Паводле інфармацыі ведамства, вучэньні праводзяцца пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўленьня тэрытарыяльнай абароны – намесьніка начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл. 24 чэрвеня на гэтую пасаду быў прызначаны Андрэй Краўчанка, які раней быў першым намесьнікам начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу.
У ходзе праверкі плянуецца ацаніць «узровень падрыхтоўкі» абласной тэраабароны, а таксама вызначыць «эфэктыўнасьць работы службовых асоб» райвыканкамаў і вайсковых камісарыятаў рэгіёну ў пытаньнях «фармаваньня тэрытарыяльных войскаў і прымяненьня сіл тэрытарыяльнай абароны».
25 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала Менск «не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы» і «адвесьці войскі ад дзяржаўнай мяжы».
«Перасьцерагаем, што ў выпадку парушэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны з боку Беларусі наша дзяржава прыме ўсе неабходныя меры ў парадку рэалізацыі гарантаванага Статутам ААН права на самаабарону. Пры гэтым усе зборы войскаў, вайсковыя аб’екты і шляхі забесьпячэньня на тэрыторыі Беларусі будуць законнымі цэлямі для Ўзброеных сіл Украіны», — паведаміла ўкраінскае замежнапалітычнае ведамства.
У інтэрвію тэлеканалу «Россия» ў сярэдзіне жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўкраіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тысяч салдатаў.
«Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і разьмясьцілі ў пэўных пунктах — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б — нашых вайскоўцаў», — сказаў ён.
Паводле сьцьвярджэньня Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расейскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта праз асьцярогі, што яны нападуць з Гомельскай вобласьці, як у лютым 2022 году.
У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго, перакінуў да ўкраінскай мяжы «амаль трэць арміі» ў дадатак да пастаяннага кантынгенту, пасля высьвятленьня сытуацыі па каналах спецслужбаў дадатковыя сілы былі адведзеныя абодвума бакамі.
У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Ўкраіну ў актывізацыі выведвальнай дзейнасьці, перамяшчэньні да мяжы баявых падраздзяленьняў. Менск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі ў адрас Кіева.
У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслякацыі, паколькі вайскоўцы справіліся з сытуацыяй «дыпляматычнай мовай».
Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, бо, як сьцьвярджалася, ўкраінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.
Форум