Старшыня Рады Народных Міністраў БНР Вацлаў Ластоўскі і міністар замежных справаў Аляксандар Цьвікевіч ехалі на канфэрэнцыю ў складзе літоўскай дэлегацыі. Першым прыпынкам па дарозе ў Геную быў Бэрлін.
Цягнік прыйшоў на Schlesischer Bahnhof са спазьненьнем. Як неўзабаве выявілася – бэрлінская паліцыя прадпрымала надзвычайныя захады бясьпекі ў сувязі з прыездам савецкай дэлегацыі, якая мелася на некалькі дзён спыніцца ў Бэрліне для правядзеньня кансультацыяў зь немцамі. Выходзячы з вакзальнага будынку, Ластоўскі азірнуў падарожны натоўп і нечакана пабачыў знаёмы твар.
Чарнявы чалавек з запалымі шчокамі, сустрэўшы позірк прэм’ера, імгненна зьнік.
Ластоўскі аднак, як ні сіліўся, так і ня мог прыгадаць – хто ж гэта быў? І толькі праз два тыдні ў Генуі сам сабою знайшоўся адказ на гэтую загадку. Пераглядаючы газэты, сакратар літоўскай дэлэгацыі Ляонас Бістрас знайшоў паведамленьне, што ў Генуі была арыштаваная група расейскіх тэрарыстаў, якія рыхтавалі пакушэньне на кіраўніка савецкай дэлегацыі Георгія Чычэрына. Сярод іх быў і Георгі Эльвэнгрэн, былы дараднік ваенна-дыпляматычнага прадстаўніка БНР у Фінляндыі. Той самы, які натрапіўся Ластоўскаму на бэрлінскім вакзале.
Тэрарысты рыхтавалі замах на бальшавіцкіх дыпляматамі яшчэ ў Бэрліне – ад падкупленага афіцэра паліцыі Эльвэнгрэн даведаўся дакладны маршрут іх рухаў. Аднак у вырашальны момант першы кілер пакінуў сваё месца – зайшоў на момант у прыбіральню. Дублёр мог страляць, але чамусьці не наважыўся. Давялося ехаць за дэлегацыяй у Геную. 13 красавіка, праз тры дні пасьля адкрыцьця канфэрэнцыі італьянская паліцыя арыштавала замахоўцаў. Дзякуючы заступніцтву Мусаліні, яны былі вызваленыя і высланыя ў Францыю.
***
Беларуская кар’ера Георгія або Юрыя Эльвэнгрэна пачалася ў чэрвені 1920 году. Васіль Захарка, які ў Рэвэлі вёў з эстонскім урадам перамовы аб прызнаньні БНР, знайшоў сабе памочнікаў у асобе генэрала Алега Васількоўскага і палкоўніка Георгія Эльвэнгрэна. Захарка параіў ураду прызначыць Васількоўскага дыпляматычным прадстаўніком у Фінляндыі, а Эльвэнгрэна – ягоным дараднікам.
”Людзі гэтыя шчыра вялі нашую працу на інтэрнацыянальнай тутака мове рускай і францускай і няхай прадаўжаюць яе”, - пісаў Захарка ў лісьце да Ластоўскага ў Коўна. Як у Фінляндыі, гэтак і ў Эстоніі ў генэрала з палкоўнікам было шмат знаёмых, якія, паводле Захаркі, маглі б прынесьці беларускай справе шмат карысьці. Эльвэнгрэна ён атэставаў як ”надта здольнага чалавека, добра знаёмага з нацыянальнымі рухамі народаў” і дадаў, што ”ён – беларус Менскай губэрні”. Падобнае ўражаньне пакінулі абодва афіцэры і на Янку Чарапука - ”людзі, відаць, выдатныя дзяржаўнікі і на першы погляд шчыра адданыя нашай справе”.
