Рэжым Лукашэнкі абраў даволі няўдалы час, каб займацца ваеннымі правакацыямі супраць Украіны: групаваць войскі каля беларуска-ўкраінскай мяжы, мабілізоўваць рэзэрвістаў на вучэньні, агучваць непачцівыя публічныя заявы ад імя свайго МЗС на адрас Кіева.
Вось ужо дваццаць дзён, як украінскія ўзброеныя сілы пасьпяхова вядуць наступ па расейскай Курскай вобласьці і кантралююць палову аднаго з раёнаў, дзе нават ствараюць часовую адміністрацыю. Дзёрзкі і нечаканы курскі наступ украінцаў моцна пашкодзіў іміджу пуцінскага войска і самога Пуціна зь ягонымі пагрозамі й «чырвонымі лініямі», хоць пакуль і не спыніў расейскага наступу на ўсходзе Ўкраіны.
Калі б такая наземная апэрацыя адбывалася на тэрыторыі Беларусі, наступствы маглі б быць нашмат больш сур’ёзныя.
Па-першае, баяздольнасьць лукашэнкаўскага войска, няхай і ўзмоцненага былымі расейскімі «вагнэраўцамі», апынулася пад вялікім сумневам — нават на тле войскаў расейскіх. Расейцы ўмеюць ваяваць супраць Украіны толькі ў звыклай па Другой сусьветнай вайне жахлівай канібальскай манеры, закідаючы праціўніка трупамі, зьнішчаючы гарады і спальваючы неабмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы. Лукашэнка сабе гэтага дазволіць ня зможа пры ўсім жаданьні.
Па-другое, вызваленьне хаця б лапіка беларускай тэрыторыі ад лукашэнкаўцаў магло б распачаць непрадказальныя падзеі ў астатняй Беларусі.
Лукашэнка непапулярны, і ўзровень ягонай падтрымкі наўрад ці вырас з 2020 году, калі людзі тысячамі выходзілі супраць яго па ўсёй краіне. Гэты патэнцыял нікуды не падзеўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адбываецца ўзмацненьне беларускіх вайсковых сілаў на мяжы з Украінай? Аналіз СвабодыВа ўспамінах сучасьнікаў пра 1918–1920 гады часам сустракаецца думка: пазыцыя заходніх краінаў адносна Беларусі і БНР магла б быць зусім іншай, калі б пад кантролем беларускіх сілаў у той час быў хоць бы маленькі кавалак тэрыторыі. І вось уявім сабе, што такі кавалак тэрыторыі зьявіўся.
Расейскія апазыцыянэры за невялікімі выключэньнямі не разглядаюць вызваленыя ўкраінцамі некалькі дзясяткаў курскіх вёсак як пляцдарм для далейшага вызваленьня астатняй Расеі — ды ён такім быць наўрад ці і можа.
Калі б такая тэрыторыя была вызваленая ў Беларусі, гэта была б зусім іншая справа. У адрозьненьне ад Пуціна, Лукашэнку ў сьвеце звыклі не разглядаць у якасьці законнага прэзыдэнта. Як, зрэшты, і большая частка беларусаў яго цярпіць як дадзенасьць, якую пакуль што немагчыма зьмяніць — а зьмяніць хацелася б.
Таму ўявім сабе, што ўкраінцы дазволілі стварыць на вызваленых тэрыторыях адміністрацыю пад эгідай Ціханоўскай і палку Каліноўскага. Асабліва напярэдадні «прэзыдэнцкіх выбараў» у Беларусі. Гэта патэнцыйна выклікала б вялікія хвалі ва ўсім беларускім грамадзтве і ва ўсіх лукашэнкаўскіх узброеных структурах. Гэта памяняла б статус палку Каліноўскага з аб’яднаньня беларускіх вайскоўцаў у шэрагах УСУ на статус саюзнага Ўкраіне войска, а Ціханоўская і АПК маглі б вярнуцца на вызваленую тэрыторыю ў якасьці законнай часовай улады — і ад гэтай тэрыторыі пачаць вызваленьне Беларусі, абапіраючыся на ачагі супраціву ў лукашэнкаўскім тыле. Ёсьць высокая верагоднасьць таго, што такія ачагі пачалі б масава стварацца па меры таго, як сыстэма пачала б сыпацца.
Ці былі б у Пуціна сілы на тое, каб ратаваць лукашэнкаўскі рэжым у такой сытуацыі — вялікае пытаньне.
Тым часам Лукашэнка і ягоныя памагатыя працягваюць свае правакацыйныя практыкаваньні і пагрозы на адрас Украіны. Але горш ад гэтага можа быць толькі ім самім.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія рэзэрвы Пуціна. Ці абыдуцца пад Курскам бяз войскаў Лукашэнкі? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На фоне закліку Кіева адвесьці войскі ад мяжы ў Гомельскай вобласьці пачаўся новы этап праверкі тэраабароны