Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ISW пра становішча на беларуска-ўкраінскай мяжы: Лукашэнку нявыгаднае ўварваньне


На беларуска-ўкраінскай мяжы, архіўнае фота
На беларуска-ўкраінскай мяжы, архіўнае фота

Беларусь, падобна, хоча адцягнуць украінскія сілы, і ўварваньне беларускіх сіл ва Ўкраіну малаімавернае, лічаць аналітыкі Амэрыканскага інстытуту вывучэньня вайны (ISW).

«Цяперашняе нарошчваньне беларускіх сіл уздоўж украінскай мяжы, падобна, прызначана для таго, каб адцягнуць увагу і расьцягнуць украінскія сілы ўздоўж больш шырокага фронту, паколькі, паводле ацэнак ISW, беларускія сілы, як і раней, з малой імавернасьцю ўварвуцца ва Ўкраіну, усё праз абмежаваньні, якія стаяць перад Аляксандрам Лукашэнкам». — гаворыцца ў паведамленьні Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).

ISW мяркуе, што ўварваньне Беларусі можа аслабіць рэжым Лукашэнкі. Аналітыкі адзначаюць, што з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў лютым 2025 году Лукашэнка, пэўна, захоча захаваць кантроль над грамадзкімі настроямі і ўплываць на сваіх вайскоўцаў, каб задушыць любыя пратэсты вакол выбараў, як ён зрабіў гэта ў канцы 2020 году.

«Страта баяздольнасьці беларускімі вайскоўцамі, якая можа паўстаць у выніку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, зьнізіць здольнасьць Лукашэнкі душыць будучыя пратэсты. Магчыма, Лукашэнка таксама хоча ня ўцягвацца ў вайну Расеі з Украінай, каб пазьбегнуць унутрыпалітычных стратаў. Магчымая беларуская мабілізацыя, якая прывядзе да стратаў на полі бою, далейшай міжнароднай ізаляцыі Беларусі і нэгатыўных эканамічных наступстваў, хутчэй за ўсё, павялічыць грамадзкую незадаволенасьць і падарве намаганьні Лукашэнкі аднавіць стабільнасьць свайго рэжыму з 2020 году», — гаворыцца ў аналізе ISW.

Украіна ня бачыць прыкмет руху Беларусі каля мяжы, але пагроза застаецца

Як паведамляе Reuters, прэсавы сакратар памежных войскаў Ўкраіны 27 жніўня чарговы раз заявіў, што Ўкраіна не фіксуе перасоўваньня беларускай тэхнікі, пэрсаналу паблізу украінскай мяжы.

Як паведаміў 27 жніўня Reuters, Украіна ня бачыла ніякіх прыкмет перамяшчэньня беларускага пэрсаналу і абсталяваньня каля сваёй мяжы, але ўсьведамляе агульную пагрозу, заявіў у аўторак прэс-сакратар украінскай памежнай службы Андрэй Дземчанка.

«Мы не фіксуем перамяшчэння тэхнікі і асабістага складу ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы, але гэты кірунак у цэлым застаецца для нас пагрозай», — сказаў Дземчанка ў эфіры ўкраінскага тэлебачаньня.

Ягоная заява прагучала праз два дні пасьля таго, як міністэрства замежных справаў Украіны заклікала Беларусь адцягнуць, як яно назвала, значную колькасьць беларускіх сілаў і тэхнікі, разгорнутых ля супольнай мяжы.

Свабода правяла сваю ўласную ацэнку колькасьці беларускіх вайскоўцаў на мяжы з Украінай з дапамогай спадарожнікавых здымкаў. Мы не пабачылі значнага павелічэньня колькасьці асабовага складу і тэхнікі на прымежных тэрыторыях, якое магло б казаць пра падрыхтоўку наступу ці несьці пагрозу Ўзброеным сілам Украіны.

З другога боку, адбылося невялікае нарошчваньне прысутнасьці беларускіх Сілаў спэцыяльных апэрацый. Яны разьмешчаныя невялікімі замаскаванымі групамі ў асноўным у лясных масівах. Таксама было перакінута некалькі сыстэм залпавага агню «Палянэз», далёкасьць стральбы якіх можа складаць да 300 кілямэтраў.

18 жніўня Лукашэнка заявіў, што Беларусь перакінула да мяжы з Украінай амаль траціну свайго войска. На такі крок «давялося пайсьці», бо Кіеў нібыта «трымае каля межаў зь Беларусьсю больш за 120 тысяч вайскоўцаў», а таксама, паводле Лукашэнкі, перакінуў да мяжы дадатковыя сілы.

25 жніўня МЗС Украіны паведаміла пра актывізацыю беларускага войска каля ўкраінскай мяжы. Аднак неўзабаве, 26 жніўня Дзяржаўны памежны камітэт Украіны адзначыў, што не заўважае ніякай падазронай актыўнасьці на мяжы, няма «ні перамяшчэньня тэхнікі, ні перасоўваньня асабістага складу». Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны ў той жа дзень адзначыла, што «паўнавартасны наступ з тэрыторыі Беларусі немагчымы».

На Гомельшчыне, непадалёк мяжы з Украінай, стартавала чарговая праверка аддзелаў тэрытарыяльнай абароны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG