І вось напярэдадні расейскіх выбараў мне прыйшло ў галаву паразмаўляць зь вялікай плоймай не апошніх у Расеі экспэртаў наконт таго, якімі, на іх погляд, будуць дачыненьні іх бацькаўшчыны з нашай пасьля 2 сакавіка.
Адразу скажу, што набор суразмоўцаў, відаць, не зусім рэпрэзэнтатыўны, сярод іх не было ні зацятых “патрыётаў”, ні прадстаўнікоў выразнай дэмакратычнай апазыцыі Крамлю. Але гэта і не адна палітычная плынь, у сваіх расейскіх справах тыя, каму я задаваў свае пытаньні, займаюць даволі розныя палітычныя пазыцыі, аднак прадстаўляючы разам пэўны мэйнстрым, галоўны накірунак расейскай палітычнай думкі.
Ня ведаю, як вас, а мяне ў гэтым шматгалосым хоры зьдзівіла рэдкая зладжанасьць што да беларуска-расейскіх дачыненьняў, прынамсі, да пэрспэктываў і магчымасьцяў палітычнага аб’яднаньня. Наконт пажаданасьці ці непажаданасьці такога зьліцьця думкі якраз розныя, адны (шчыра або не) кажуць пра волю народаў да аб’яднаньня, іншыя (зноў жа шчыра або не) кажуць пра тое, што і задарма, на іх погляд, Расеі Беларусь не патрэбная.
Але вось наконт магчымасьці такога сцэнару – дзіўнае адзінадушша: гэтага ня можа быць. Чаму? Калі каротка – таму што Лукашэнка. Некаторыя пры гэтым прыгадваюць пра інтарэсы беларускай уладнай эліты і грамадзтва ў цэлым, але паводле гэтых экспэртаў у пытаньні захаваньня дзяржаўнасьці і эліты і грамадзтва падтрымліваюць лідэра, ці па меншай меры не ствараюць яму ў гэтым перашкодаў.
А з Лукашэнкам, на думку расейскіх экспэртаў, атрымліваецца вельмі проста.
Аддаць яму за аб’яднаньне столькі, колькі ён хоча, немагчыма зыходзячы з інтарэсаў расейскай палітычнай эліты, дый з інтарэсаў незалежнай ад Беларусі расейскай дзяржавы таксама (“гэта і надта шмат і надта канфліктна”, паводле выразу Сяргея Маркава). А прымусіць яго пайсьці на аб’яднаньне на расейскіх умовах Расея ня мае рэсурсаў.
У гэтым, дарэчы, цікавае адрозьненьне ад меркаваньняў некаторых беларускіх эмігрантаў у Маскве, паводле якіх магутная Расея магла б дамагчыся ад хілай Беларусі чаго заўгодна хоць заўтра. У той жа час карэнныя “русакі” бачаць хутчэй абмежаваньні магчымасьцяў сваёй краіны ў гэтым накірунку, абмежаваньні і зьнешнія - у іх вачах Беларусь не выглядае такой ужо слабой, і ўнутраныя – Крэмль можа дазволіць сабе не любыя дзеяньні адносна заходняй суседкі.
На гэта, праўда, можна сказаць, што сярод апытаных мной экспэртаў неяк не знайшлося ніводнага з прозьвішчамі Пуцін ці Мядзьведзеў, а таму і меркаваньні і прагнозы іх каштуюць няшмат: вырашаць у Крамлі выцягнуць саюзны праект з “даўгой скрыні”, дык і не спытаюць разумнікаў, што ўдзельнічаюць у “Праскім акцэнце”. На такі патэнцыйны закід адкажу, што, па-першае, важныя дзяржаўныя рашэньні ў Расеі ўсё ж прапрацоўваюцца на экспэртным узроўні, так што як раз гэтых ці да іх падобных адмыслоўцаў як раз і спытаюць. А, па-другое, сабраныя мной меркаваньні – гэта ня толькі ацэнкі, гэта і індыкатар настрою расейскай эліты, тых, хто вызначае, у чым палягаюць інтарэсы іх краіны і як яны суадносяцца зь яе магчымасьцямі. Ня ў тым нават справа, што аўтарытарная ўлада ня можа зрабіць нешта, што не адпавядае супольнаму меркаваньню эліты, у прынцыпе можа, справа ў тым, што проста ня прыйдзе ў галаву гэта рабіць.