Дзеля большай пэўнасьці перад залічэньнем на службу новыя беларускія дыпляматы склалі пісьмова ўрачыстую прысягу:
”Даю гэтую падпіску, а разам з гэтым гонарам і сумленьнем маім сьведчу, што буду шчыра і сумленна працаваць дзеля адраджэньня і ўзмацаваньня Беларускай Дзяржаўнасьці, буду ўсюды, ні сіл ні жыцьця сваіх не шкадуючы, бараніць Незалежнасьці і Непадзельнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі; ускладзеныя на мяне службовыя абавязкі спаўняць буду пільна і акуратна, а службовыя і дзяржаўныя сакрэты буду захоўваць”.
Запрашаючы на службу Эльвэнгрэна, кіраўніцтва БНР і не здагадвалася, з кім мае справу. Хто ж быў гэты ”добра знаёмы з нацыянальнымі рухамі народаў” чалавек? Нарадзіўся ён у 1889-м у Пецярбурскай губэрні (а зусім ня ў Менскай) у сям’і палкоўніка Фінляндзкай гвардыі. Скончыў кадэцкі корпус, кавалерыйскую вучэльню і ў 1910 годзе паступае ў званьні карнэта ў прэстыжны полк гэтак званых ”сініх кірасіраў”, расквартараваны ў Гатчыне. Малады й спрытны карнэт, паводле ўспамінаў паплечнікаў, неўзабаве становіцца кумірам усіх гатчынскіх гімназістак.
З пачаткам вайны Эльвэнгрэн адзначыўся незвычайнай і рызыкоўнай адвагай, заслужыўшы Георгіеўскі крыж. Падчас бурлівых падзеяў 1917 году, ужо ротмістар, ён нечакана ўсплывае то ў адным, то ў другім месцы, пакуль не трапляе ў Сымфэропаль, дзе ўдзельнічае ў ваенным камандаваньні крымска-татарскімі аддзеламі ў баях з бальшавікамі. Баі гэтыя працягваюцца ўсяго некалькі дзён, пасьля чаго Крым пераходзіць у рукі бальшавікоў.
Пасьля гэтага кароткага эпізоду Эльвэнгрэн зьяўляецца ў Фінляндыі. У сакавіку 1918-га яму даручаецца камандаваньне 1-м Карэльскім палком які на баку белых сілаў бярэ ўдзел у фінскай грамадзянскай вайне. Неўзабаве полк – у сьціплай колькасьці 630 чалавек – у выніку глыбокага рэйду ў тыл ворага разьбівае ўтрая мацнейшыя сілы чырвоных каля мястэчка Раўту (цяпер Саснова), забясьпечыўшы фінскаму беламу войску кантроль на Карэльскім перашыйку. Гэты бліскучы манэўр, пасьля якога Эльвэнгрэна пачалі называць героем Раўту, адбыўся 25 сакавіка 1918 году.
Пасьля заканчэньня фінскай Вызвольнай вайны Эльвэнгрэн займае пасаду памежнага камэнданта ў Вііпуры (Выбаргу), жэніцца і жыве спакойным жыцьцём, пакуль не надараецца новая прыгода. У чэрвені 1919 году яго наведвае дэлегацыя сялянскіх паўстанцаў з Паўночнай Інгерманляндыі. Жыхары гэтага краю – на поўнач ад Петраграду – не пажадалі далей цярпець бальшавіцкую продразьвёрстку і гвалтоўную мабілізацыю ды пастанавілі распачаць збройнае змаганьне. Зьяўленьне сялянскіх дэлегатаў было для нашага героя цалкам нечаканым. Як ён прызнаецца пазьней, пра Інгерманляндыю і інгерманляндцаў ён дагэтуль нічога ня чуў і вельмі туманна ўяўляў сабе хто яны і чаго дамагаюцца. Аднак на прапанову ўзначаліць збройныя сілы паўстанцаў згадзіўся бязь лішніх ваганьняў.
Прыняўшы камандаваньне, Эльвэнгрэн аддае загад аб наступе. На некалькі дзён паўстанцы займаюць усю памежную паласу, аднак надыходзіць бальшавіцкае падмацаваньне, і пад кантролем паўстанцаў застаецца толькі пяць вёсак. На сходзе ў Раўту Эльвэнгрэн абіраецца старшынём Часовай Камісіі Паўночнай Інгерманляндыі – кіраўніком ураду. Новая дзяржава мае свой герб, гімн і сьцяг – сіні крыж з чырвонай каймой на жоўтым фоне. Урад засноўвае ўзнагароду – Крыж Белай Сьцяны, выпускае паштовыя маркі, выдае газэту. Дзейнічаюць суды, пошта і водны флёт (параплаў, шхуна і два чаўны).
***
У красавіку 1920 году адбываюцца мірныя перамовы Фінляндыі з бальшавіцкай Расеяй. Памежная зона дэмілітарызуецца, і незалежная, хоць нікім і не прызнаная, Паўночная Інгерманляндыя перастае існаваць. Георгі - або па-фінску Юр’ё – Эльвэнгрэн, урачыста атрымаўшы Крыж Белай Сьцяны, разьвітваецца з кіраўнічай пасадай і выходзіць на новы жыцьцёвы паварот.
На даручэньне кіраўніка фінскай выведкі Бэртэля Озаліня Эльвэнгрэн выяжджае ў Варшаву, дзе наладжвае кантакт з Барысам Савінкавым і становіцца ягоным прадстаўніком у Фінляндыі. Расейскі Палітычны Камітэт Савінкава рыхтаваў супольны збройны выступ памежных краінаў супраць бальшавікоў. Эльвэнгрэн – на той час ужо палкоўнік – разам са сваім паплечнікам генэралам Васількоўскім займаецца вэрбоўкай афіцэраў, якія жадаюць ваяваць у Расеі. Падчас гэтай акцыі яны і сустракаюцца ў Рэвэлі з Васілём Захаркам. Празь нейкі тыдзень пасьля гэтай першай сустрэчы Георгі-Юры-Юр’ё Эльвэнгрэн становіцца грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская служба палкоўніка Эльвэнгрэна працягнулася нядоўга. Празь нейкі час непазьбежна выявіліся ягоныя сувязі з Расейскім Палітычным Камітэтам Савінкава ды з бацькам Булак-Балаховічам – гэткія кантакты былі расцэненыя ўрадам Ластоўскага як не зусім дарэчныя для беларускага дыплямата. У сакавіку 1921 году Эльвэнгрэна звальняюць з пасады дарадніка дыпляматычнага прадстаўніка ў Фінляндыі.
Далейшы авантурны лёс ”знаўцы нацыянальных рухаў” склаўся драматычна. Пасьля некалькіх гадоў працы ў падпольна-тэрарыстычных структурах Савінкава (прыгадаем падзеі ў Генуі), пасьля няўдачы ў падрыхтоўцы антыбальшавіцкага партызанскага руху ў Беларусі, Украіне і Заходняй Расеі, Георгі Эльвэнгрэн наважваецца на сваю апошнюю місію. У 1925-м ён нелегальна прыяжджае ў Расею для разгортваньня падпольнай працы. Празь нейкі час яго арыштоўваюць пад Цьвер’ю і 9 чэрвеня 1927 году асуджаюць на расстрэл. За яго спрабуе заступіцца фінскі пасол у Маскве, але наркам замежных справаў Ліцьвінаў гэтае заступніцтва адпрэчвае: рэч у тым, што Эльвэнгрэн прыехаў у СССР з румынскім пашпартам і на фінскае грамадзянства не спасылаўся.
І апошні беларускі штрых у гэтай гісторыі. Маці нашага героя звалася Адэляіда-Марыя Шчавінская, і прычынай таго, што падчас прыёму на дыпляматычную службу Георгі Эльвэнгрэн назваўся ”беларусам Менскай губэрні”, якраз і магло быць яе беларускае паходжаньне.
Пры падрыхтоўцы гэтай гісторыі былі выкарыстаныя матэрыялы артыкулу пецярбурскага дасьледніка Андрэя Пюкенэна Yrjö Elfvengren, the soldier of Russia and Finland.