Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвясьцілі пра дапамогу Ўкраіне ў 5,9 млрд даляраў перад заканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў Байдэна


Паводле зьвестак амэрыканскіх СМІ, ЗША паставяць Украіне і зэнітна-ракетныя сыстэмы HAWK
Паводле зьвестак амэрыканскіх СМІ, ЗША паставяць Украіне і зэнітна-ракетныя сыстэмы HAWK

30 сьнежня Злучаныя Штаты абвясьцілі пра новы трохкампанэнтны пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 5,9 млрд даляраў. Белы дом нарошчвае падтрымку ахопленай вайной Украіны да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта Джо Байдэна ў наступным месяцы.

Раней 30 сьнежня Белы дом абвясьціў аб выдзяленьні Ўкраіне пакета вайсковай дапамогі на 2,47 мільярда даляраў.

Празь некалькі гадзін кіраўніца Міністэрства фінансаў ЗША Джанэт Элен абвясьціла аб выдзяленьні яшчэ 3,4 мільярда даляраў у якасьці прамой бюджэтнай дапамогі Ўкраіне, адзначыўшы, што гэтая дапамога «паступае ў крытычны момант, бо Расея ўзмацняе свае атакі на ўкраінскіх цывільных асобаў і крытычна важную інфраструктуру».

«Я даручыў сваёй адміністрацыі працягваць аказваць Украіне як мага большую дапамогу як мага хутчэй — уключаючы пастаўкі старой амэрыканскай вайсковай тэхнікі для Ўкраіны, хуткую дастаўку яе на поле бою, а потым аднаўленьне абаронна-прамысловай базы ЗША для мадэрнізацыі і папаўненьня нашых запасаў новай зброяй», — сказаў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у заяве Белага дома.

Нягледзячы на абяцаньне працягваць нарошчваць падтрымку Ўкраіне, гэты пакет дапамогі, хутчэй за ўсё, стане апошнім прапанаваным адміністрацыяй Байдэна, якая, як кажуць, асьцерагаецца, што абраны прэзыдэнт Дональд Трамп значна скароціць або спыніць пастаўкі зброі ва Ўкраіну, каб падштурхнуць Кіеў да перамоваў аб мірным урэгуляваньні з Расеяй.

«На маё ўказаньне Злучаныя Штаты працягнуць нястомна працаваць над умацаваньнем пазыцыяў Украіны ў гэтай вайне на працягу рэшты тэрміну майго знаходжаньня ва ўладзе», — дадаў Байдэн.

Інаўгурацыя Трампа заплянаваная на 20 студзеня 2025 году.

Расея ўжо некалькі тыдняў адціскае ўкраінскія войскі на перадавой і 29 сьнежня заявіла пра захоп яшчэ аднаго гораду ў Данецкай вобласьці Ўкраіны, працягваючы сваю доўгую крывавую апэрацыю ў барацьбе за стратэгічны, але амаль разбураны паўднёвы лягістычны вузел — Пакроўск.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што яе войскі захапілі Наватроіцкае, пасёлак з даваенным насельніцтвам 6300 чалавек, разьмешчаны прыкладна за 16 кілямэтраў на поўдзень ад Пакроўску. Украінскія вайскоўцы не далі канкрэтных камэнтароў наконт Наватроіцкага, але паведамілі, што расейскія войскі зьдзейсьнілі 133 напады на іх пазыцыі, большасьць зь якіх — у раёне Пакроўску.

Інстытут вывучэньня вайны (ISW), які базуецца ў ЗША, заявіў, што зьвесткі геалякацыі паказваюць, што расейскія вайскоўцы знаходзяцца прыкладна за 10 кілямэтраў ад мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласьцей.

У інтэрвію Радыё Свабода былы ўкраінскі вайсковы камандуючы Віктар Мужэнка сказаў, што любое перамір’е паміж Кіевам і Масквой, якое пакіне ўчасткі ўкраінскай тэрыторыі пад кантролем Расеі, будзе азначаць перамогу Крамля і «цалкам кампэнсуе [Расеі. — РС] выдаткі на вайну». На думку Мужэнкі, які камандаваў войскам з 2014 па 2019 год, сытуацыя з акупаванымі тэрыторыямі Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама часткамі Запароскай і Херсонскай абласьцей «крытычная» — «ня толькі з прычыны страты тэрыторыяў, але і [страты] паловы рэсурснай базы Ўкраіны».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG