Мэсэнджар Telegram стаў часьцей адказваць на запыты ўладаў пасьля арышту Паўла Дурава ў Францыі. Супрацоўніцтва тэлеграма з францускімі ўладамі прывяло да запытаў зь іншых краін, пераказвае «Медуза» матэрыялы Le Figaro і Libération.
Паводле зьвестак Libération, Telegram ужо адрэагаваў на запыты францускага аддзелу ў справах непаўналетніх і жандармэрыі, падаўшы зьвесткі, якія могуць дапамагчы ідэнтыфікаваць падазраваных у злачынствах супраць дзяцей.
Як піша Le Figaro, краіна-сябра ЭЗ запытала ў Тэлеграма зьвесткі пра групу ў Telegram, празь якую маглі быць арганізаваныя каля ста заказных забойстваў. Гэты запыт быў задаволены. Паўднёвая Карэя, у сваю чаргу, запытала інфармацыю пра распаўсюджваньне «парнаграфічных дыпфэйкаў», што зьяўляецца часткай яе намаганьняў у барацьбе з такім кантэнтам. Адказу на гэты запыт пакуль не было.
Пра больш частыя адказы на запыты паведаміла фэдэральная пракуратура Бэльгіі, гэта адзначылі і ў іншых краінах, піша Le Figaro.
Павал Дураў быў затрыманы 24 жніўня ў парыскім аэрапорце пасьля вяртаньня з Азэрбайджану. Яму прад’явілі абвінавачаньні ў злачынствах, зьвязаных з арганізаванай злачыннасьцю, распаўсюджваньнем наркотыкаў і дзіцячай парнаграфіі, усе яны, як мяркуецца, зьвязаныя з палітыкай мадэрацыі кантэнту ў мэсэнджары Telegram. Пасьля выплаты закладу ў памеры 5 мільёнаў эўра Дурава адпусьцілі пад судовы нагляд у Францыі.
Дураў назваў прэтэнзіі да яго «нечаканасьцю», а саму сытуацыю — «дзіўнай». Ён сьцьвярджае, што Тэлеграм адказваў на запыты праваахоўных органаў, а ў французскіх уладаў «было мноства спосабаў зьвязацца зь ім, каб папрасіць аб дапамозе».
Пры гэтым Дураў заявіў, што паставіў перад сабой задачу ўзмацніць барацьбу са шкоднасным кантэнтам у Тэлеграме. Ён паабяцаў прыняць меры па барацьбе са злачынцамі ў Telegram. «Я паставіў перад сабой асабістую мэту дабіцца таго, каб мы значна палепшылі сытуацыю ў гэтым», — напісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі выкарыстоўваць Telegram у органах дзяржулады, бясьпекі і крытычнай інфраструктуры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дураў апублікаваў першую заяву пасля затрыманьня. Ён лічыць «памылковым» рабіць яго адказным за злачынствы «трэціх асоб»