Паводле словаў Чарнякевіча, «усім сябрам журы было відавочна», што сёлета кніг-канкурсантаў вельмі мала.
«Мы трапілі ў яму, якая ўтварылася падчас зачысткі беларускага выдавецкага поля», — адзначыў ён.
У цяперашняй прэміі, сказаў ён, удзельнічае «ўсяго паўтара дзясятка кніг», хоць у мінулым іх колькасьць сягала 40–50. Прадстаўнік пісьменьніцкага аб’яднаньня падкрэсьліў, што мінулы год быў «вельмі складаны для ўсёй літаратуры», і сьпіс канкурсантаў «адлюстраваў усё, што адбывалася зь ёю».
«Мы глядзелі на сьпіс і бачылі, што нарабілася ў той год, які мы аналізуем як экспэрты. Гэта быў даволі трагічны год, але добра, што прэмія захавалася. Гэты год ужо будзе значна лепшы, павесялела справа з кнігавыдавецтвам», — адзначыў Чарнякевіч.
Паводле яго слоў, прэмія — «вялікая справа для камунікацыі літаратараў», а таксама «арыенцір для чытачоў», яна дапамагае «адфільтроўваць лепшыя кнігі году, робіць іх больш прыкметнымі».
Прэмію Гедройця ўручаць 25 лістапада ў Гданьску (21:00 па менскім часе), паведаміла старшыня Беларускага ПЭНа Тацяна Нядбай.
Паводле яе слоў, было вырашана «не трымацца за Варшаву, а прыяжджаць туды, дзе ёсьць беларусы».
«Тым больш калі яны зацікаўленыя ў тым, каб нас прыняць», — сказала яна.
«Робім ня толькі прэмію, а цэлы Дзень літаратуры: плянуецца кніжны кірмаш з удзелам беларускіх незалежных выдавецтваў. Акрамя ўручэньня прэміі, плянуюцца яшчэ дзьве падзеі. Гэта прэзэнтацыя кнігі [палітвязьня, старшыні праваабарончага цэнтру „Вясна“, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году] Алеся Бяляцкага і размова зь Евай Вежнавец (пераможца прэміі Гедройця 2021 году, сапраўднае імя — Сьвятлана Курс)», — дадала Нядбай.
За першае месца на конкурсе прадугледжана грашовая ўзнагарода, якую спансуе польскі бок, за другое — творчая стыпэндыя на швэдзкім востраве Готлянд, трэцяе — магчымасьць выдаць кнігу.
Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца за лепшую кнігу прозы на беларускай мове.
Прэмію заснавалі пасольства Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў (апошнія дзьве арганізацыі ліквідаваныя ў Беларусі і адроджаныя за яе межамі).
На хвалі рэпрэсій пасьля 2020 году беларускія ўлады ліквідавалі ўсе асноўныя незалежныя выдавецтвы, якія выпускалі сучасную беларускую літаратуру. Некаторыя выдаўцы вымушана эмігравалі і працягнулі сваю справу за мяжой.