Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўдзельнічае ў пасяджэньні Рады Эўразьвязу. Напярэдадні, 16 кастрычніка, ён прадставіў дэпутатам Вярхоўнай Рады свой плян перамогі ў вайне з Расеяй. У Брусэлі ён сказаў, што будзе дабівацца падтрымкі сваёй ініцыятывы з боку лідэраў краін Эўразьвязу.
Уладзіміра Зяленскага сустракаў кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
«Будучыня Ўкраіны толькі ў Эўразьвязе, таму я хацеў бы падзякаваць вам за асабістае лідэрства, і за тое, як вы і ваша каманда ажыцьцяўляеце рэформы. Нам трэба пабачыць, якія складанасьці ўзьнікаюць, і тое, што хутка зіма і нам трэба зрабіць дакладныя сыгналы, безь якой-небудзь двухсэнсоўнасьці», — сказаў Шарль Мішэль.
У сваю чаргу Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што разьлічвае на падтрымку з боку лідэраў ЭЗ ягонага пляну перамогі, найперш у адчувальных яго пунктах, зьвязаных з вайсковай і фінансавай дапамогай.
«У адчувальных пунктах гэтага пляну мы просім дапамогі як можна раней, як, напрыклад, ухваліць рашэньне і даць нам дазвол выкарыстоўваць зброю на вялікія адлегласьці. Вядома, мы для гэтага будзем выкарыстоўваць і свае магчымасьці, але вельмі важна, каб і партнэры задумаліся над тым, як нам у гэтым дапамагчы. Мы зрабілі найбольш складанае. Мы сталі на абарону ня толькі Ўкраіны. Мы абараняем усю Эўропу», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Ўкраіна змагла запусьціць унутраную вытворчасьць дронаў і іншых сыстэм узбраеньня.
«Цяпер нам патрэбна павялічыць унутраную вытворчасьць, і таму мы спадзяёмся, што зможам атрымаць на гэта грошы, і таксама для людзей, якія страцілі свае дамы. То бок вайсковая і фінансавая дапамога — гэта самыя галоўныя моманты, але яшчэ і зіма набліжаецца. І для нас гэта заўсёды небясьпечна. Мы падрыхтаваліся, выканалі сваю хатнюю працу, але нам трэба ўсё ж атрымаць сыстэмы супрацьпаветранай абароны», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.
У сваю чаргу Шарль Мішэль дадаў, што неабходна «перадаваць больш дапамогі, каб Украіна магла сябе абараніць сябе ў гэтай жахлівай вайне, якая адбываеца ў парушэньне міжнароднага права».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе дамовіліся даць крэдыт Украіне на 35 млрд эўраЯкія меры стрымліваньня Расеі прапанаваў Зяленскі
У часе выступу на саміце Эўразьвязу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што на Расею трэба ціснуць ня толькі на лініях фронту ва Ўкраіне, але і пераносіць вайну на расейскую тэрыторыю.
«У нас ёсьць дакладны пералік зброі, якая можа гэта зрабіць магчымым. І Курская апэрацыя паказала, што ў Пуціна няма дастатковай сілы, калі на яго ажыцьцяўляецца ціск», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, патрэбна як мага хутчэй запоўніць склады боепрыпасамі.
«Мы хочам распрацаваць пакет стрымліваньня, які прымусіць Расею да ўдзелу ў мірных перамовах пад пагрозай зьішчэньня вайсковых аб’ектаў. Гэта датычыць пакету ракет і іншай зброі. І мы ведаем, што нашы партнэры могуць нам дапамагчы. Францыя, Злучаныя Штаты, Італія, Нямеччына. Пуцін павінен баяцца нас, а не прымушаць увесь сьвет баяцца яго», — удакладніў прэзыдэнт Украіны.
Паводле яго, гэты пакет стрыманьня Ўкраіна хоча выкарыстаць толькі ў тым выпадку, калі Расея ня спыніць вайну.
«Мы маем крытычныя рэсурсы, кошт якіх трыльёны даляраў, і Расея хоча гэта забраць. Гэта тытан, уран, магній. Гэта не павінна трапіць у рукі Расеі ці яе хаўрусьнікаў. Свабодны сьвет павінен мець перавагі. Глябальныя партнэры павінны дамовіцца, каб абараніць украінскую крытычную інфраструктуру і падтрымаць эканамічны патэнцыял для нашай супольнай мэты», — перакананы ён.
Паводле яго, такія захады стрымліваньня Расеі здольныя абараніць ня толькі Ўкраіну, але і «краіны Балтыі, і Скандынавію, і Польшчу, і Балканы – усе рэгіёны, на якія Расея нацэлілася».
