Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: Макрон прапаноўваў Дураву перанесьці офіс Telegram у Парыж, але той адмовіўся 


Павел Дураў. архіўнае фота
Павел Дураў. архіўнае фота

Увечары 28 жніўня заканчваецца тэрмін арышту ў Францыі заснавальніка Telegram бізнэсоўца Паўла Дурава.

Яму павінны ці афіцыйна выставіць абвінавачаньні ў крымінальнай справе і выбраць меру стрыманьня ці адпусьціць на волю.

Дурава затрымалі ў ноч на 25 жніўня па прылёце з Азэрбайджана ў Парыж на прыватным самалёце. 26 жніўня пракуратура Парыжа паведаміла аб тым, што яшчэ ў ліпені завяла крымінальную справу ў сувязі зь меркаванымі злачынствамі, учыненымі пры дапамозе плятформы Telegram, Дурава затрымалі ў рамках расьсьледаваньня гэтай справы.

Усяго мова ідзе аб 12 злачынствах, у іх ліку адмова перадаць па запытах праваахоўных органаў інфармацыю, неабходную для правядзеньня расьсьледаваньняў, кібэрзлачынствы, адмываньне грошай і імпарт крыпталягічнай прылады без папярэдняга дэклараваньня.

Выданьне Wall Street Journal у сераду апублікавала са спасылкай на свае крыніцы шэраг падрабязнасьцяў аб узаемаадносінах Дурава, які атрымаў у 2021 годзе грамадзянства Францыі, і французскіх уладаў. У матэрыяле, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што ў 2018 годзе прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон за абедам прапаноўваў Паўлу Дураву перанесці штаб-кватэру Telegram, размешчаную ў ААЭ, у Парыж. Дураў, як паведамляецца, адказаў адмовай. Тым не менш улады Францыі ў 2021 годзе далі яму грамадзянства па спрошчанай працэдуры.

Пры гэтым за год да меркаванай сустрэчы Дурава з Макронам падчас сумеснай апэрацыі спэцслужбы Францыі і ААЭ, як сьцьвярджае выданьне, узламалі мабільны тэлефон Дурава — у сувязі з асьцярогамі адносна таго, што групоўка «Ісламская дзяржава», прызнаная тэрарыстычнай у многіх краінах, выкарыстоўвае Telegram для вярбоўкі прыхільнікаў і падрыхтоўкі тэрактаў.

Таксама, як сьцьвярджаецца са спасылкай на крыніцу, блізкую да Дурава, Telegram доўгі час ігнараваў позвы і пастановы францускіх судоў і праваахоўных органаў адносна выдаленьня незаконнага кантэнту або дапамогі ў расьсьледаваньні злачынстваў. Пры гэтым пасьля затрыманьня Дурава ў Telegram заявілі, што Telegram выконвае законы ЭЗ, у тым ліку ў галіне мадэрацыі кантэнту.

Макрон раней, камэнтуючы арышт заснавальніка Telegram, заявіў, што справа Дурава не зьяўляецца палітычнай. Прадстаўнікі расейскіх уладаў лічаць інакш, абвінавачваючы Францыю ў «падвойных стандартах».


Дураў стварыў мэсанджар Telegram у 2013 годзе. Гэта чацьвёрты па папулярнасьці мэсанджар у сьвеце, колькасць яго актыўных карыстальнікаў ацэньваецца стваральнікам у 950 мільёнаў. Мэсанджар ацэньваецца ў 30 мільярдаў даляраў, багацьце яго стваральніка — у 15 мільярдаў. Дураў мае грамадзства Расеі, Францыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Фэдэрацыі Сэнт-Кітс і Нэвіс.

Дураў з 2014 года не жыве ў Расеі, аднак, як адзначыла на аснове ўцечкі дадзеных аб перасячэньні межаў расейскае выданьне «Важныес истории», з таго часу і да 2021 года ён прыязджаў у краіну больш за 50 разоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG