Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада і беларуская культура


Кангрэс беларускай культуры. Менск, 5 траўня 2016 году.
Кангрэс беларускай культуры. Менск, 5 траўня 2016 году.

Навумчык: У Менск праходзіць Кангрэс беларускай культуры. Некалькі дзён таму некаторыя грамадзкія дзеячы падавалі яго як сур’ёзны індыкатар супраціву «рускаму міру», але ці так гэта?

Вось цяпер з паведамленьня карэспандэнта Свабоды мы даведаліся, што прэм’ер Кабякоў, міністар культуры Сьвятлоў і старшыня НАН Гусакоў праігнаравалі Кангрэс беларускай культуры. Усіх выклікалі на іншую сустрэчу — аргкамітэту Ўсебеларускага народнага сходу, які Аляксандар Лукашэнка прызначыў на 22 чэрвеня. Замест першых асобаў у прэзыдыюме Кангрэсу засядаюць намесьнікі міністра культуры, інфармацыі, адукацыі.

І гэта пры тым, што міністар культуры Барыс Сьвятлоў і старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў зьяўляюцца сустаршынямі Кангрэсу. Прывітальнае слова прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова акадэмік Аляксандар Сукала зачытаў на расейскай мове. Увогуле, яшчэ да пачатку кангрэсу была відавочная ягоная другаснасьць: прывітаньне ад прэм’ера, а не ад Лукашэнкі.

Літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасьці выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным накладзе. Паводле Белстату, на беларускай мове ў 2015 годзе выпушчана 1.168 кніг і брашур накладам 3,7 млн. асобнікаў, што ў параўнаньні з папярэднім годам больш, як па назвах (на 5,7%), так і па накладзе (на 1,8 %). Нібыта і ёсьць рост — але ўсё роўна па-беларуску толькі дзясятая частка.

Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ўспрымае беларускую культуру не як адзін з нацыяўтворных элемэнтаў, я б сказаў нават — дзяржаваўтворных элемэнтаў — а як нейкую галіну, кшталту жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Нават ніжэй рангам. Культура па-ранейшаму загнаная ў гета.

Літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасьці выдавецкай прадукцыі

Між тым, падзеі ва Ўкраіне паказалі, што менавіта нацыянальная сьвядомасьць — менавіта яна — выратавала дзяржаву, калі ў гэтай дзяржавы, як аказалася, амаль не было танкаў і самалётаў. Як бачым, ўрок Украіны не засвоены. Чаму? Проста з -за неразуменьня? Альбо сапраўды такое ігнараваньне нацыянальнай культуры — частка мэтанакіраванага працэсу русыфікацыі і падрыхтоўкі Беларусі пад здачу Расеі?

Глод: Тут, мабыць, можна пачаць з традыцыйных разважаньняў. Любая ўлада хоча сябе захаваць. Лукашэнка тут не выключэньне. І ён цудоўна адчувае настрой насельніцтва. Згадайце той жа рэфэрэндум пра наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. Ці можна было прагназаваць, якім будзе вынік галасаваньня? Канечне, бо чыста псыхалягічна было пралічана — шмат хто з-за ўласнай ляноты ня будзе займацца вывучэньнем беларускай мовы. Значна прасьцей і зручней размаўляць на трасянцы. Тады ўладам не патрэбныя былі ні беларуская мова, ні беларуская культура, ні беларуская літаратура.

Зараз сытуацыя, на мой погляд, істотна зьмянілася. Лукашэнка бачыць, як націскае «рускі мір», як яго ўсё мацней заціскаюць паміж Усходам і Захадам. І калі тая ж Амэрыка альбо Эўразьвяз, паводле нядаўніх словаў кіраўніка беларускай дзяржавы, ня ставяць перад ім пытаньне аб выбары — зь кім вы, Аляксандар Лукашэнка, то Крэмль, падобна дамагаецца адзначанага выбару на карысьць Масквы. А гэта ў пэрспэктыве пагражае асабістай уладзе Лукашэнкі. Значыць, як падказвае лёгіка, трэба больш казаць беларусам пра іх незалежнасьць, гістарычнасьць, самабытнасьць.

Лукашэнка бачыць, як націскае «рускі мір», як яго ўсё мацней заціскаюць паміж Усходам і Захадам

А гэта лепей рабіць не праз палітычныя заявы, бо гэта зноў жа будзе раздражняць і непакоіць Пуціна, а праз беларускую культуру, праз захаваньне культурнай самабытнасьці. Але як гэта зрабіць лепей, улады, мне падаецца, ня ведаюць. Бо калі сапраўды адчыніць усе шлюзы і ярка казаць людзям пра гісторыю Беларусі, пра яе выбітных людзей, то можна даволі хутка пераламаць сытуацыю. І падвесьці беларускі народ па сваёй сьвядомасьці блізка да роўню ўкраінскага. У якой ступені можна дазволіць такі працэс, мне падаецца, улады для сябе яшчэ не вырашылі. І таму, колькі гэта зойме часу, сказаць сёньня цяжка.

Грузьдзіловіч: Улада да канца не вызначыла, як ёй быць — ці ісьці на нейкую адкрытую беларусізацыю, каб умацоўваць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў у магчымым будучым змаганьні за незалежнасьць, ці дзейнічаць толькі палітычнымі заявамі. Тут, я думаю, не вызначыўся не толькі Аляксандар Лукашэнка, але і чыноўнікі, якія вакол яго. Яны ўвесь час намацоўваюць іншыя захады, таму тое, што адбылося на гэтым кангрэсе, які быў заяўлены як нейкае такое грунтоўнае мерапрыемства, а зараз аказалася, што гэта чарговы пшык — красамоўны прыклад. Няма стратэгічнай лініі, таму, калі прыйшоў загад з аднаго стратэгічнага месца бегчы на другое, чыноўнікі падхапілі свае партфэлі і пабеглі туды, дзе больш адказна — пакараньне будзе большае, калі не прыйдзеш. А пра беларускую культуру і забыліся.

Улада да канца не вызначыла, як ёй быць — ці ісьці на нейкую адкрытую беларусізацыю, ці дзейнічаць толькі палітычнымі заявамі

Калі казаць, што гэта — нейкае неразуменьне ці сьвядомыя дзеяньні, мне згадваецца прыклад, як закрывалі калісьці беларускамоўны Коласаўскі ліцэй. У цэнтры Менску была адзіная навучальная ўстанова, якая дзейнічала цалкам па-беларуску сярод сярэдніх навучальных устаноў. Але яе раптоўна закрылі без усякай фактычнай прычыны — мяркую, гэта было зроблена па загадзе нейкіх асобаў, якія пастаўленыя тут, каб кантраляваць сытуацыю і не даваць беларусам разьвіваць сваю культуру, мову, нацыянальную адукацыю. Гэта былі сьвядомыя дзеяньні. Тое адбываецца і зараз. Некаторыя чыноўнікі ў сілу сваёй беларускасьці, нацыянальнасьці спрабуюць нешта рабіць. Але прыходзіць час, ім даюць за гэта па шапцы, стрымліваюць, мяняюць накірункі іх дзейнасьці, і вось мы бачым прыклад, калі заяўленае мерапрыемства заканчваецца нічым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG