На магіле народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў Вушачах пастаўлены надмагільны помнік — з выкарыстаньнем верталёта. Госьцем перадачы — журналіст Глеб Лабадзенка, з чыёй ініцыятывы ўсё і адбылося.
— Глеб, наколькі я ведаю, на магіле Рыгора Барадуліна меркавалася ўсталяваць зусім другі помнік — і ён быў ужо часткова зроблены. Чаму ўрэшце было вырашана рабіць новы?
— Сапраўды, першы праект, на які быў абвешчаны грамадзкі збор сродкаў, выглядаў зусім іначай. Ён быў абумоўлены тым, што палічылі: паставіць вялікі валун на вушацкіх могілках немагчыма. Па-першае, там вельмі шчыльныя пахаваньні, як яго туды завалакчы? Па-другое, могілкі знаходзяцца на пагорку, і была рызыка, што валун можа змыць вясной, падчас паводкі. Але апошняя воля дзядзькі Рыгора выказаная ім у вершы, «Калі я адыду, пастаўце мне / сівы валун і крыж на валуне».
— Гэты верш Барадулін напісаў яшчэ ў 1995 годзе. Наколькі правамоцны верш як тастамэнт, як апошняя воля?
— Тое самае гаварылі і ідэйныя апанэнты валуна. Маўляў, у дзядзькі Рыгора было вельмі вобразнае мысьленьне, і чаго ён толькі ні пісаў. Але ў 2011 годзе выйшла кніга гутарак Сяргея Шапрана «Тры мяхі дзядзькі Рыгора», дзе чорным па белым можна прачытаць канкрэтнае пытаньне: «Дзядзька Рыгор, Ваш верш пра валун — гэта мэтафара, ці гэта сапраўды Ваша жаданьне?». І тамсама зафіксаваны адказ Барадуліна: «Так, я не хачу ніякіх пафасных помнікаў. Пакладзіце мне просты вушацкі валун, і хай будзе на ім крыж». Калі пра верш яшчэ можна спрачацца, мэтафара гэта ці не, то адказ, запісаны на дыктафон — гэта дакладна воля паэта.
— Камень быў знойдзены каля вёскі Кублічы на Вушаччыне. А ў Кубліцкай школе вучыўся Васіль Быкаў. Камень на радзіме Быкава для Барадуліна знайшоўся выпадкова, ці вы яго там мэтанакіравана шукалі?
— Шукалі мэтанакіравана, а знайшлі выпадкова. Спачатку шукалі па іншы бок ад Вушачаў, там ёсьць вёска, дзе, як падказаў нам Уладзімер Арлоў, была найбольшая паўстанцкая база на Полаччыне. Там ля возера дзясяткі валуноў ляжаць. Мы паехалі са скульптарам Ігарам Засімовічам туды. Але ён сказаў, што, па-першае, яны ўсе сьветлыя, і ня будзе відаць літараў, па-другое, структура тых камянёў такая, што яны пачнуць крышыцца, калі зь імі нешта рабіць. Таму ад іх адмовіліся. І неяк Валянціна Ўладзімераўна Быкава, сястра Васіля Быкава, сказала: «Дык у нас у вёсцы гэтых камянёў — колькі хочаш».
— Дык камень быў знойдзены з падказкі сястры Быкава?
— Так. І дырэктар упраўленьня камунальнага будаўніцтва Вушацкага райвыканкаму Аляксандар Лосеў пацьвердзіў: «Дык і я тыя валуны ведаю». Пасадзіў нас у сваю машыну, прывёз — выбірайце. І сапраўды, у цэнтры вёскі — цэлая крушня камянёў, зьвезеных з палёў. І ўжо там скульптару было з чаго выбіраць. Калі выбралі, выканкам даў машыну, яны самі прывезьлі тры валуны ў Вушачы, дзе Ігар Засімовіч мог іх паварочваць, аглядаць і вызначаць, які для помніка падыдзе найлепш.
— У аснове помніка зь дзясятак жорнаў — навошта яны?
— Жорнавыя камяні — ідэя скульптара. Яна зьявілася з таго, што перад хатай Барадуліна ў Вушачах — брукаванка, якую ён вельмі любіў. Дарэчы, тую брукаванку так і не залілі асфальтам, калі асфальтавалі вушацкія вуліцы. Дзядзька Рыгор тады вельмі перажываў. Пачалі добраўпарадкаваць вуліцу, зрабілі ходнікі, бардзюры, а каб заліць асфальт — грошай не хапіла. Цяпер, калі прыяжджаеш туды на машыне, то лепш дзьверы не адчыняць, бо паб’еш аб бардзюр... І спачатку хацелі зрабіць брукаванку на магіле, а потым Ігару прыйшла думка пакласьці жорны. Па-першае, дзед Барадуліна, Андрэй Галвіньш, быў млынаром. Па-другое, у беларусаў жорны — сымбаль творчасьці, урадлівасьці. Па-трэцяе, жорны ставілі на магілы людзям, якія мелі нейкія звышздольнасьці, былі чараўнікамі. А хто скажа, што Барадулін не чараўнік?
— А хто дадумаўся выкарыстаць верталёт?
— Увогуле, было два спосабы дастаўкі каменя на месца. Ёсьць фірма, якая над могілкамі будуе рэйкі, і па гэтых рэйках можна перасоўваць любыя камяні. Каштавала б гэта ад дзьвюх тысячаў даляраў, і часу пайшло б невядома колькі. На другі спосаб навяло само жыцьцё. З падказкі Сяргея Плыткевіча, нашага славутага фотамастака, які якраз зь верталёта робіць фотаздымкі, я зьвярнуўся да ратаўнікоў з авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
— Ці лёгка гэта было вырашыць бюракратычна?
— Абсалютна лёгка. Нашы ратаўнікі з Міністэрства па надзвычайных сытуацыях — канкрэтныя і цудоўныя людзі. Мы аніякіх складанасьцяў не спаткалі. Я быў проста ўражаны, як хутка было вырашана пытаньне. Адразу я ад іх пачуў: з тэхнічнага боку перашкодаў няма — верталёт падымае груз да трох тонаў, дрэвы, якія растуць на могілках, не перашкода. У МНС мяне папрасілі даслаць два звароты — ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і ад Вушацкага выканкаму. Звароты былі напісаныя, і праца пайшла імгненна.
— Калі рэпартаж з вушацкіх могілкаў быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода, пад ім сярод іншых зьявіўся і камэнтар чалавека, які падпісаўся Падаткаплатнік: «Хто аплочваў верталёт, і колькі на гэта пайшло сродкаў? Хай бы за ўсё плацілі сваякі і сябры». Што тут можна адказаць?
Рашэньне прымаў асабіста міністар па надзвычайных сытуацыях спадар Уладзімер Вашчанка.
— Сам помнік і ўсю працу аплочвалі людзі, як я ўжо сказаў раней, на дабрачынны рахунак пералічваліся грошы. Што датычыць платы за верталёт. Калі я зьвярнуўся да ратаўнікоў, яны задалі лягічнае пытаньне: «У вас жа няма на гэта грошай?». І я шчыра адказаў: «Няма». І тады яны сказалі — будзем думаць. Я не магу сказаць, што нехта зь іх ад прэміі адмовіўся ці што яшчэ, але ведаю адно: пасьля кароткачасовага роздуму ратаўнікі сказалі, што для іх гонар — спрычыніцца да ўсталяваньня помніка на магілу Рыгора Барадуліна. Рашэньне прымаў асабіста міністар па надзвычайных сытуацыях спадар Уладзімер Вашчанка. Па-першае, яны кожны дзень лётаюць, праводзяць навучальныя палёты, каб лётчыкі ўвесь час падтрымлівалі сябе ў тонусе. Гэта ж ня тое, што яны недзе спэцыяльна паляцелі, затраціўшы вялікія сродкі, не. Па-другое, колькі Барадулін зрабіў для гэтай краіны і для Вушачаў! І тое, што ўлада дала верталёт, які зьлятаў у Вушачы і за пятнаццаць хвілінаў паставіў той валун... Мне здаецца, няшмат людзей будуць задавацца пытаньнем, навошта дзяржава гэта зрабіла і колькі грошай выдаткавала.
— На жаль, беларуская ўлада да нацыянальных творцаў ставіцца ня лепшым чынам. І Рыгор Барадулін тут ня быў выняткам. Тут можна было б згадаць і невыдаваньне ягоных кніг у дзяржаўных выдавецтвах, і поўнае ігнараваньне яго пры жыцьці з боку афіцыйных СМІ, і тое, што вуліцу Школьную ў Вушачах так і не перайменавалі ў гонар знакамітага земляка. Як так сталася, што ў выпадку з помнікам улады — і вушацкія, і сталічныя, найперш Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, пайшлі насустрач?
