Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да ваеннай паразы Расеі пакуль вельмі далёка, — ізраільскі аналітык Гендэльман


Зьнішчаныя на Данбасе расейскія танкі. 2024
Зьнішчаныя на Данбасе расейскія танкі. 2024

Ізраільскі вайсковы аналітык Давід Гендэльман аналізуе разьвіцьцё падзеяў на расейска-ўкраінскай вайне, разважае, якім можа быць адказ Ізраіля Ірану і заяўляе, што ўвядзеньне войскаў у Беларусь зусім не патрэбна Ўкраіне.

Сьцісла:

  • Тэндэнцыя ў разгортваньні падзеяў на расейска-ўкраінскай вайне як была неспрыяльнай для Кіева, так і застаецца.
  • ЗША маглі б даваць значна больш зброі Кіеву, але з палітычных прычынаў абмяжоўваюць пастаўкі.
  • Самая галоўная задача, агульная для ўсяго NATO і для Злучаных Штатаў — не давесьці вайну да прамога сутыкненьня NATO з Расеяй.
  • Поўная параза, разгром, дэзынтэграцыя Расеі Злучаным Штатам не патрэбны.
  • Любая эскаляцыя на Блізкім Усходзе — гэта рызыка непасрэднага ўцягваньня Злучаных Штатаў у вайну з Іранам.
  • У чыста ваенным пляне не відаць, чым увядзеньне войскаў у Беларусь было б выгадным Украіне.

— Як можна ацаніць стратэгічна сёньняшнюю сытуацыю на расейска-ўкраінскай вайне? Расея мае посьпехі на Данбасе, Украіна — у Курскай вобласьці. Ці можна меркаваць, што цяперашняе супрацьстаяньне падводзіць да нейкіх палітычных рашэньняў, бо з многіх бакоў гучаць галасы, што магчымы нейкі варыянт перамоваў. Наколькі, па-вашаму, гэта рэалістычна?

— Яшчэ вясной я казаў, што па тым, як разьвіваюцца ваенныя дзеяньні, найбольш імаверны сцэнар — гэта паступовае прасоўваньне Расеі на фронце на некалькіх кірунках. Цяпер набліжаюцца выбары ў ЗША, і вынік гэтых выбараў паўплывае на працяг расейска-ўкраінскай вайны значна больш, чым нейкія чыста вайсковыя аспэкты.

Давід Гендэльман
Давід Гендэльман

Можна адзначыць прасоўваньне Расеі на пакроўскім кірунку, спробу ўкраінскай арміі страсянуць шахматную дошку гэтай вайны на курскім кірунку. Але мы бачым, што асабліва разьвярнуць сытуацыю не атрымалася. Вайна як ішла, так і ідзе, бо расейскае кіраўніцтва вырашае курскую праблему паводле рэшткавага прынцыпу, то бок, не перакідвае туды ў тэрміновым парадку ўсе войскі і не спыняе свайго наступу на Данбасе.

Таму тэндэнцыя ў цэлым як была неспрыяльнай для Ўкраіны, так і застаецца. Магчыма, нейкія ініцыятывы рыхтуюцца, але, хутчэй за ўсё, толькі пасьля выбараў у Злучаных Штатах мы ўбачым прасоўванне ў палітычным трэку. Мяркую, што да канца году будуць спробы яшчэ раз выйсьці на перамовы, як гэта было ў канцы 2022 і 2023 гадоў. Тады гэта не атрымалася, вайна пайшла на яшчэ адзін раўнд.

У канцы гэтага года паглядзім, ці ўдасца трэці раз выйсьці на нейкія перамовы, замарожваньне, прыпыненьне, палітычныя ўрэгуляваньні, або вайна пойдзе яшчэ на адно кола.

— Тое, што для Ўкраіны зараз у цэлым стратэгічна ня самая спрыяльная сытуацыя, многія, асабліва ў самой Украіне, тлумачаць тым, што паступае недастаткова дапамогі з боку Захаду. Ці лічыце вы, што Захад, асабліва Эўропа, проста вычарпаў свае першапачатковыя вайсковыя рэсурсы, бо многія краіны аддалі амаль усё, што маюць? Ці ўсё ж існуе менавіта палітычнае нежаданьне занадта ўкладвацца ў дапамогу Ўкраіне?

— Я б сказаў, што галоўная прычына такой сытуацыі — гэта нястача на фронце жывой сілы. Жывой сілай ніхто на Захадзе Ўкраіне асабліва не дапаможа. Гэта ўласна ўкраінская праблема.

Наконт узбраеньняў. Зразумела, што Ўкраіна (нават паводле афіцыйных украінскіх заяваў) на 80% залежыць ад Захаду. Магчыма, нават і больш, хоць вайсковая вытворчасьць ва Ўкраіне за апошні год крыху раскруцілася ў параўнаньні зь мінулым годам. Але зразумела, што львіная доля зброі ўсё роўна паступае з Захаду.

