Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дураў апублікаваў першую заяву пасля затрыманьня. Ён лічыць «памылковым» рабіць яго адказным за злачынствы «трэціх асоб»


Павал Дураў, архіўнае фота
Павал Дураў, архіўнае фота

Раней суд у Парыжы забраў усе пашпарты ў стваральніка мэсэнджара Telegram і мільярдэра Паўла Дурава на пэрыяд сьледзтва.

Заснавальнік Telegram Павел Дураў апублікаваў першую заяву пасьля затрыманьня ў Францыі. Яму выставілі абвінавачаньні паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку ў адмове перадаць інфармацыю або дакумэнты па запыце ўпаўнаважаных органаў.

Па ягоных словах, яго дапытвалі на працягу чатырох дзён. «Мне сказалі, што я магу несьці асабістую адказнасьць за незаконнае выкарыстанне Telegram іншымі людзьмі, таму што францускія ўлады не атрымлівалі адказаў», — напісаў ён.

Дураў лічыць, што яго затрыманьне «дзіўнае зь некалькіх прычынаў». У прыватнасьці, як сказаў ён, Telegram мае свайго афіцыйнага прадстаўніка ў ЭЗ, які адказвае на запыты ЭЗ, а ў францускіх уладаў «было мноства спосабаў зьвязацца» зь ім і папрасіць аб дапамозе.

«Калі краіна не задаволеная якім-небудзь інтэрнэт-сэрвісам, то, згодна з практыкай, яна пачынае судовы працэс супраць самога сэрвісу. Выкарыстоўваць законы дасмартфоннай эпохі для абвінавачаньня генеральнага дырэктара ў злачынствах, учыненых трэцімі асобамі на плятформе, якой ён кіруе, — памылковы падыход. Ствараць тэхналёгіі і так няпроста», — напісаў ён.

Дураў заявіў, што ўсталяваць правільны балянс паміж канфідэнцыйнасцю і бясьпекай няпроста, але яны «заўсёды былі адкрытыя для дыялёгу». Але часам, як адзначыў ён, яны ня могуць дамовіцца з рэгулятарам той ці іншай краіны аб правільным балянсе паміж канфідэнцыйнасьцю і бясьпекай:

«У такіх выпадках мы гатовы пакінуць гэтую краіну. Мы рабілі гэта шмат разоў. Калі Расея запатрабавала ад нас перадаць „ключы шыфраваньня“, каб забясьпечыць магчымасьць сачэньня, мы адмовіліся — і Telegram быў забаронены ў Расеі. Калі Іран запатрабаваў заблякаваць каналы мірных пратэстоўцаў, мы адмовіліся — і Telegram забаранілі ў Іране. Мы гатовы пакінуць рынкі, якія не адпавядаюць нашым прынцыпам, таму што мы робім гэта не дзеля грошай. Намі рухае намер несьці дабро і абараняць асноўныя правы людзей, асабліва там, дзе гэтыя правы парушаюцца».

Telegram штодня выдаляе мільёны шкодных пастоў і каналаў, сцвярджае Дураў.

«Я паставіў перад сабой асабістую мэту дабіцца таго, каб мы значна палепшылі сытуацыю ў гэтых адносінах. Мы ўжо пачалі гэты працэс унутры кампаніі, і вельмі хутка я падзялюся з вамі больш падрабязнай інфармацыяй аб нашым прагрэсе», — адзначыў ён.

Паўла Дурава затрымалі ўвечары 24 жніўня ў парыскім аэрапорце Лё Буржэ, куды ён прыляцеў з Азэрбайджана на прыватным самалёце. Суд прызначыў яму судовы нагляд, адпусьціўшы з-пад варты пад заклад у памеры 5 мільёнаў эўра. Ён ня можа пакідаць тэрыторыю Францыі, суд канфіскаваў у яго ўсе ягоныя пашпарты.

Павал Дураў — грамадзянін Расеі, Францыі, ААЭ і невялікай астраўной дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс.

Cудовыя ўлады могуць узяць Дурава пад варту, калі ён паспрабуе пакінуць тэрыторыю Францыі.

Францускія ўлады абвінавачваюць Паўла Дурава ва ўчыненьні наступных злачынстваў:

  • змова з мэтай адміністраваньня онлайн-плятформы для ўчыненьня незаконных угодаў у складзе арганізаванай групы;
  • адмова ў прадастаўленьні інфармацыі або дакумэнтаў на запыт упаўнаважаных органаў;
  • саўдзел у правапарушэньнях, якія тычацца распаўсюджваньня парнаграфіі зь непаўналетнімі, незаконнага абарачэньня наркотыкаў і махлярства;
  • адмываньне сродкаў;
  • прадстаўленьне крыптапаслуг без дэкляраваньня;
  • імпарт крыптаінструмэнтаў без дэкляраваньня.

Паведамлялася, што яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сідарава адзначыла, што ніводнае з выстаўленых Дураву абвінавачаньняў не прадугледжвае больш за 10 гадоў турмы, але і такі тэрмін малаімаверны.

  • Дурава затрымалі ўвечары 24 жніўня ў парыскім аэрапорце Лё Буржэ, куды ён прыляцеў з Азэрбайджану на прыватным самалёце. Расьсьледаваньне ў дачыненьні да яго, паводле зьвестак пракуратуры, распачалі ў лютым 2024 году. Выданьне Politico пісала, што ордэр на арышт Паўла Дурава і ягонага брата Мікалая выдалі ў сакавіку сёлета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG