Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтар у FAZ: На прысуджэньне Алексіевіч прэміі ў Беларусі не рэагуюць


Інга Пэц
Інга Пэц

«Прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў сустрэта ў Беларусі прахалодна», - заўважае Інга Пэц у камэнтары ў газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, прысьвечаным рэакцыі на гэтую падзею ў Беларусі.

З уручэньнем Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч, піша Інга Пэц, у цэнтар увагі трапляе краіна, да якой прылеплена этыкетка «апошняя дыктатура Эўропы»: Беларусь. Гісторыя гэтай постсавецкай краіны адзначана войнамі і катастрофамі. Здавалася б, навіна аб такой прэстыжнай прэміі мусіла выклікаць буру радасьці. Пра прысуджэньне прэміі паведамілі важныя незалежныя газэты і інтэрнэт-парталы краіны — нават дзяржаўныя мэдыі, якія традыцыйна мала цікавяцца творчасьцю Алексіевіч. 65-гадовая пісьменьніца ўжо шмат гадоў адкрыта пазыцыянуе сябе як апанэнт рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі.

Але дарэмна шукаць ў Беларусі — як і ў Расеі — ацэнак, аналізу творчасьці або радасных віншаваньняў, нічога няма нават у Фэйсбуку і на сайце незалежнага Саюзу пісьменьнікаў. Маўчыць і Беларускі ПЭН-Цэнтар. На пытаньне пра адсутнасьць рэакцыяў прэзыдэнт ПЭН-Клюбу Андрэй Хадановіч пытаецца ў адказ: «А што там за прэмія? У яе ўжо столькі гэтых прэміяў».

Беларускае грамадзтва да сёньняшняга дня, нягледзячы на інтэрнэт і спадарожнікавую тэлевізію, застаецца ізаляванае і адчувае ўзьдзеяньне прапаганды. Літаратурная перакладчыца Ірына Герасімовіч спасылаецца на мэнталітэт, які, відаць, уласьцівы беларусам: «Да моцных бакоў беларусаў не належыць тое, што яны ня хочуць бачыць далей за свой нос. Бо гэта б значыла, што трэба было б параўноўваць сябе з узроўнем іншых эўрапейскіх пісьменьнікаў, а гэта выклікае страх». Журналіст Алесь Кудрыцкі лічыць, што Алексіевіч трапіла ў звыклую пастку эмігранта, бо яна доўгі час жыла за мяжою. «Калі пісьменьнік выяжджае за мяжу, магчыма ён знаходзіць іншую аўдыторыю, але як тады быць з чытачамі на Бацькаўшчыне? На такіх людзей у нас глядзяць скептычна. Ім робяць закід, што яны вядуць прыемнае жыцьцё за мяжою, замест таго, каб працаваць дзеля свайго народу».

Сяргей Шупа, спэцыяліст па літаратуры ў беларускамоўнай службе Радыё Свабодная Эўропа, мае іншае тлумачэньне: «Алексіевіч надзвычай цяжка паддаецца ідэнтыфікацыі. Яна грамадзянка Беларусі, піша па-расейску. Якая ў яе ідэнтычнасьць? Магчыма, постсавецкая».

Беларусь да сёньняшняга дня культурна расколата. Бальшыня гаворыць па-расейску, беларускую мову рэжым Лукашэнкі сьвядома маргіналізуецца. Гэтак нэасавецкі прэзыдэнт змагаецца супраць нацыянальнай апазыцыі і ўзмацненьня заходняй арыентацыі, якія для шмат каго зь дзеячоў культуры сымбалізуе беларуская мова. Алексіевіч сказала ў інтэрвію для FAZ: «Так, я пішу толькі па-расейску і таксама лічу сябе прадстаўніцай расейскай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна нявысьпелая». Радыё Свабода скарысталася гэтым адказам, каб спытацца, ці ня хоча гэтак Алексіевіч разьвітацца зь беларускай культурай. Неразважнае выказваньне пісьменьніцы магчыма яшчэ выкліча найбліжэйшымі днямі паток рэакцыяў, лічыць Інга Пэтц, нямецкі журналіст, які спэцыялізуецца на беларускай тэматыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG