Міністар культуры Ўладзімер Мацьвяйчук распавёў, што на тэрыторыі сквэру плянуецца стварыць архітэктурны ансамбль з фантанам і скульптурнымі кампазыцыямі.
Як творчая інтэлігенцыя ставіцца да пераносу помніка Багдановічу?
Помнік Максіму Багдановічу каля опэрнага тэатру зьявіўся ў 1981 годзе, да 90-годзьдзя паэта. Для скульптара Сяргея Вакара гэтая праца была невыпадковай, першы партрэт паэта ён стварыў у 1969 годзе. Потым было некалькі варыянтаў помніка ў поўны рост, але ўрэшце спыніліся на бронзавай статуі вышынёй 4,6 мэтра. У правай руцэ паэт трымае букет валошак.
Падчас рэканструкцыі тэатру опэры і балету ўзьнікла ідэя ўпрыгожыць сам будынак скульптурамі музаў, а на месцы помніка Багдановічу ўзьвесьці фантан са скульптурнымі кампазыцыямі. Ёсьць прапановы перанесьці помнік на пляцоўку насупраць Сувораўскай вучэльні, ёсьць — бліжэй да музэю паэта па вуліцы Багдановіча.
Архітэктар інстытуту “Мінскпраект” Ірына Сінельнік, кіраўнік праекту рэканструкцыі, кажа:
“Пакуль ня будзе праекту пастановы аб пераносе помніка, рана пра што-небудзь казаць. Ёсьць два меркаваньні. Чыё меркаваньне пераможа — я пакуль прагназаваць не магу. Ня вельмі ўдалае было выбрана месца. Помнік вельмі лірычны, рамантычны. Будынак у стылі канструктывізму – такі парадны, пампэзны – зусім яму не пасуе як фон. Да таго ж, да опэрнага тэатру ён ня мае дачыненьня. Ну, а як вырашыцца пытаньне – я пакуль ня ведаю”.
Скульптар Алесь Шатэрнік, які добра знаў скульптара Сяргея Вакара (ужо нябожчыка), кажа:
“Я ведаю, што аўтары — архітэктары — супраць усякага пераносу. Леанард Маскалевіч і Юры Казакоў былі суаўтарамі архітэктара Сяргея Вакара. Яны кажуць, што не былі даведзеныя да канца працы па ўпрыгожваньні малымі архітэктурнымі формамі. Я размаўляў з Маскалевічам, ён паказаў мне цэлы стос папераў, праектаў, і кажа, што на добры толк трэба было б давесьці справу да канца, як і было задумана. Я лічу, што сам помнік можна было б перанесьці бліжэй да скрыжаваньня вуліц Максіма Багдановіча і Янкі Купалы”.
Алесь Шатэрнік таксама прапануе ўпрыгожыць сквэр малымі архітэктурнымі формамі, зьвязанымі з творчасьцю паэта.
Скульптар Генадзь Буралкін, які зараз працуе над скульптурамі чатырох музаў, якія ўпрыгожаць будынак тэатру, выказаў наступнае меркаваньне:
“Я думаю, помнік меркаваўся не для тэатру. Проста выбралі месца, дзе больш-менш ціха і спакойна. На мой погляд, Багдановіч варты добрай плошчы. Магчыма, у той час, калі ставілі, гэта было і добра, не знайшлі іншага месца... Я б наагул зьняў Калініна і зрабіў бы плошчу Багдановіча...”
Іншы скульптар, Уладзімер Жбанаў, перакананы, што гэта адзін з найлепшых помнікаў Менску, і стаіць ён на сваім месцы, ствараўся адмыслова для гэтай пляцоўкі, выкананы ў аптымальных прапорцыях да будынку тэатру:
“Набытыя раней каштоўнасьці нельга чапаць. Сёньня гэтаму ансамблю перашкаджае Багдановіч, заўтра — што-небудзь іншае. Пры жыцьці скульптара Сяргея Вакара гэты помнік быў прыняты на “ўра”, стаў адметнасьцю і ўпрыгожаньнем Менску. Зьявілася новая, сучасная скульптура. Я супраць зьмяненьня любой скульптуры, любой скульптурнай кампазыцыі — гэта нельга кранаць”.