Журы Прэміі Ежы Гедройця 7 жніўня апублікавала поўны сьпіс кніг, намінаваных на найбуйнейшую незалежную літаратурную прэмію Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове, паведамляе Беларускі ПЭН. У сьпіс трапіла адна з кніг «Бібліятэкі Свабоды».
Сёлета за ўзнагароду змагаюцца 14 твораў:
- «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым» — Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023;
- «Пастэга» — Яўген Аснарэўскі, выдавецтва «Выдавецкія рашэнні», 2023;
- «Джа: Легенда аб забраным сэрцы» — Эліяш Барт, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023;
- «Забіць упалмінзага» — Зьміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022;
- «Я танцую» — Віка Біран, выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023;
- «Гарэзьлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023;
- «На прызбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023;
- «Жамяра: жаночыя гісторыі» — Алена Вешторт, выдавецтва «Альфа-кніга», 2023;
- «Вольнеры. Прадвесьце» — Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023;
- «Хлопчык Томчык = Tomčyk the Boy» — Сяргей Календа, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023;
- «Круглая Square: Іранічны жыцьцяпіс чалавека і імпэрыі» — Вал Клемэнт, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023;
- «Камень Вавілонскай вежы» — Уладзімер Мароз, выдавецтва «Зміцер Колас», 2023;
- «Сьлюнькоў. Палітычная біяграфія» — Дзяніс Марціновіч, выдавецтва «Янушкевіч», 2023;
- «Час пустазеьлля» — Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Найбольш кніг у сёлетнім поўным сьпісе мае выдавецтва «Янушкевіч» — чатыры. На другім месцы выдавецтва «Gutenberg Publisher» з трыма кнігамі.
У складзе журы сёлета:
- літаратуразнаўца, доктарка філялягічных навук Ульляна Верына;
- беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта Катажына Дрозд-Урбаньска;
- кандыдатка філялягічных навук, пісьменьніца і перакладчыца Вера Жыбуль;
- літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў;
- пісьменьніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.
Прэтэндаваць на сёлетнюю прэмію могуць арыгінальныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакумэнтальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 сьнежня 2023 году, а таксама тыя, што з абгрунтаваных прычын не змаглі ўдзельнічаць у папярэднім сэзоне прэміі.
- Прэмія Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску ўручаецца з 2012 году, на сёньняшні дзень гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Патрон прэміі — Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і пасьлядоўны прыхільнік добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай.
- Пераможцы апошніх трох гадоў — Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?» (2021), Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая» (2022) і Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысьценках старога лесу. Гісторыі людзей зь Белавескай пушчы» (2023).
- Кніга Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага» (.pdf) — 89-е выданьне «Бібліятэкі Свабоды». Яно адкрывае невядомую вайну супраць савецкай улады ў Беларусі — паўстаньні, байкоты, супраціў, які адбываўся ў паваенныя гады. Гэтую тайну нездарма хавалі як дзяржаўную — бо Беларусь была ня толькі партызанскай краінай, але і антысавецкай. Пабудаваная на дакумэнтах сэнсацыя Зьмітра Бартосіка завяршае трылёгію ягоных «Падарожжаў Свабоды» — паездак па невядомай эўрапейскай краіне і размоваў па-беларуску зь яе таямнічымі насельнікамі.
Форум