Эўропа сапраўды вельмі істотную частку сваіх запасаў перадала Ўкраіне: у некаторых катэгорыях ужо перайшла рысу ў пляне таго, што трэба нешта пакінуць і сабе. А ўсе гэтыя праграмы паступовага нарошчваньня эўрапейскіх войскаў і ўзбраеньняў — гэта праграмы шматгадовага разьвіцьця, адразу такое ня робіцца.

Злучаныя Штаты як ад самога пачатку вайны дзейнічалі, так і цяпер дзейнічаюць. Фізычна яны маглі б даваць значна больш, але з палітычных прычынаў, па-першае, абмяжоўваюць пастаўкі, а па-другое, абмяжоўваюць умовы ўжываньня. Увесь час дыскутуецца пытаньне з дазволам Украіне наносіць удары ракетамі вялікай далёкасьці ўглыб Расеі і гэтак далей.

Эўрапейская частка NATO сёньня — гэта зусім ня тое, што было ў 1980-я гады. Цяпер у іх ужо рэальна засталося вельмі мала зброі. І калі яны нават сапраўды раскруцяць усю сваю вайсковую прамысловасьць, то яна яшчэ ня хутка выйдзе на патрэбныя колькасныя парамэтры.

— Чаму, на вашу думку, ЗША дастаткова асьцярожна паводзяць сябе ў пытаньні дапамогі Ўкраіне? Многія заяўляюць, што ЗША не патрэбна радыкальная параза Расеі з прычыны магчымага ўзмацненьня Кітаю. Ці вы згодныя з такой ацэнкай?

— Самая галоўная задача, агульная для ўсяго NATO і для Злучаных Штатаў — гэта не давесьці вайну да прамога сутыкненьня NATO з Расеяй. Многія на Захадзе і ў Штатах у прыватнасьці па-ранейшаму лічаць, што любая эскаляцыя можа падвысіць рызыку непасрэднага сутыкненьня.

Плюс пры тых ці іншых абставінах магчымае выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі. Зразумела, можна сказаць, што гэта даволі гіпатэтычныя развагі. Але калі гэтыя развагі гучаць у высокіх колах, у тым ліку тых, хто прымае рашэньні, то гэта аказвае свой уплыў.

Наконт таго, што Захад не зацікаўлены ў паразе Расеі. У прынцыпе, гэта так, але да гэтага пакуль вельмі далёка. Каб паўстала пытаньне пра рашучую паразу Расеі, мы павінны гаварыць не аб павялічэньні вайсковай дапамогі Ўкраіне, а ўласна аб уступленьні NATO ў вайну. Калі мы выключаем ядзерную зброю, то чыста па канвэнцыйных узбраеньнях NATO, у першую чаргу Злучаныя Штаты, зразумела, перасягаюць Расею. Але праблема ў тым і ёсьць, што ядзерную зброю цалкам выключыць нельга.

Поўная параза, разгром, дэзынтэграцыя Расеі Злучаным Штатам сапраўды не патрэбныя. Бо ў выніку ўзьніклі б новыя небясьпекі, плюс узмацненьне Кітая. ЗША не жадаюць эскаляцыі, бо гэта можа прывесьці ўвогуле да некіраванага сьвету, улічваючы тое, што Расея ядзерная дзяржава. Нагадаем, што ў апошнія месяцы існаваньня Савецкага Саюзу ЗША не хацелі яго дэзынтэграцыі. Дастаткова ўспомніць выступ прэзыдэнта Буша ў Кіеве ў 1991 годзе, дзе ён пераконваў, каб Украіна не выходзіла са складу СССР.

Але трэба памятаць і тое, што ЗША даволі шмат дапамагаюць Украіне. Усім зразумела, што без заходняй дапамогі ўсё скончылася б даволі хутка.

— Іншы гарачы пункт — Блізкі Ўсход. Усе зараз чакаюць і адначасова асьцерагаюцца, якім можа быць адказ Ізраіля Ірану. Вашынгтон жадае, каб гэты адказ быў не такім жорсткім, каб ён не прывёў Блізкі Ўсход у стан поўнамаштабнай вайны. Ці можа зараз Ізраіль дазволіць сабе сур’ёзную ваенную канфрантацыю з Іранам, улічваючы, што ён ужо ваюе ў Газе з ХАМАСам і на поўдні Лібану з «Хэзбалой»?

— У гэтым выпадку на канфрантацыю пайшоў Іран, мы абмяркоўваем ізраільскі адказ. Заявы, што адказ будзе сур’ёзны, прагучалі ўжо і на палітычным, і на вайсковым узроўнях.

