Лабадзенка: Самае важнае, што трэба рабіць, — імкнуцца зацікавіць людзей беларушчынай

Глеб Лабадзенка, фота з асабістага архіву Глеба Лабадзенкі

Свабода пагутарыла з каардынатарам «Мовы Нанова​» Глебам Лабадзенкам пра посьпехі і праблемы мовазнаўных курсаў і іншых праектаў дзеля беларушчыны.

У траўні курсы «Мова Нанова» традыцыйна ладзяць «выпускныя» імпрэзы. З адным з заснавальнікаў гэтых курсаў Глебам Лабадзенкам Свабода паразмаўляла якраз пасьля такой падзеі — сьвята «Гулі ў бабулі», арганізаванага ў супрацоўніцтве з унікальным вясковым «Музэем Заронаўскага краю» і пры падтрымцы ўладаў Віцебскага раёну.

«Дужа шкадую, што ня мог там прысутнічаць! Аж аблізваўся, калі бачыў здымкі ў інтэрнэце, дзе гледачы абмяркоўваюць і цікавыя канцэрты, і выдатнае надворʼе, і краявіды ў белай садовай квецені, і беларускую мову, якая панавала ўвесь дзень», — прызнаецца Глеб Лабадзенка.

З гэтага прызнаньня пачынаецца гутарка пра курсы «Мова Нанова» і іншыя праекты.

— Сэзон «Мова Нанова» супадае са школьным навучальным годам. А ці шмат бывае «другагоднікаў» — людзей, гатовых прайсьці навучаньне яшчэ раз?

— Мы і насамрэч прымяркоўваем курсы на восень-зіму-вясну, бо ўлетку шмат хто зьяжджае ў адпачынак. І таму мы вырашылі, што будзе «як у школе». Але «другагоднікам» быць нават пачэсна — гэта ўжо як перайсьці на іншы ўзровень. Ведаеце, можна нават паясы раздаваць, як у каратэ: калі ходзіш на курсы ад самага пачатку, дык табе «чорны пояс» у вывучэньні беларускай мовы! І мы штогод задаем слухачам такое правакацыйнае пытаньне: «Хто наведаў усе заняткі?» Заняткаў у нас, напрыклад у Менску, адбылося больш за 90, прычым тэма ні разу не паўтаралася... І такія людзі ёсьць, прычым і ў Менску, і ў рэгіёнах таксама. А мэта арганізатараў — каб кожныя заняткі былі разнастайныя і прыцягальныя для людзей розных узроставых катэгорый, прафэсій, зацікаўленьняў.

— Ці можна каротка, як кажуць, «у лічбах і фактах», пералічыць дасягненьні «Мовы Нанова​»?

— Самыя простыя лічбы і факты такія: сёньня курсы арганізаваны ў 11 гарадах, і больш за 500 «курсантаў» па ўсёй Беларусі прыходзіць на заняткі штораз або штотыдзень — бо ў розных гарадах «Мова Нанова» зьбірае слухачоў у розныя дні. Яшчэ лічбаў? Гэта 1950 выдадзеных «студэнцкіх білетаў» — пасьведчаньняў наведнікаў. І тое — мы не ад самага пачатку пачалі іх выдаваць... Так што што праз курсы прайшло мінімум дзьве тысячы чалавек. Распрацавана 109 заняткаў, усе яны выкладзеныя ў адкрыты доступ на сайце «Мовы Нанова».

На «Белсаце» выходзіць нашая з Алесяй Літвіноўскай перадача «Мова Нанова», выйшла ўжо болей за 50 выпускаў! І прыемна, калі прыязджаеш у розныя куточкі Беларусі — а людзі кажуць, што глядзяць гэтую праграму!

— Мы неяк усе гаворым пра посьпехі. А што скажаце пра розныя праблемы ды непаразуменьні? Я, прыкладам, ведаю, што курсы «Мова Нанова» хацелі б мець людзі ў Полацку. Але там паўстала праблема, каб знайсьці памяшканьне. Ці шмат у працы такіх прыкрасьцяў?