— Гэта лягічна, натуральна, гэта па-чалавечы, для мяне тут нічога надзвычайнага няма. Гэтым летам, пакуль ішла праца, я вельмі шмат кантактаваў з вушацкімі ўладамі — са старшынёй выканкаму Віктарам Рудзічам, загадчыкам упраўленьня камунальнага будаўніцтва Аляксандрам Лосевым. І магу сказаць шчыра, што гэтыя людзі зрабілі ўсё магчымае для таго, каб паставіць помнік Барадуліну. Яны далі тэхніку — грузавік і пад’ёмны кран, вылучылі пляцоўку для працы скульптара, там была электрычнасьць, была магчымасьць той валун круціць у розныя бакі. Яны залілі падмурак пад валун. Гэта ня так проста было зрабіць, бо, як ужо было сказана, да магілы не падысьці. Яны падагналі бэтонамяшалку пад ускраіну могілак, і дваццаць пяць чалавек насілі той бэтон вёдрамі.
— Гэта былі людзі, выпраўленыя выканкамам, ці добраахвотнікі?
— У выканкаме правялі нараду, дзе сказалі: стаіць задача — заліць падмурак пад помнік Рыгору Барадуліну, патрэбныя людзі. Я не стаяў са сьвечкаю там — загадвалі тым людзям, ці яны самі прыйшлі. Але ў выніку дваццаць пяць чалавек рукамі 800 вёдраў бэтону (!) перанесьлі на магілу. Магу сказаць адно: ніхто зьверху на вушацкія ўлады не націскаў.
— Падсумоўваючы нашу гутарку, хачу прыгадаць, як у свой час мы з Рыгорам Барадуліным і Сяргеем Шапранам прыехалі ў Бычкі напярэдадні адкрыцьця Сядзібы-музэя Васіля Быкава. За дзень да ўрачыстасьці там яшчэ гахалі сякеры, зьвінелі пілы. І брыгадзір сталяроў, якія ці ня круглыя суткі ў аўральным рэжыме там працавалі, сказаў нам: мая брыгада робіць гэта толькі для Быкава. А вушацкая ўлада, тыя верталётчыкі, зь якімі вы лёталі ў Вушачы, тыя людзі, якія дапамагалі на могілках, яны разумеюць, хто такі Барадулін?
Дзякуючы Барадуліну ў Вушачы паехалі экскурсіі.
— Вядома ж разумеюць, і яны ўсё неабходнае рабілі толькі таму, што гэта — для Барадуліна. Я ня ведаю, для каго б яшчэ яны сталі б такое рабіць. Вушацкая ўлада адразу сказала: мы разумеем, хто такі Барадулін, дзякуючы Барадуліну ў Вушачы паехалі экскурсіі. Дарэчы, я сам важу туды экскурсіі, і неяк кіроўца аўтобуса прызнаўся, што ён сорак гадоў возіць экскурсантаў, а ніводнага разу ў Вушачах ня быў. І вось прыехаў і разам з усімі зайшоў у хату Барадуліна, схадзіў на магілу, у школу, дзе народны паэт вучыўся. Хто такі Барадулін, ведаюць і супрацоўнікі авіяцыі МНС. Начальнік авіяцыі палкоўнік Алег Якаўлеў, ягоны першы намесьнік палкоўнік Тадэвуш Курсевіч, зь якімі мы непасрэдна пра ўсё дамаўляліся, казалі, што для Барадуліна мы павінны гэта зрабіць. Таму я хачу яшчэ раз шчыра падзякаваць гэтым людзям. Імя Барадуліна дапамагло зьдзейсьніць ягоную апошнюю волю. Асьвячэньне помніка мае адбыцца прыкладна праз тры тыдні.
— Кантактуючы са старшынёй Вушацкага выканкаму, вы не пыталіся ў яго, калі там зьявіцца вуліца Барадуліна?
— Вуліца Барадуліна ў Вушачах дакладна зьявіцца, пра гэта старшыня гаварыў. У іх ёсьць ідэя — у хаце Барадуліна зрабіць музэй. Для гэтага трэба палагодзіць розныя фармальныя пытаньні, у тым ліку са сваякамі паэта, каб хату перадаць на балянс выканкаму. І, як я чуў, пад адкрыцьцё музэя і плянуецца назваць вуліцу.