Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глеб Лабадзенка: Быкава без цэнзуры падтрымаў расейскі бізнэсовец


Выйшла з друку «Ліквідацыя». Гэта кніга Васіля Быкава, у якой адноўленая ў першапачатковым аўтарскім варыянце ўлучна з назваю аповесьць «Сотнікаў».

Разам з выдадзенай тыдзень таму кнігай «Мёртвым не баліць» яна складае бесцэнзурны двухтомнік, у якім упершыню з часу напісаньня надрукаваныя творы народнага пісьменьніка ў іх арыгінальным выглядзе.

Дасьледчык творчасьці Васіля Быкава Сяргей Шапран узнаўляў скалечаныя савецкай цэнзурай творы паводле першапачатковага аўтарскага варыянту, які знайшоў у хатнім архіве малодшы сын народнага пісьменьніка Васіль. Купюры, зь якімі «Ліквідацыя» пад навязанай аўтару назвай «Сотнікаў» друкавалася з 1970 году, сустракаюцца амаль на кожнай старонцы. Сяргей Шапран знайшоў сотню выразаных цэнзарамі фрагмэнтаў аповесьці — ад асобных сказаў да цэлых старонак.

Другую частку кнігі складае аповед дасьледчыка пра гісторыю стварэньня, публікацыяў і крытыкі аповесьці. А таксама камэнтары ўкладальніка.

«Ліквідацыя», як і «Мёртвым не баліць», была адноўленая і падрыхтаваная да друку яшчэ чатыры гады таму. Але знайсьці сродкі для друку ўдалося толькі сёлета. Расказвае адзін з ініцыятараў выданьня і каардынатараў распаўсюду Глеб Лабадзенка:

«Насамрэч яшчэ чатыры гады таму, калі асноўны этап працы Сяргеем быў зроблены, ён распавядаў і паказваў мне гэта ўсё. І, канечне, мне балела тое, што ён ніяк ня можа знайсьці магчымасьці выданьня. Некалькі разоў яму розныя людзі абяцалі, у выніку не выконвалі ніякіх сваіх абяцанак, і справа зь месца ня рухалася. Але потым у адзін момант я вырашыў папрасіць дапамогі ў шаноўнага Паўла Бераговіча, вядомага мэцэната, які ўжо шмат добрых спраў зрабіў, і Павал адразу гэтай ідэяй захапіўся».

Расейскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Павал Бераговіч вывучыў мову сваіх продкаў па кнізе ліставаньня Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна «Калі рукаюцца душы» і цяпер падтрымлівае некаторыя незалежныя культурніцкія праекты ў Беларусі. Дзякуючы яму выйшлі апошнія кнігі Барадуліна, Бураўкіна, цяпер двухтомнік Быкава.

Адначасова з падрыхтоўкай да друку непадцэнзурнага двухтомніка Быкава каманда энтузіястаў распачала ў інтэрнэце папярэднюю падпіску на яго. Бо выдаць — гэта яшчэ ня ўсё, — кажа спадар Лабадзенка.

«Калі кніга выходзіць, а потым людзі думаюць, што зь ёю рабіць, то часам гэта бывае сумна. І менавіта таму кнігі выходзяць у нас маленькімі накладамі — пяцьсот асобнікаў, трыста асобнікаў. У дадзеным выпадку яшчэ да выхаду кнігі „Мёртвым не баліць“ дзевяцьсот беларусаў замовілі больш за тысячу трыста асобнікаў. І асабліва цешыць, што калі мы гэтыя кніжкі ўжо раздавалі ў кнігарні, то семдзесят адсоткаў людзей тут жа пагаджаліся ўзяць яшчэ і кніжку „Ліквідацыя“, то бок „Сотнікава“ без цэнзуры».

18 чэрвеня ў Менску ў «Кніжным салоне» ўсе ахвотныя змогуць набыць як бесцэнзурны двухтомнік, так і кожную з кніжак асобна. Пазьней «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» будуць даступныя чытачам і празь некаторыя іншыя кнігарні.

19 чэрвеня, у дзень 90-годзьдзя Васіля Быкава, будзе прэзэнтавацца яшчэ адно новае выданьне — першая кніга дзясятага тому Поўнага збору твораў народнага пісьменьніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG