Увесну 2016 году мае быць выдадзеная кніга «Беларускі эратычны фальклёр» — адаптацыя навуковай працы Тацяны Валодзінай і Анатоля Фядосіка з запісамі эратычнага фальклёру XIX і XX стагодзьдзяў. Кнігу ўжо можна папярэдне замовіць у інтэрнэце, цана аднаго асобніка — 95 тысяч (аплата па факце атрыманьня), калі замовіць два і больш асобнікі — зьніжка.
Як распавёў Свабодзе ініцыятар выданьня, папулярызатар беларускай мовы Глеб Лабадзенка, кніга будзе адрозьнівацца ад арыгінальнай навуковай працы зьместам і аздабленьнем:
«Тая навуковая праца прызначаная для людзей з пэўнаю падрыхтоўкаю, і часам шырокаму чытачу ня вельмі лёгка гэта чытаць і ўспрымаць. Па-другое, тая навуковая праца была арыентаваная на расейскага чытача, гэтая кніга выходзіла ў Расеі, і нават графіка прыкладаў была з расейскай мовы ўзятая. То бок у прыкладах фальклёру нават літара І была зьмененая на расейскую И, каб было зручней чытаць расейскаму воку. Канечне, у мяне тая кніжка ёсьць — і яна каштоўная крыніца інфармацыі.
Беларускі эратычны фальклёр — гэта ня пошла, не вульгарна, вельмі аўтэнтычна.
Але мне даўно карцела, каб „Беларускі эратычны фальклёр“ выйшаў у нармальным беларускім выглядзе. І каб гэта была адаптаваная рэч, якую кожны чалавек можа ўзяць у рукі. З таго выданьня мы штосьці выключаем, таму што там траплялася і трасянка, і адкрытая вульгаршчына — магчыма, гэта ўжо больш позьнія прыклады фальклёру. Памеркавалі, што ня месца тут такім прыкладам, таму што беларускі эратычны фальклёр — гэта ня пошла, не вульгарна, вельмі аўтэнтычна.
Людзі, знаёмыя з творчасьцю, напрыклад, Рыгора Барадуліна, якія бачылі ягоныя кніжкі „Здубавецьце“, „Вушацкі словазбор“ ці дыск „Гойкнуў баравік“, дзе ён сьпявае гэтыя эратычныя прыпеўкі, — яны разумеюць, што ні пра якую пошласьць тут гаворкі ісьці ня можа.
Новая кніга выйдзе ў выдавецтве „Мэдыял“, дзе я працую. Там ужо выходзілі кніжкі Васіля Быкава без цэнзуры, дзьве кніжкі Рыгора Барадуліна і іншыя выданьні. Пра наклад казаць рана, бо мы арыентуемся на падпіску — калі шмат людзей падпішуцца, натуральна, наклад будзе большы. Я для сябе спадзяюся, што наклад будзе ня меншы за тысячу асобнікаў».
Прыклады эратычнага фальклёру, што маюць зьявіцца ў кнізе, можна пачытаць тут.