— Мы стараемся, каб усё было на пазытыве, нейкія дробныя, лякальныя праблемы мы нават і не агучваем. І ў цэлым нам палак у колы ніхто ня торкае, дый няма за што! Мы ж ніяк не супярэчым інтарэсам беларускага народа і Беларусі ў цэлым. Але — так, дзесьці паўстае праблема з памяшканьнем. У нас няма магчымасьці рэгулярна аплачваць памяшканьне. У некаторых гарадох арганізатары плацяць за арэнду, і гэта для нас калясальная праблема: мы ўвесь час ходзім з працягнутай рукой, людзі, дзякуй ім, ахвяруюць нам на рахунак. Заклікаю зрабіць гэта кожнага!. І калі не ўдаецца знайсьці бясплатнае памяшканьне, як у Полацку, то курсы ўжо доўгі час там аніяк ня могуць распачацца... Але ёсьць некалькі гарадоў, адкуль да нас зьвярталіся з пытаньнямі такога зьместу: калі вы нам адкрыеце курсы і па якіх днях зможаце да нас прыяжджаць? Адказ адзін: ніколі! Пакуль вы самі не паварушыцеся, ніхто вам зь Менску курсы не прывязе! Шукайце на месцы вядоўцаў і арганізоўвайцеся. А мы дапаможам.

— Дарэчы, даўно цікавіць гэтае пытаньне: як становяцца вядоўцамі курсаў «Мовы Нанова»?

— Вельмі проста! Мы ня ладзім кастынгаў, нашая каманда адкрытая для новых людзей! Трэба адкрыць наш сайт, паглядзець праграму, ацаніць свае сілы... Тут я маю на ўвазе ня толькі веданьне беларускай мовы. Быць настаўнікам з адпаведнай адукацыяй — мала! Трэба быць гатовым узяць на сябе і арганізацыйныя абавязкі. Бо, каб курсы запрацавалі, неабходныя тры складнікі. Гэта вядоўцы, здольныя завабіць слухачоў, заахвоціць іх уласным прыкладам, зацікавіць сабой як асобай. Гэта наяўнасьць памяшканьня, прычым бясплатнага. І гэта аўдыторыя, якую трэба сабраць. Увасобіць такое можа толькі мясцовы чалавек, які арыентуецца ў лякальных асаблівасьцях. Ведае, каго запрасіць выступіць, а каго — запрасіць паслухаць. Тут няма нічога асабліва складанага, паколькі ў 11-ці гарадах курсы стала працуюць. Галоўнае — гэта жаданьне і імпэт тых людзей, якія наважыліся стаць вядоўцамі.

— Атрымліваецца, што вядоўцы вызначаюць і «аблічча» курсаў у кожным канкрэтным горадзе?

— Гэта і так, і не. Ёсьць праграма, па якой працуюць ва ўсіх рэгіёнах. І выкладчыкі з розных гарадоў могуць карыстацца аднымі і тымі ж распрацоўкамі. Але курсы атрымліваюцца аўтарскімі — рознымі, прыкладам, у Менску, Магілёве ці Віцебску. Бо ўсе нашы выкладнікі — вельмі таленавітыя і вельмі розныя. У аднаго крэатыў працуе ў гэты бок, а ў другога — у іншы. Таму і аўдыторыя падбіраецца трошкі розныя ў розных рэгіёнах: людзі йдуць «на асобу» вядоўцаў. Да адных выкладчыкаў цягнецца моладзь, да другіх — людзі больш сталага веку. Кожны выкладчык мае свой стыль, сваё бачаньне, таму і курсы атрымліваюцца прыкладна аднолькавыя паводле формы, але розныя — паводле зьместу. А так — усе мы беларусы, у кожнага дзьве рукі, дзьве нагі, галава, і зьбіраемся мы дзеля аднаго: вучыць родную мову!

— Такім чынам, праект «Мова Нанова» вы лічыце пасьпяховым. Якімі яшчэ праектамі вы задаволеныя, а якія, можа, «не пайшлі», не былі рэалізаваныя?

