Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на сябра калегіі адвакатаў Парыжу і Ніцы Ірыну Сідараву.
У парыскай пракуратуры выданьню Liberation раней паведамілі, што забарона на выезд з краіны «суправаджаецца адабраньнем усіх ягоных пашпартоў». Павал Дураў — грамадзянін Расеі, Францыі, ААЭ і невялікай астраўной дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс.
Паводле Сідаравай, судовыя ўлады могуць узяць Дурава пад варту, калі ён паспрабуе пакінуць тэрыторыю Францыі.
Сьледзтва ў ягонай справе, адзначыла яна, можа працягнуцца больш за тры месяцы. Францускі адвакат Дэвід Лібэскінд сказаў інфармацыйнаму агенцтву «РИА Новости», што нагляд можа доўжыцца ўвесь пэрыяд расьсьледаваньня крымінальнай справы, а гэта можа быць тры ці чатыры гады. Пры гэтым, паводле яго, Дураў можа зьвярнуцца да сьледчага з просьбай зьмякчыць умовы нагляду.
Суд прызначыў Паўлу Дураву судовы нагляд, вызваліўшы яго з-пад варты пад заклад у памеры 5 мільёнаў эўра. Liberation у пракуратуры паведамілі, што судовы нагляд не прадугледжвае нашэньня электроннага бранзалета, Дураў можа перасоўвацца па тэрыторыі Францыі пры ўмове выкананьня шэрагу абавязаньняў. У прыватнасьці, Дураў павінен адзначацца ў паліцыі двойчы на тыдзень.
Францускія ўлады абвінавачваюць Паўла Дурава ва ўчыненьні наступных злачынстваў:
- змова з мэтай адміністраваньня онлайн-плятформы для ўчыненьня незаконных угодаў у складзе арганізаванай групы;
- адмова ў прадастаўленьні інфармацыі або дакумэнтаў на запыт упаўнаважаных органаў;
- саўдзел у правапарушэньнях, якія тычацца распаўсюджваньня парнаграфіі зь непаўналетнімі, незаконнага абароту наркотыкаў і махлярства;
- адмываньне сродкаў;
- прадстаўленьне крыптапаслугаў без дэкляраваньня;
- імпарт крыптаінструмэнтаў без дэкляраваньня.
Паведамлялася, што яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сідарава адзначыла, што ніводнае з прад’яўленых Дураву абвінавачаньняў не прадугледжвае больш за 10 гадоў турмы, але і такі тэрмін малаімаверны.
- Дурава затрымалі ўвечары 24 жніўня ў парыскім аэрапорце Лё-Буржэ, куды ён прыляцеў з Азэрбайджану на прыватным самалёце. Расьсьледаваньне ў дачыненьні да яго, паводле зьвестак пракуратуры, распачалі ў лютым 2024 году. Выданьне Politico пісала, што ордэр на арышт Паўла Дурава і ягонага брата Мікалая выдалі ў сакавіку сёлета.
Форум