Уладзімір Зяленскі таксама дадаў, што пасьля вайны тысячы ўкраінскіх жаўнераў з досьведам баявых дзеяньняў змогуць замяніць вайсковыя кантэнгенты ў Эўропе, што дазволіць, напрыклад, «амэрыканскія войскі выкарыстоўваць у іншых прыярытэтных рэгіёнах».
Як меры стрымліваньня вызначаны ў пляне перамогі
Як стала вядома Свабодзе, у самім пляне перамогі, прадстаўленым лідэрам ЭЗ, Украіна прапанавала разгарнуць на сваёй тэрыторыі комплекс няядзернага стратэгічнага стрымліваньня, якога будзе дастаткова, каб абараніць Украіну ад любой ваеннай пагрозы Расеі, і які звузіць дыяпазон варыянтаў яе дзеяньняў і прымусіць або пачаць мірныя перамовы, або страціць фактычную магчымасьць працягваць вайну ўжо ў 2025 годзе ў выніку выкарыстаньня гэтага пакету стрымліваньня.
У пляне адзначаецца, што рэалізацыя гэтага пункту магчымая ў межах пакета падтрымкі Ўкраіны, ужо зацьверджанага Кангрэсам ЗША.
Ці мае Ўкраіна шанец на падтрымку свайго пляну перамогі
Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк мяркуе, што плян перамогі правальваецца ўжо ў першых двух пунктах — запрашэньне Ўкраіны ў NATO і дазвол на выкарыстаньне дальнабойнай заходняй зброі для ўдараў па тэрыторыі Расеі.
«Украіна мяркуе, што запрашэньне атрымае цяпер, але сяброўства адбудзецца толькі пасьля заканчэньня вайны, каб разьвеяць асьцярогі сябраў NATO адносна таго, што яны не будуць уцягнутыя ў наўпроставую канфрантацыю з Масквой. Украіна прасіла аб варыяцыі гэтага на саміце NATO у Вільні летась і сёлета на саміце ў Вашынгтоне. У адказ альянс толькі пацьвердзіў, што краіна стане сябрам калі-небудзь у нявызначанай будучыні, і прыдумаў іншыя падрабязныя фармулёўкі пра „масты да сяброўства“ або што яе „шлях да сяброўства незваротны“», — напісаў Рыкард Юзьвяк і дадаў, што сёньня генэральны сакратар NATO Марк Рутэ 17 кастрычніка зноў паўтарыў ранейшыя выказваньні.
Паводле Рыкарда Юзьвяка, амэрыканскі амбасадар у NATO Джуліанна Сміт таксама выказалася ўхільна, як і іншыя крыніцы ўнутры альянсу. «Тут ня бачна нічога новага. [...] „Далей Вільні і Вашынгтона мы не прасунуліся“, — гучыць рэфрэнам», — дадаў Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода.
Тое самае можна сказаць і пра дазвол наносіць удары ўглыб тэрыторыі Расеі.
«Гэта пераважна амэрыканскае рашэньне, і, здаецца, Вашынгтон ня надта імкнецца зьмяніць гэта. Зяленскі вярнуўся дадому з пустымі рукамі са сваёй паездкі ў ЗША ў верасьні, і, падобна, нічога ня зрушылася, асабліва з-за таго, што набліжаюцца выбары 5 лістапада. Прынамсі, тут, у будучыні, можа быць абмежаваны крок наперад для ўдару. Але не чакайце, што гэта будзе гучна абвешчана ў СМІ загадзя», — перакананы Рыкард Юзьвяк.
Паводле яго, улічваючы, што першыя два пункты ўжо цяжка выканаць, іншыя тры — стрымліваньне Расеі з дапамогай пакету няядзерных стратэгічных сродкаў, разьмешчаных на тэрыторыі Ўкраіны, сумесная абарона ЗША і ЭЗ крытычна важных прыродных рэсурсаў Украіны і замена пасьля вайны на ўкраінцаў некаторых амэрыканскіх войскаў, разьмешчаных па ўсёй Эўропе, аказваюцца спрэчнымі.
«Зяленскі заўсёды ведаў, што гэта будзе цяжка „прадаць“. Але на дадзены момант, перад цяжкай і знясільваючай зімой, ён перакінуў мяч на пляцоўку Захаду», — перакананы Рыкард Юзьвяк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі аб небясьпецы эскаляцыі агрэсіі Расеі і стварэньні вакол яе «восі зла» уключна зь Беларусьсю
16 кастрычніка міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў аб дадатковай небясьпецы для міжнароднай супольнасьці праз фармаваньне Расеяй вакол сябе «восі зла» разам з Паўночнай Карэяй, Іранам, Сырыяй і Беларусьсю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.