У чаканьні Гедройця. Нататкі шматразовага ўдзельніка журы

Пераможцы літаратурнай прэміі імя Гедройця за 2023 год: Сяргей Лескець (справа), Ганна Кандрацюк, Сьцяпан Стурэйка. Гданськ, 25 лістапада 2023

Ізноў, як і кожны год, на пачатку восені ажывае цікавасьць публікі да прэміі Гедройця, галоўнай узнагароды ў беларускай літаратуры. Чарговы сэзон пачынаецца з публікацыі поўнага сьпісу кніг-прэтэндэнтак, на чарзе — доўгі і кароткі сьпісы і, нарэшце, абвяшчэньне пераможцы.

Сьцісла:

  • Прэмія Гедройця — галоўны сыстэмны інстытут, створаны беларускай грамадзянскай супольнасьцю.
  • Праўдзівасьць прэміяльнага працэсу робіць яго нязьменна жывым, а таму выклікае неадназначныя рэакцыі, як і кожны рэальны выбар.
  • Сёлетні поўны сьпіс удвая меншы, чым у ранейшыя гады, але ніяк не слабейшы з гледзішча аўтараў і твораў.

Беларускі Букер

Кніжную прэмію імя Ежы Гедройця, ураджэнца Менску і польскага інтэлектуала ў Парыжы, называюць беларускім Нобэлем або Букерам, і гэта слушна. Упершыню яна была ўручаная ў 2012 годзе, і з таго часу штогод нязьменна ўручаецца за найлепшую кнігу беларускай прозы. У 2021 годзе прэмія вымушана пераехала ў Польшчу. Можна падумаць, што гэта лёс, які вызначыла менскай прэміі імя яе патрона — менчука-эмігранта Гедройця. Хоць насамрэч прычына ў зачыстцы культурнай прасторы ў Беларусі, дзе на зьмену гэтай прэміі нічога не зьявілася, а значыць, месца яе нічым іншым не занятае. Палітычны рэжым раздае нейкія падарункі пераважна расейскамоўным літаратарам, падкрэсьлена ляяльным да ўладаў і зусім ніякім што да прыгожага пісьменства.

Так ці інакш, насуперак усім пэртурбацыям часу і палітыкі, прэмія Гедройця застаецца найбуйнейшай сыстэмнай зьявай незалежнай беларускай культуры, якая мае сваё заканадаўства (статут), урад (журы), выбары і неадназначныя рэакцыі публікі, што сьведчыць найперш пра нязьменную цікавасьць да гэтай зьявы, папаўняе сьпіс культурных дасягненьняў краіны, стымулюе аўтараў да творчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў, Янкута, Бахарэвіч, Харэўскі і Скурко. Найлепшыя кнігі 2023 году

Крыху асабістай гісторыі

У сярэдзіне 1990-х я дастаў са сваёй паштовай скрынкі пульхную капэрту, у якой быў польскі часопіс «Kultura», які Ежы Гедройць выдаваў у Парыжы. Якім чынам ён трапіў да мяне, застаецца загадкай, але з гэтага моманту я пачну атрымліваць яго рэгулярна, буду зачытвацца і захапляцца высокага кшталту тэкстамі і патроху пераймаць зусім не вядомую для ўчорашняга савецкага журналіста культуру мысьленьня і тэксту. Урэшце знакаміты рэдактар і перакладчык з варшаўскай «Twórczości» Земавіт Фэдэцкі пазнаёміць мяне завочна з самім рэдактарам «Kultury» Ежы Гедройцем і ў нас пачнецца ліставаньне. А з 1995-га я пачну ў «Kultury» друкаваць свае эсэ, нататкі і гутаркі.

Пра тое, чаму палітычны часопіс называецца «Kultura», я разважаў ад пачатку. З панталыку зьбівала савецкая традыцыя, калі ў прэсе рубрыка «Палітыка» стаяла на першым месцы, а рубрыка «Культура» звычайна дзесьці ў самым канцы. У прынцыпе, гэта і быў сам «рэшткавы» прынцып стаўленьня да культуры, прычым у самым шырокім яе сэнсе. У выніку ў грамадзтве адсутнічаў панятак палітычнай культуры, важны для заходніх краінаў і невядомы ў нас, а ўжо праз гэта не было гаворкі і пра культурную палітыку, калі не лічыць ёю рэглямэнты цэнзуры. Ніхто асабліва не задумваўся, што культура была і ёсьць нашмат шырэйшым паняткам, які ўключае ў сябе ў тым ліку і палітыку. Пра гэта не задумваліся прыблізна так, як ня бралі да ўвагі паліграфію — парыскі часопіс уражваў якасьцю друку, памерам шрыфту і прыемнай навобмацак паперай, што таксама ўваходзіла ў тую якасьць жыцьця, што называецца «культурай».

Сёньняшні менскі рэжым рашуча расправіўся як з палітычнай культурай і з культурнай палітыкай, так і з самой прэсай, прымітывізаваўшы яе да ўзроўню калгаснай насьценгазэты. Уся афіцыйная культура, адукацыя, палітыка зводзяцца да агранкі хлусьні і нянавісьці ў самых беспардонных формах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісаць пачынала па-польску». Размова з Ганнай Кандрацюк, якая атрымала прэмію Гедройця

Конан супраць Чэкмана

Напэўна, упершыню само імя Ежы Гедройця зьявілася ў беларускай прэсе разам са скандалам. 26 студзеня 1996 году знакаміты беларускі інтэлектуал, філёзаф і эстэтык Уладзімер Конан надрукаваў у газэце «Літаратура і мастацтва» вялікі, на паласу, тэкст пад памфлетнай назвай «Француская хвароба ў часопісе пана Гедройца».

