робіць гэта, адказваючы такім чынам на санкцыі Эўразьвязу і ЗША супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якім забаранілі наведваць Захад.

Пра клопаты вясковых пэнсіянэраў працягвае паведамляць у сваіх лістах на “Свабоду” наш сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

“Хачу распавесьці, як дзіўна выплочвалі нам пэнсіі за люты і сакавік, — піша слухач. — Спачатку пэнсіі падвысілі (ня надта значна, але ўсё ж). А потым вырашылі дабаўку адабраць. А людзям нічога не патлумачылі. Проста прыйшла паштальёнка з пэнсіяй, а чалавек бачыць, што налічана яму чамусьці меней, чым у папярэднім месяцы. Некаторым зьнізілі нават на 18 тысяч рублёў. Ну, людзі абураюцца, бегаюць за паштальёнкай. Давялі яе сваімі папрокамі. Сам быў сьведкам такога выпадку, калі яна не сьцярпела, кажа: “Зьвяртайцеся да прэзыдэнта. Навошта мне з вамі спрачацца! Адкуль я ведаю, чаму спачатку паднялі, а потым зьнізілі?”

Калі пэнсіі паднімалі, дык уся дзяржаўная прэса трубіла пра гэта. А калі дабаўку адабралі, дык усе — маўчок. І навошта так нэрваваць народ?”


Ня толькі ў Маларыцкім раёне — у многіх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў Менску, пэнсіянэраў непрыемна зьдзівіў той факт, што абяцаная і ўжо аднаго разу выплачаная падвышка пэнсіі раптам была скарочаная альбо адмененая. І гэта на тле высокай інфляцыі, няспыннага росту коштаў на самае неабходнае харчаваньне. Ніякіх тлумачэньняў ад улады наконт гэтага не прагучала. Хоць у сапраўднасьці гэта значна больш красамоўна, чым любыя лічбы афіцыйнай статыстыкі, сьведчыць пра рэальны стан і тэндэнцыі беларускай эканомікі.

Наш слухач Ільля Копыл зь Менску нядаўна ўдзельнічаў у агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысьвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра свае ўражаньні ён паведамляе ў лісьце на “Свабоду”.

“Не магу сьцьвярджаць, што адчуваў сябе ў гэтыя хвіліны школьнікам, які прыйшоў на іспыт, — піша Ільля Копыл. — Дыктоўка для мяне стала такім жа мерапрыемствам, як сьвяткаваньне Дня Волі, як Чарнобыльскі шлях. На маю думку, сама ідэя такой дыктоўкі накіраваная на тое, каб паказаць насельніцтву краіны, уладзе, Эўропе, усяму сьвету, што наша мова не памерла, што ў Беларусі шмат людзей, якія размаўляюць на роднай мове і гатовыя бараніць яе даступнымі сродкамі.

Беларуская мова не памрэ, бо ў нас сёньня ёсьць Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў, Генадзь Бураўкін і шмат іншых, усіх не пералічыць. Багатую спадчыну пакінуў нам Васіль Быкаў. А колькі пісьменьнікаў аддалі сваё жыцьцё за нашу мову ў змрочныя савецкія часы!

Можа, мая думка надта спрошчаная, але я лічу: вось зьменіцца ўлада, новы прэзыдэнт будзе размаўляць па-беларуску — і яго атачэньне вымушана будзе падладжвацца пад новую палітыку. І пачнецца ланцуговая рэакцыя зьверху ўніз. Галоўнае — не прамаргаць незалежнасьць краіны. А небясьпека існуе, і яна ўзрастае”.


Пры зьмене ўлады моўная сытуацыя ў Беларусі можа складацца прыблізна гэтак жа, як яна складалася на працягу апошніх васямнаццаці гадоў у Цэнтральнай і Ўсходняй Украіне. Да распаду СССР маштабы русыфікацыі там былі прыблізна такія ж, як і ў сёньняшняй Беларусі. Нельга сказаць, што ўкраінская мова там сёньня пануе ва ўсіх сфэрах. Але тое, што ёй цяпер нішто не пагражае, што ўкраінскай мовай валодае і карыстаецца кожны чыноўнік, кожны школьнікі і студэнт — дакладна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG