Такім чынам, Горадня ўзяла ўдзел у сусьветным кінафэсьце “Адзін сьвет-2008”, што прысьвечаны правам чалавека. Арганізавалі паказ прадстаўнікі незарэгістраванага Руху “За свабоду”.
На паказе прысутнічаў кіраўнік чэскай амбасады зь Менску Ўладзімір Румл.
Карэспандэнт: “Я прыйшоў на фэст дакумэнтальнага кіно і адразу ўбачыў людзей з пагонамі, і нават бачу галоўнага ідэёляга гораду Сяргея Дубаўца. Добры дзень! Вы прыйшлі забараніць, ці не? А, удзельнічаць?”
Пажарная служба гаворыць, што трэба дадатковыя вогнетушыцелі.
Пажарнік: “Значыцца, павінен быць хоць адзін дзесяцілітровы…”
“Адзін маю, калі трэба два тады знойдзем…”, гаворыць кіраўніца ТБШ Тацяна Канопкіна.
Канопкіна: “Ну вось дзе гэта напісана? Калі я зьбіраю сябраў сваёй арганізацыі і мы робім прагляд, гэта забаронена ці не?”
Пажарнік: “Прагляд усіх фільмаў у кінатэатры ў нас”.
Канопкіна: “Такіх фільмаў вы ў кінатэатры ня ўбачыце”.
Кінасэанс “Куба лібрэ” прыцягнуў увагу гісторыка і журналіста Ўладзімера Хільмановіча.
Карэспандэнт: “У цябе ўзьнікаюць асацыяцыі, пытаньні, чаму менавіта зь фільма з такой назвай пачалі?”
Хільмановіч: “Безумоўна, асацыяцыі паміж Беларусьсю і Кубай увесь час узьнікаюць, але, зь іншага боку, заўсёды ёсьць перакананьне, што нашая сытуацыя недэмакратычнага дзяржаўнага кіраўніцтва ня будзе такой працяглай, як на Кубе. Мы жывем не на высьпе, і я перакананы папросту, што беларусам не наканаваны такі лёс, як кубінцам. Тым ня менш, беларусам гэта – добры напамінак пра тое, што дыктатура можа трываць досыць доўга, і гэта добры ўрок Кубы для ўсіх краінаў”.
На кінапаказ у Горадню прыехаў кіраўнік Чэскай амбасады зь Менску Уладзімір Румл.
Карэспандэнт: “Сп.Румл, я стаў шукаць у інтэрнэце, што гэта — “Куба лібрэ”, але не знайшоў рэцэпту, а вы ведаеце, што гэта за напой “Куба лібрэ”?
Румл: “Я дакладна таксама ня ведаю, але я думаю, што гэта будзе які-небудзь кактэйль, зроблены з кубінскага рому і, думаю, нядрэнны. Я таксама думаю, што гэты фільм будзе добры, якасны і мы атрымаем добрую інфармацыю, што адбываецца на Кубе сёньня”.
Арганізатарам паказу зьяўляецца рух “За свабоду”, адзін з прадстаўнікоў якога — Павал Мажэйка.
Карэспандэнт: “Вас не заінтрыгавала, што гэта за напой “Куба лібрэ”, які нібыта шырока распаўсюджаны на Кубе?”
Мажэйка: “Мы, калі абралі менавіта гэты фільм, нас цікавіла перш за ўсё тая гісторыя, той вынік, да якога прывяла рэвалюцыя Фідэля Кастра: Куба застаецца таталітарнай краінай, якая мае праблемы з правамі чалавека. Нам гэта было важна, а не напой. Хутчэй за ўсё, яго стварылі турысты, левацкая прэса, якая шукала ў Кубе сваіх юнацкіх мараў пра перамогу сацыялізму”.
Карэспандэнт: “Чэ Гэвара, Фідэль?”
Мажэйка: “Так, безумоўна”.
Чэскі амбасадар Уладзімір Румл сказаў уступнае слова да кінафільма пра Кубу. У прыватнасьці, ён зазначыў наступнае:
Румл: “Рэжысэр, нягледзячы на рызыку перасьледу, зьняў карціну пра сучасную кубінскую дыктатуру, у якой паказаў рэальнасьць, схаваную за рамантычнымі уяўленьнямі турыстаў”.
Не зважаючы на пажарнікаў, кінасэанс распачаўся, і Павал Мажэйка ўбачыў, што паказваюць якраз “Куба лібрэ”...
Мажэйка: “Гэты напой – проста ром з колай. Калі ў бары замаўлялі “Куба лібрэ”, гэта азначала — мы жадаем вам, каб Куба была свабоднай, мы жадаем свабоднай Кубы”.
Павал Мажэйка паказаў сёньня чэскаму амбасадару Ўладзіміру Румлу Стары горад, Каложу, замкі. Паводле Паўла, за імі ўвесь час хадзіў чалавек у цывільным, што рабіў апэратыўную відэаздымку. Нават у карчме, куды яны зайшлі пад’есьці, на стале ўжо стаяла торбачка з вочкам аб’ектыву.
Павал Мажэйка таксама сказаў, што чэскі госьць хацеў пакаштаваць якой-небудзь адметнай беларускай гарадзенскай стравы, але такой яны не знайшлі.