— Насамрэч, я вельмі цешуся з курсаў, бо гэта самае галоўнае і важнае, што цяпер трэба рабіць — імкнуцца зацікавіць як мага больш людзей беларушчынай. Цешуся, што разам з Алесяй Літвіноўскай мы выдалі кнігу «20 крокаў да беларускай мовы». Але ня ўсё, чым займаюся штодня, я схільны называць і лічыць «праектамі». Вось вы прыгадалі, што ўдалося арганізаваць усталяваньне валуна на магіле Рыгора Барадуліна. Але гэта аніякі не праект — выканаць апошнюю волю дзядзькі Рыгора, якога я люблю і якому я бясконца ўдзячны за ўсё тое, што ён для мяне зрабіў. Я быў удзячны яму пры жыцьці і буду ўдзячны яму заўсёды. Тое самае магу сказаць і пра збор сродкаў на выданьне літаратурнай спадчыны Рыгора Барадуліна: лічу, што мне пашчасьціла разам зь дзясяткамі іншых людзей спрычыніцца да гэтых высакародных справаў. Бо Барадулін — гэта наш нацыянальны геній! Я шчасьлівы, што жыў зь ім у адзін час, што мог слухаць і бачыць яго. А выданьне кніг, помнік... На паверхні самая «сьвяточная» частка« — што кніжка выйшла, што журналісты напісалі. А гэта — штодзённая справа, калі шукаеш грошы, заахвочваеш будучых чытачоў, праводзіш падпіску... Я ўвогуле ня схільны «гераізаваць» тое, чым займаюся. «Праекты» — гэта надта прыгожае слова, а за ім — звычайная штодзённая праца. І тое дня часам не хапае, каб усё пасьпець.

Міхась Скобла, Глеб Лабадзенка, Уладзімер Някляеў каля магілы Рыгора і Акуліны Барадуліных

— Наступнае пытаньне і было б «Як вам на ўсё хапае часу?»

— Бяда ў тым, што ідэяў заўсёды болей, чымсьці часу на іх увасабленьне. І, вядома, куды болей, чымсьці сродкаў, якія я магу прыцягнуць для рэалізацыі ўсіх прыдумак. Такіх праектаў ажно некалькі штук ляжаць у мяне ў шуфлядзе, чакаюць сродкаў. Адзін зьвязаны з выданьнем кнігі «Сымон Музыка» без цэнзуры. Над гэтым мы зараз працуем з калегамі, з сябрамі. Яшчэ ёсьць праект, зьвязаны з Ларысай Геніюш. Удалося знайсьці тое, што яшчэ ніколі ня бачыў масавы чытач, але не хачу пакуль раскрываць усе карты. Есьць у мяне і даўняя мара — выдаць кнігу, прысьвечаную Радзівілам. Даўно гэтым цікаўлюся, у мяне назьбіралася шмат інфармацыі... Вядома, пытаньне ў грошах, але й ня толькі ў грошах. Пытаньне ў тым, як на ўсё разарвацца? Вось тут праблема: як пасьпець і кніжкі выдаваць, і курсы праводзіць, і дзяцей сваіх выхоўваць.

— У сувязі з усімі гэтымі разнастайнымі заняткамі і зацікаўленьнямі, кім вы лічыце сябе ў гэтым жыцьці? Журналістам? Літаратарам? Выдаўцом? Каардынатарам праектаў? Або ні больш ні менш — «рухавіком беларушчыны», як напісаў нехта з калег?

— Прыдумляць нейкія азначэньні для самога сябе — гэта сьмешна. Усе гэта словы, кшталту «актывіст», або «грамадзкі актывіст», падаюцца нейкімі недарэчнымі. Гэта ўвогуле — хто? Як нейкая лялька бясполая. А таму — дакладна ня ведаю, але хачу думаць, што я — звычайны нармальны чалавек, які робіць тое, што і мусіць рабіць сапраўды беларус. Каб потым, калі мяне дзеці спытаюць «А чым ты, тата, у жыцьці займаўся?», не маўчаць у адказ.