«Францускай хваробай» аўтар расшыфраваў беларускую народную назву «пранцы» (сіфіліс). Гедройць тут яўна трапіў пад гарачую руку, бо ўсяго толькі надрукаваў у сваім часопісе маю гутарку з загадчыкам катэдры славянскай філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Валерыем Чэкманам, які і быў аб’ектам «адлупу» Конана. У гутарцы Чэкман расказваў мне пра свае «палявыя» ўражаньні ад беларусаў, якіх ён распытваў у сваіх паездках па Беларусі і Літве ў пачатку 1990-х, і гэта былі ня вельмі добрыя ўражаньні. Асабліва ў параўнаньні беларусаў зь літоўцамі і палякамі, што ніяк не адпавядала ўяўленьням Конана, але цалкам пацьвердзілася вынікамі першых прэзыдэнцкіх выбараў.

Вядома, можна было б супрацьпаставіць гэтым уражаньням цалкам пераканаўчыя аргумэнты, якіх ня ўлічваў Чэкман, і тым самым працягнуць важную размову пра беларусаў, якімі яны выглядаюць з розных ракурсаў. Але Конан, на жаль, ня выйшаў з эмацыйных рамак, што стала яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што ніякай палітычнай культуры ў нас не было.

Прачытаўшы водгук Конана, Гедройць быў настолькі прыгаломшаны дзікай, безь перабольшаньня, рэакцыяй, што, далей ад граху, вырашыў беларускіх адраджэнцаў ніякім чынам не чапаць, і наша супрацоўніцтва спынілася. Так адышоў у гісторыю гэты эпізод негатовасьці да паразуменьня людзей, якія па сутнасьці былі ў падобным інтэлектуальным вымярэньні: Гедройця, якога ня стала ў 2000-м, Чэкмана — у 2004-м і Конана — у 2011-м.

Акурат у канцы 2011-га імя Гедройця загучала ў Беларусі ў зусім іншым кантэксьце. Гэта было трыюмфальнае вяртаньне ў родны Менск у якасьці патрона галоўнай беларускай літаратурнай прэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журы прэміі Гедройця: «Мы трапілі ў яму, якая ўтварылася падчас зачысткі беларускага выдавецкага поля»

Гедройц ці Гедройць

Адразу яго прозьвішча пачалі тыражаваць як «Гедройц». І бо ён паляк, і таму, што апекаваўся прэміяй польскі бок (найперш амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка). А ўрэшце таму, што ў расейскую мову перайшоў польскі варыянт: Giedroyc — Гедройц. Але парадокс у тым, што гэта ня польскае і не расейскае, а беларускае прозьвішча. Можна сказаць, ліцьвінскае, а зусім дакладна — нальшчанскае. Калісьці Адам Мальдзіс пісаў пра гэта ў кнізе «Астравеччына, край дарагі»:

«А прозьвішчы! Божа мой, якія калярытныя, непаўторныя прозьвішчы на Астравеччыне! Ёсьць выразна беларускія... Але больш такіх, што ўзьніклі на скрыжаваньні дзьвюх моў, што не сустракаюцца больш анідзе: Букель, Якель, Шукель... Андралойць, Шляхтойць, Часнойць... Бяру тыя, што бытуюць на Астравеччыне здаўна, прасочваюцца па дакумэнтах з XVІ—XVІІІ стагодзьдзяў».

Беларусам цяжка даецца вяртаньне да ўласна свайго. Хоць насамрэч такая форма прозьвішча распаўсюджаная ў нас даволі шырока і няма патрэбы менчука Гедройця па-беларуску перайначваць на іншаземны лад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды» — сярод намінантаў на прэмію Гедройця

За мяжой

Але вярнуся да прэміі. Нельга сказаць, што пераезд у эміграцыю нейкім чынам яе абяскровіў ці радыкальна зьмяніў. Тут па-ранейшаму прадстаўленыя кнігі, якія выйшлі ў Беларусі і за межамі Беларусі. Галоўнай адметнасьцю засталося тое, што творы мусяць быць напісаныя па-беларуску.

Нельга таксама сказаць, што склад удзельнікаў слабейшы, чым у ранейшыя гады. Я б нават зазначыў, што гэты склад стаў больш канцэнтраваным. Усяго прадстаўлена 14 кніг. У колішнія гады ўдзельніку журы даводзілася прачытваць удвая ці ўтрая болей. Затое сёлета большасьць аўтараў вядомыя чытачу і відавочна не графаманы. Шкада, што не далучыўся да працэсу Альгерд Бахарэвіч, які сваім удзелам і якасьцю твораў яшчэ больш узмацніў бы аўтарытэт прэміі.

Найбольшай заганай прэміі, на маю думку, застаецца брак рэцэнзіяў, шырокага абмеркаваньня твораў, якія прэтэндуюць на ўзнагароду. І сёньня гэта адчуваецца асабліва. Бо чым больш мы гаворым пра кнігі, тым менш дранцьвеем ад кепскіх навінаў, тым больш кіруем сваім лёсам самі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвясьцілі сьпіс намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця – 2024. У ім кніга зь Бібліятэкі Свабоды