Магчымы адказ Ізраіля можна падзяліць на тры ўзроўні. Першы ўзровень — ядзерныя аб’екты Ірану. Гэта максымальная канфрантацыя, і тэхнічна гэтыя аб’екты складаней за ўсё зьнішчыць, бо іранцы зрабілі для іх абароны адпаведныя захады.

Наступны ўзровень — гэта нафтавая і іншая эканамічная інфраструктура, удар па якой можа нанесьці эканамічную шкоду іранскаму рэжыму.

Трэці ўзровень — чыста вайсковыя цэлі: ракетная база, іншыя вайсковыя аб’екты, выведвальныя штабы ды іншае. Плюс гэтага варыянту ў тым, што Злучанымі Штатамі і сусьветнай супольнасьцю гэта будзе расцэнена як сымэтрычны адказ: яны ўдарылі па нашых вайсковых базах — мы ўдарылі ў адказ. Таксама гэта можа зьменшыць іранскія ракетныя магчымасьці для далейшых удараў па Ізраілю. Праблема ў разьмеркаваньні сілаў і сродкаў.

Паглядзім, што канкрэтна выбера ізраільскі ўрад. Зразумела, ёсьць вельмі моцны ціск Злучаных Штатаў на Ізраіль, патрабаваньне не эскаляваць сытуацыю. У ідэале для ЗША, каб Ізраіль наагул не адказваў Ірану, таму што любая эскаляцыя — гэта рызыка непасрэднага ўцягваньня Злучаных Штатаў у вайну з Іранам. Яны гэтага ня хочуць, ім гэта і раней было ня трэба. Тым больш цяпер, перад выбарамі.

Але не адказаць немагчыма, такія правілы гульні. Якім будзе адказ? Зусім супраць амэрыканскіх жаданьняў ізраільскі ўрад ня можа ісьці. Урэшце, мы залежым ад паставак амэрыканскага ўзбраеньня, таму трошкі манэўраваць можна, але проста ісьці лоб у лоб супраць Вашынгтона непажадана. ЗША могуць перакрыць Ізраілю кран паставак далейшых узбраеньняў, а яны нам спатрэбяцца менавіта таму, што канца вайны ў хуткім часе не прагназуецца.

— Атрымліваецца, што ў руках Ізраіля ледзь ня вынікі лістападаўскіх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША? Бо калі пачнецца сур’ёзная вайна, то гэта рэзка панізіць шанцы прадстаўніцы дэмакратаў Камалы Гарыс і прывядзе да ўлады Дональда Трампа. У сытуацыі, калі ўсё вырашаюць долі працэнтаў, гэта адзін з галоўных чыньнікаў, які можа пахіснуць вынік выбараў у Амэрыцы?

— Гэта адна з прычын, як я сказаў. ЗША і раней не патрэбна была эскаляцыя на Блізкім Усходзе, тым больш не патрэбная зараз, у пэрыяд выбарчай кампаніі. Але калі яе не пазьбегнуць, то, можа, лепш адтэрмінаваць, перанесьці на пэрыяд пасьля выбараў.

Ізраіль усё гэта вымушаны ўлічваць. Гэта адна з прычын, чаму амэрыканская адміністрацыя зараз цісьне на Ізраіль.

— За час расейска-ўкраінскай вайны ўвесь час узьнікае пытаньне аб магчымым уступленьні Беларусі ў вайну. Размовы зноў актывізаваліся пасьля нядаўняга скандальнага выступу аднаго ўкраінскага дэпутата, які заявіў, што трэба вайну пашырыць на тэрыторыю Беларусі. Наколькі гэта магчыма, ці патрэбен Украіне другі фронт?

— Не відаць, каб за словамі гэтага дэпутата стаяла нешта рэальнае. Чыста ў ваенным сэнсе мы бачылі, што нават адкрыцьцё дадатковага кірунку ў Курскай вобласьці асабліва Ўкраіне не дапамагло. Адкрываць яшчэ адзін фронт супраць Беларусі? Па-першае, на гэта патрэбна шмат сіл; па-другое, як гэта будзе выглядаць у палітычным пляне, на міжнародным узроўні?

Урэшце, апошнім часам дапамога Беларусі Расеі ў гэтай вайне далёка ня тая, якой была на пачатку, калі зь яе тэрыторыі заходзілі войскі. Незразумела, як гэта будзе ўспрынята ў сьвеце. І ў чыста ваенным пляне не відаць, чым бы гэта было выгадна Ўкраіне. Занадта шмат сілаў спатрэбіцца выдзеліць на беларускі кірунак, каб дамагчыся там нейкага больш-менш сур’ёзнага выніку. Таму ў чыста ваенным пляне ніякай выгады ад гэтага не праглядаецца. У любым выпадку, апроч словаў канкрэтнага дэпутата, пакуль мы ня бачылі ніякіх рэальных зрухаў у гэтым кірунку з украінскага боку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG